Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ АДКРЫЛАСЯ БЮРО РЭГІСТРАЦЫІ НЯШЧАСНЫХ ВЫПАДКАЎ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

У менскай міліцыі кажуць, што цяпер тым, чые сваякі ці знаёмыя своечасова не прыйшлі дадому, неабавязкова самім тэлефанаваць ва ўсе гарадзкія шпіталі, моргі й міліцэйскія пастарункі. Зьвесткі пра людзей, якія аказаліся ў гэтых установах, будуць зьбірацца ў адмысловым Бюро рэгістрацыі няшчасных выпадкаў, якое бясплатна забясьпечыць ўсіх патрэбнай інфармацыяй.

Бюро пачало працаваць 6 траўня. Ягоны тэлефон — 229-46-12, званіць можна кругласутачна. Дыспэчарка Ніна Шчурок патлумачыла мне спэцыфіку бюро, у якім яна працуе. Гэтая арганізацыя не падмяняе міліцэйскіх органаў, якія вядуць пошукі зьніклых людзей, але зьбірае ўсю інфармацыю пра пацярпелых ад няшчасных выпадкаў, здарэньняў на дарогах і падчас іншых аварыяў. Зьвесткі прыходзяць зь міліцыі, мэдычных ды іншых установаў, якія адказваюць за людзей. У сьвяточныя дні, безумоўна, найбольш клопатаў супрацоўнікам бюро даюць тыя, хто загуляў на сьвятах і своечасова не вярнуўся дадому.

(Апэратар бюро: ) “Цяпер падчас сьвятаў многа губляецца людзей сталага веку. Потым іх знаходзяць — каго ў шпіталі, дрэнна чалавеку стала… Большасьць знаходзяць жывых”.

(Карэспандэнт: ) “Чаму губляюцца людзі, што зь імі здараецца?”

(Апэратар бюро: ) “Мяркую, вы ведаеце, што многія людзі вядуць ня вельмі разумны лад жыцьця... Старыя людзі не разьлічваюць свае сілы, асабліва мужчыны. Карацей, за старымі людзьмі патрэбны дагляд”.

(Карэспандэнт: ) “Відаць, падчас сьвятаў будуць губляцца і дзеці?”

(Апэратар бюро: ) “Так, падлеткаў вельмі шмат зьнікла ўжо за мінулы дзень. Шукаем іх — каго ужо знайшлі, каго яшчэ не. Вельмі падлеткі несур’ёзна ставяцца да сваіх родных, не зважаюць на іхныя пачуцьці. Могуць зьнікнуць на дзень, на другі, а потым зьявіцца, быццам так і трэба”.

Апэратар бюро Ніна Шчурок паведаміла, што за дзень яны мелі ўжо больш за 60 зваротаў па дапамогу ў пошуку сваякоў. Зараз на тэлефонах бюро дзяжураць тры апэратары, але плянуецца, што колькасьць апэратараў неўзабаве павялічыцца. Паводле плянаў Міністэрства ўнутраных справаў, да канца году падобныя бюро могуць адкрыцца і ў абласных цэнтрах краіны, калі экспэрымэнт зь менскім бюро прызнаюць удалым.

Нагадаю, у Беларусі больш як 2000 чалавек штогод залічваюць да зьніклых. Дагэтуль на міліцыю было шмат нараканьняў ад сваякоў гэтых людзей за тое, што немагчыма своечасова атрымаць пра іх інфармацыю. Міліцэйскае кіраўніцтва сьцьвярджае, што цяпер праблема будзе вырашацца згодна зь міжнароднымі стандартамі. Што ж да непасрэдна пошукаў зьніклых людзей, то тут значных посьпехаў няма, што прызнаюць і самі міліцыянты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG