Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯК СУСТРАКАЛІ ПЕРАМОГУ Ў ЛЯГЕРАХ?


Казімер Яноўскі, Гомель

Івана Нячаева арыштавалі ў лістападзе 1943 году. Ён прыйшоў у гаркам камсамолу, ды так і ня выйшаў адтуль. Неўзабаве пасьля таго трыбунал войскаў НКВД Гомельскай вобласьці асудзіў Нячаева да 20 гадоў катаргі за здраду радзіме.

У войска Івана не ўзялі з прычыны пашкоджанай левай рукі. У акупаваным Гомелі на нямецкай біржы працы ён быў пісарам, акурат перад вайной скончыў дзесяцігодку. Спадар Нячаеў распавядаў, што ў лес да партызанаў ён не хадзіў, але дапамагаў хлопцам, што былі зьвязаныя з падпольлем, атрымліваць дакумэнты пра тое, што яны нібыта працаўладкаваныя. За гэта трапіў пад падазрэньне гестапа і нават незадоўга да вызваленьня гораду сядзеў у гестапаўскай турме.

Распавядае 81-гадовы Іван Нячаеў:

(Нячаеў: ) “А потым нашы ўжо: ага, ты жывы, цябе немцы не расстралялі. Вораг! Дабівай яго! Сьмешна зараз, калі нас саджалі ў турму за здраду Радзіме. Мы ж з Радзімы нікуды не дзяваліся, мы былі тут”.

У далёкай Варкуце, у лягерным бараку, у ноч з 8 на 9 траўня 1945 году Іван Нячаеў і сустрэў вестку пра перамогу:

(Нячаеў: ) “Ужо пад ранак, мы яшчэ спалі ўсе, адчыніліся дзьверы — і з крыкам уварваліся ахоўнікі, начальнік лягера. “Уставайце ўсе! Перамога! Перамога!” Мы паўскоквалі з нараў, праціраем вочы: што такое? Перамога! Мы атрымалі перамогу над фашыстоўскай Нямеччынай. Было радасьці шмат. Мы радаваліся, чакалі, што, можа, і нам будзе нейкая палёгка. Але ж не было”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі Дзён Перамогі вы сустрэлі ў лягеры?”

(Нячаеў: ) “Восем! Восем гадоў у лягеры я адзначаў тую перамогу”.

(Карэспандэнт: ) “А чым небудзь адрозьніваліся гэтыя дні ад звычайных лягерных будняў?”

(Нячаеў: ) “Я зараз ня памятаю, мабыць, не”.

(Карэспандэнт: ) “Можа, нейкі сьвяточны абед быў у лягеры?”

(Нячаеў: ) “Я не хачу, як кажуць, брахаць – ня памятаю. Калі б што было, то запомніў бы”.

(Карэспандэнт: ) “Чым вас наагул кармілі?”

(Нячаеў: ) “Усякім! Быў напачатку суп “блакітная ноч”. Што гэта такое? На кацёл вады пяць штук турнэпсін з бацьвіньнем, трохі солі…”

(Карэспандэнт: ) “Як вы зараз ставіцеся да Дня Перамогі?”

(Нячаеў: ) “Спытайце што-небудзь лягчэйшае. Якая перамога! Немцы жывуць лепей за нас. Мы — пераможцы, а апынуліся ў такім становішчы”.

Усяго Іван Нячаеў правёў у лягеры 10 гадоў. Тэрмін пакараньня яму скасавалі напачатку напалову, а ў 1966 годзе вайсковая калегія Вярхоўнага Суду СССР рэабілітавала Нячаева з прычыны “адсутнасьці складу злачынства”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG