Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У МЕНСКУ ЎПЕРШЫНЮ РАЗАМ ВЫСТУПАЮЦЬ БЕЛАРУСКІ “NRM” І ПОЛЬСКІ ГУРТ “ZERO-85”


Галіна Абакунчык, Менск

Беларускамоўны беластоцкі гурт “ZERO-85” упершыню спрабаваў прыехаць у Беларусь яшчэ падчас выбарчай кампаніі, каб супольна з “NRM” выступіць напярэдадні галасаваньня. Тады ў польскіх беларусаў узьніклі праблемы зь пераездам празь мяжу. Сёньняшні выхад на сцэну разам зь Лявонам Вольскім вакаліст гурту Юрка Асеньнік назваў асаблівым гонарам. Гаворыць Юрка Асеньнік:

(Асеньнік: ) “Мы зьбіраліся прыехаць і раней, але ніколі не атрымлівалася. Гэта ня так проста – праехаць празь мяжу. І цікава было прыехаць не ў дзяржаву-маці, а таму, што тут сябры і ёсьць што рабіць”.

Прафэсійнымі й папулярнымі музыкаў з Польшчы назваў і Лявон Вольскі. Акрамя некалькіх песьняў з новага альбому, прэзэнтацыю якога “NRM” прымеркаваў на гэтую восень, падчас сёньняшняга канцэрту лідэр гурту ўрачыста адкрые фан-клюб “NRM”. Гаворыць Лявон Вольскі:

(Вольскі: ) “Фан-клюб месьціцца ў Горадні. Яны імкнуцца стварыць сур’ёзную арганізацыю: не агалцелых фанатаў, а сур’ёзных людзей, якія зацікаўленыя ў папулярызацыі й разьвіцьці беларускай рок-музыкі. Варта было б ушанаваць такую арганізацыю і зрабіць урачыстае адкрыцьцё. Гэта ня зойме шмат часу, бо гэта ўсё ж канцэрт. Будзем уручаць некаторыя рарытэты й атрыбутыку”.

Акрамя папулярных рок-гуртоў бярэ ўдзел у сёньняшнім канцэрце і малавядомы менскі гурт “Deadmarsh”. І калі раней гэты калектыў быў ангельскамоўны, дык сёньня ўпершыню па-беларуску прасьпявае песьні на вершы Натальлі Арсеньневай і Янкі Купалы. Гаворыць Віталь Супрановіч — лідэр грамадзкай суполкі “Беларуская Музычная Альтэрнатыва”, якая арганізавала сёньняшні канцэрт:

(Супрановіч: ) “Гэта будзе першы канцэрт гурту “NRM” за апошнія паўгоду. Як вядома, некалькі месяцаў канцэрт плянаваўся, але не адбыўся, бо забаранілі ўлады. На сёньняшнім канцэрце можна будзе запісацца ў фан-клюб і атрымаць інфармацыю пра яго. Будуць выкананыя некалькі песьняў, якія яшчэ ніхто ня чуў. Сёньня будзе шмат цікавага, бо кожны з гуртоў нешта прэзэнтуе”.

Віталь Супрановіч сёньняшні канцэрт назваў апошнім перад мёртвым сэзонам. Летам асобныя рок-канцэрты “Беларуская Музычная Альтэрнатыва” плянуе праводзіць на адкрытых пляцоўках, але дзе й калі, цяпер пакуль ня ведае ніхто.
XS
SM
MD
LG