Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІЯ ВАЛАНЦЁРЫ ПРЫБРАЛІСЯ Ў КУРАПАТАХ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Сёньня ў Курапаты прыехаў аўтобус зь нямецкімі турыстамі. Яны ўжо наведалі Хатынь, Дальву й Трасьцянец. Такую праграму для хлопцаў, што праходзяць альтэрнатыўную службу, падрыхтаваў кіраўнік іхнай групы Вольф Юнк, які ўжо даўно наведвае Беларусь і вельмі шчыльна працуе з фондам “Дзецям Чарнобылю” Генадзя Грушавога.

Сёньня маладым немцам паказалі магілы ахвяраў камуністычнага тэрору ды распавялі гісторыю тых рэпрэсіяў. Яны былі вельмі ўражаныя тым, што пачулі й пабачылі. Гаворыць Маркус Пуршкэ:

(Пуршкэ: ) “На жаль, маім першым уражаньнем было тое, што гісторыя беларускага народу настолькі фатальная, што народ дагэтуль ня можа даць гэтаму ўсяму рады. І тое гора, тая барацьба, якую ён цяпер перажывае, каб вярнуць сваю праўдзівую гісторыю, гэта прыносіць, на маю думку, столькі жа пакутаў, як і самі тыя жахлівыя падзеі вялікага тэрору”.

Многія маладыя немцы вельмі высока ацанілі тое, што іхныя беларускія раўналеткі бароняць мэмарыял ад разбурэньня. Гаворыць Даніэль Шольц:

(Шольц: ) “Натуральна, вельмі цяжкае ўражаньне пакінула гэта ўсё, асабліва алея крыжоў. І з боку гэтых хлопцаў, што бароняць Курапаты, гэта вельмі адважны чын”.

Нямецкія хлопцы зрабілі ў Курапатах шмат фотаздымкаў і абяцалі распавесьці пра чын маладых беларусаў сваім сябрам і знаёмым, а таксама нямецкім мэдыям. Немцы прывезьлі абаронцам Курапатаў харчы і разам з валанцёрамі прыбіралі тэрыторыю мэмарыялу.

Кіраўнік групы Вольф Юнк быў вельмі задаволены, што ягоным хлопцам сталі больш блізкія праблемы Беларусі, бо менавіта на гэта й разьлічаная замежная праграма для прадстаўнікоў нямецкай альтэрнатыўнай службы.

Тым часам, сёньня ноччу ў Курапатах было пяць чалавек, і старшы ў лягеры Яўген Скочка гаворыць, што ноч прайшла спакойна. Актыўнасьць выяўлялі толькі міліцэйскія патрулі, якія некалькі разоў прыяжджалі ў Курапаты і сачылі за парадкам ва ўрочышчы.

Валанцёры вельмі клапоцяцца пра стан здароўя свайго сябра Алеся Поклада, які атрымаў у Курапатах апёкі й знаходзіцца ў менскім шпіталі хуткай дапамогі. Сёньня да спадара Поклада хадзіў валанцёр Васіль Парфянкоў, які здаў для яго кроў:

(Парфянкоў: ) “Я ўжо даўно зьбіраўся. Хацеў пайсьці ў панядзелак, але не атрымалася, вырашыў сёньня схадзіць. Здаў кроў, хацеў да яго падняцца. Мяне да яго не пусьцілі, а тыя 20 000 рублёў, што мне заплацілі за здачу крыві, я аддаў маці Алеся, якая ўвесь час каля яго знаходзіцца. Стан ягонага здароўя па-ранейшаму цяжкі”.

Сям’і Алеся Поклада аказвае дапамогу й фонд “Дзецям Чарнобылю”.

Стан здароўя Алеся Поклада па-ранейшаму застаецца цяжкім. Яму робяць апэрацыі па выдаленьні зьмярцьвелых тканак скуры. Покладу таксама патрэбная донарская кроў, якую можа здаць кожны ў панядзелак, сераду й чацьвер з паловы на дзявятую да паловы на дванаццатую раніцы ў менскім шпіталі хуткай дапамогі.
XS
SM
MD
LG