Лінкі ўнівэрсальнага доступу

8 ТЫСЯЧ ВАЙСКОЎЦАЎ БУДУЦЬ БРАЦЬ УДЗЕЛ У ВУЧЭНЬНЯХ “БЯРЭЗІНА-2002”


Валер Каліноўскі, Менск

Вайскоўцы правядуць фарсіраваньне Бярэзіны і больш як 15 тактычных, лётных і тактыка-спэцыяльных вучэньняў. Акрамя войскаў Міністэрства абароны будуць задзейнічаныя падразьдзяленьні Міністэрства ўнутраных справаў, Міністэрства надзвычайных сытуацыяў і Памежнага камітэту.

Ваенкаматы выклічуць на вучэньні каля 700 рэзэрвістаў — пераважна з Полаччыны. Прыбудзе на вучэньні ў якасьці галоўнакамандуючага і Аляксандар Лукашэнка.

Акрамя вайскоўцаў на Бярэзіне будуць вучыцца і прадстаўнікі цывільных дзяржаўных органаў — яны будуць засвойваць сутнасьць праводжанай рэформы Ўзброеных сілаў і мэтады тэрытарыяльнай абароны.

Задумка вучэньняў, ухваленая А.Лукашэнкам, прадугледжвае абарону “Чырвонай рэспублікі” ад агрэсіі з боку “Сіняй рэспублікі”, якая выкарыстоўвае дывэрсіі й незаконныя ўзброеныя фармаваньні. Генштаб змадуляваў сытуацыю паводле падзеяў у Югаславіі, Босьніі ды іншых “гарачых пунктах”.

Прадстаўнік Міністэрства абароны Ўладзімер Сераштан сёньня зазначыў, што вучэньні носяць выключна абарончы характар, беларускія ўзброеныя сілы нікому не пагражаюць, не разглядаюць ніводную дзяржаву ў якасьці патэнцыйнага праціўніка. Ён упэўнены, што і на Беларусь ніхто не нападзе, пабачыўшы, што ў краіне баяздольнае войска.
XS
SM
MD
LG