Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СЬПІКЕР РАДЫ ФЭДЭРАЦЫІ РАСЕІ АДКРЫТА ЗАЯЎЛЯЕ ПРА КУЛЮАРНУЮ ПРАЦУ МАСКВЫ Ў ЭЎРАПЕЙСКІХ СТРУКТУРАХ НА КАРЫСЬЦЬ АФІЦЫЙНАГА МЕНСКУ


Юры Сьвірко, Менск

Сьпікер расейскае Рады Фэдэрацыі Сяргей Міронаў, выступаючы сёньня з трыбуны гэтак званага савету рэспублікі, заявіў, што Расея й Беларусь перажываюць цяпер “выключна складаны пэрыяд свайго разьвіцьця”, бо яны “і сёньня на перадавой — перадавой уладкаваньня свайго жыцьця” пасьля распаду СССР.

Хаця спадар Міронаў зазначыў, што сёньня не выбухаюць снарады, няма лініі фронту, аднак на лінію стварэньня саюзнае дзяржавы абрынуўся “шквал хлусьні й фальсыфікацыяў з мэтай разьяднаць нашыя народы”. Сяргей Міронаў нагадаў пра свае словы ў красавіку ў Страсбуры пра тое, што залічэньне Беларусі да нейкіх праблемных зонаў Эўропы — гэта яўная памылка, і Расея цьвёрда выступае за ўступленьне Беларусі ў Раду Эўропы.

Аднак літаральна ўчора на люксэмбурскім паседжаньні прадстаўнікоў Рады Эўропы абмяркоўвалася сытуацыя ў Беларусі менавіта як у палітычна праблемнай краіне. Дый сам спадар Міронаў 29 сакавіка падчас адказаў на пытаньні праз Інтэрнэт заявіў, што парушэньне правоў чалавека ў Беларусі “не прыводзіць да станоўчых вынікаў, а спрыяе ізаляцыі краіны”.

Сёньня я папрасіў чалавека №3 у дзяржаўнай гіерархіі Расеі пракамэнтаваць гэтае ягонае выказваньне.

(Міронаў: ) “Па-першае, я нічога з нагоды праблемы правоў чалавека не казаў увогуле. Мая прынцыповая пазыцыя — гэта прынцыповая пазыцыя Расеі: Эўропа ня можа быць поўнай без удзелу ўсіх дзяржаваў, якія ўваходзяць у яе. У дадзеным выпадку, знаходзячыся ў Беларусі — гэта найперш Беларусь. На сэсіі ПАРЭ я яшчэ казаў пра Югаславію”.

На маё наступнае пытаньне — што канкрэтна плянуе рабіць Расея, каб даць месца ў Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы гэтак званаму нацыянальнаму сходу Беларусі, - Сяргей Міронаў адказаў:

(Міронаў: ) “Расея ня толькі кажа. Расея заяўляе сваю пазыцыю, і Расея мае, у тым ліку парлямэнтары, пэўныя рычагі. Мы зараз актыўна працуем у розных камітэтах і камісіях ПАРЭ, дзе рыхтуюцца шмат якія рэзалюцыі ды рашэньні. Як вы ведаеце, дыпляматычная праца, а тут мова ідзе якраз пра дыпляматычную працу, — гэта ня толькі публічныя заявы. Гэта, як правіла, яшчэ й кулюарная праца”.

Спадар Міронаў дадаў, што менавіта ў гэтым кірунку Расея й працуе.

Пасьля сёньняшняй сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам Сяргей Міронаў заявіў, што яны падзяляюць думку пра неабходнасьць спачатку прыняць канстытуцыйны акт, а потым абіраць саюзны парлямэнт. Бо “пакуль няма канстытуцыйнага акту, цяжка казаць пра тое, чым мусіць кіравацца дэпутат саюзнага парлямэнту й над чым працаваць”.

Адказваючы на пытаньне пра мажлівасьць прыняцьця Канстытуцыйнага акту гэтак званае саюзнае дзяржавы Беларусі й Расеі, Сяргей Міронаў сказаў:

(Міронаў: ) “Калі нейкія будуць цяжкасьці з узгадненьнем тых ці іншых пазыцыяў, тады Найвышэйшая дзяржрада разгледзіць хаду працы і, умоўна кажучы, падштурхне гэтую працу — для таго, каб у сьнежні абавязкова выйсьці ўжо на канцэпцыю. Каб мы ўжо разумелі, што канцэпцыя ўхваленая й можна яе выносіць ужо на саюзны парлямэнт”.

Аднак Сяргей Міронаў, кажучы пра актывізацыю парлямэнцкае працы, адмыслова акцэнтаваў увагу сваіх слухачоў у савеце рэспублікі, што найперш трэба стварыць адзіную эканамічную прастору. “Любая спроба пераскочыць тут празь нейкія этапы контарпрадуктыўная”, — падкрэсьліў расейскі сьпікер.
XS
SM
MD
LG