Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДА 15 ТРАЎНЯ БОЛЬШАСЬЦЬ ПРАДПРЫЕМСТВАЎ БЕЛАРУСІ ПАЙШЛІ НА ВАКАЦЫІ


Міхал Стэльмак, Менск

Сёньня ў Беларусі амаль на тыдзень спыняюць працу многія фабрыкі й заводы — сярод іх Менскі завод аўтаматычных лініяў. Вось што распавёў нашаму радыё старшыня Свабоднага прафсаюзу гэтага прадпрыемства Міхаіл Вотчыц:

(Вотчыц: ) “Шэсьць дзён, з 9 па 15 траўня, гуляць будзем”.

(Карэспандэнт: ) “Якая галоўная праблема зараз на вашым прадпрыемстве?”

(Вотчыц: ) “Праблемаў шмат. За энэргію ня плацім, ёсьць запазычанасьць у бюджэт, фонд сацыяльнага страхаваньня. На заробак бярэм крэдыт, і наагул каторы год мы жывем у крэдыт. Няма ні станка новага, нічога няма. Каторы год не атрымліваем авансу”.

Як паведаміў Міхаіл Вотчыц, днямі рабочыя заводу аўтаматычных лініяў атрымалі заробак. У траўні адміністрацыя разьлічылася з працоўным калектывам толькі за сакавік. Прынамсі, парушэньні графіку выплаты заробкаў, як высьвятляецца, ня самая вялікая бяда — некаторыя прадпрыемствы плянуюць масавыя скарачэньні, якія палохаюць рабочых значна больш. Ёсьць, прыкладам, такая пагроза ў Стоўпцах на маторным заводзе, які сёньня таксама абвесьціў вытворчыя вакацыі да 15 траўня.

Вось што паведаміла нашаму радыё лідэрка Свабоднага прафсаюзу гэтага прадпрыемства Ларыса Жучко:

(Жучко: ) “Гэта, пэўна, будзе ўжо трэцяя хваля скарачэньняў. Бо нас нядаўна зноў зрабілі філіялам Менскага маторнага заводу. І ўсе кадравыя пытаньні, пытаньні аплаты працы вырашаюцца там, у Менску. Скарачаюць і інжынэрна-тэхнічных работнікаў, і рабочых. Першы раз, напрыклад, скарацілі каля 80 рабочых. Потым была другая хваля. І вось зараз яшчэ абвесьцілі новыя скарачэньні. Людзі напалоханыя — кожны баіцца за сваё працоўнае месца”.

Паводле спадарыні Жучко, завод даўно працуе зь перабоямі з прычыны нерытмічных паставак на завод мэталу. Па-другое, зьніжаецца попыт спажыўцоў на стаўпцоўскую прадукцыю, што таксама дэстабілізуе вытворчы працэс. На думку экспэртаў, цяперашнія працэсы ў рэальным сэктары эканомікі сталі наступствам ігнараваньня рэформаў.

Вось што, напрыклад, зазначыў на гэты конт кіраўнік эканамічнай службы Беларускай навукова-прамысловай асацыяцыі Юры Шманенка:

(Шманенка: ) “У нас практычна структура прамысловасьці да сучасных умоваў не перабудаваная. Засталіся і старыя формы кіраваньня. Гэта ўсё і адбіваецца на паказчыках вытворчасьці. Апроч таго, на беларускіх прадпрыемствах высокая ступень энэргаёмістасьці ды матэрыялаёмістасьці вытворчасьці. Як вядома, прэзыдэнт паставіў задачу зьнізіць сабекошт прадукцыі на 20-25%. Я разумею гэтае жаданьне, але яно нерэальнае”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG