Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАХАНКА ЛЕНІНА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

Яны сустрэліся ў 1909 годзе ў папулярнай сярод расейскай эміграцыі парыскай кавярні. Інэса Арманд – незаконная дачка францускага опэрнага сьпевака – ужо мела чатырох дзяцей, бацькам аднаго зь якіх быў брат ейнага мужа, а таксама адбыла ссылку за антыцарскую падрыўную дзейнасьць.

Уладзімер Ільліч Ульянаў, больш вядомы як Ленін, таксама быў знаным рэвалюцыянэрам. Ён таксама быў жанаты. Але ягоная жонка Надзея “у сорак гадоў дадала ў вазе, у выніку хваробы шчытападобнай залозы. Яна мела вырачаныя вочы і, паводле сястры Леніна Ганны, нагадвала селядзец”.

Ленін, якому тады было 39, з захапленьнем сустрэў 35-гадовую Інэсу і быў настолькі захоплены ёй, што зрабіў усё магчымае, каб яна ў 1910 годзе была запрошаная ў Данію (у Капэнгаген) на Кангрэс Сацінтэрну.

Наступным разам іхныя шляхі перакрыжаваліся ў часе, калі Ленін папрасіў Арманд перакласьці на францускую мову ягоную ўрачыстую прамову на пахаваньне дачкі і зяця Карла Маркса. Неўзабаве адзін знаёмы француз заўважыць, што “Ленін сваімі маленькімі мангольскімі вочкамі ўважліва і неадрыўна глядзіць на гэтую маленькую францужанку”.

Што магло атрымацца з гэтага флірту? Нічога, што магло б шакаваць, бо сацыяльна-палітычны клімат бальшавізму трактаваў шлюб як буржуазную інстытуцыю, што толькі стымулявала спрэчкі пра сэксуальнае вызваленьне.

Калі Інэса напісала брашуру ў абарону свабоднага каханьня, больш пурытанскі Ленін паслаў ёй 10 абвяргальных пунктаў. Апрача гэтага, Надзея і Інэса сталіся сяброўкамі, што зьменшыла магчымасьці грахоўнай сытуацыі.

Гэткім чынам, назва біяграфіі Інэсы Арманд “Каханка Леніна”, якую напісаў Майкл Пэрсан, мае хутчэй гарэзьлівае, чым цалкам праўдзівае адценьне.

Але Арманд – цікавая тэма. Ужываньне шырокага дасьледаваньня (у тым ліку ранейшай, больш строгай біяграфіі, напісанай Элвудам) дало магчымасьць Пэрсану намаляваць вобраз настолькі рашучай жанчыны, што нават Ленін быў захоплены ёй.

Ад часу, калі на “пераломе стагодзьдзяў” Арманд была сакратаркай Маскоўскага Таварыства паляпшэньня лёсу жанчынаў, да часу, калі яна дасягнула вялікага ўплыву пасьля 1917 году, ейныя паводзіны і ўчынкі не матываваліся магчымымі наступствамі.

“Нікому не кажыце, што я арыштаваная,” – сказала яна сваёй 6-гадовай дачцэ ў часе першага са шматлікіх выпадкаў, калі Арманд і ейныя дзеці расплочваліся за ейную сьмеласьць.

Арманд – другасная фігура ў рэвалюцыйных падзеях. Яны была ў “заплямбаваным вагоне”, у якім Ленін і ягоныя блізкія паплечнікі бясьпечна вярнуліся ў Расею ў 1917 годзе, пра што Пэрсан пісаў у сваёй ранейшай кнізе. Некалькі гадоў перад тым Ленін і Надзея жылі на выгнаньні, у той час як Інэса, рызыкуючы жыцьцём, бралася за выкананьне ленінскіх заданьняў у Расеі.

У той самы час як Пэрсан дакладна падае інфармацыю пра ўсе палітычныя лябірынты барацьбы Леніна, празь якія ён ішоў да ўлады, ён таксама апавядае пра пяшчотныя бакі ў сувязі з Арманд. “Ільліч, як яна яго часам называла, лічыў музыку нецікавай і раздражняльнай, але любіў слухаць “Санату месячнага сьвятла” ў выкананьні Арманд.

“Ён з энтузыязмам напісаў ёй: “Дарагая сяброўка, я быў страшэнна задаволены, калі атрымаў твой прыемны, сяброўскі, цёплы ліст”.

Пасьля сьмерці Арманд у 1920 годзе Ленін (рэдкі выпадак) плакаў публічна. Ейная роля ў ягоным жыцьці стала вялікім пытаньнем. “Я скажу цэламу сьвету, хто быў сапраўднай жонкай Леніна,” – сказаў Сталін Надзеі, калі западозрыў яе ў палітычнай здрадзе ў 1925 годзе.

Роля Арманд у жыцьці Леніна была праблематычным аспэктам ягонай легенды. “Яна прыносіла ўскладненьні,” – піша Пэрсан. “Факт, што Ленін меў цёплае сяброўства з жанчынай, якая была не зусім адпаведнай, напоўненай чуткамі, не пасаваў пажаданаму вобразу нацыянальнага лідэра”. Але гісторыя Арманд не магла быць зьнішчанай: Арманд належала да найбліжэйшага атачэньня Леніна на выгнаньні, яна належала да групы, якая атрымала містычную ролю ў савецкай міталёгіі. Нават багатая сям’я Арманд, калі можна так сказаць, была чырвонай анучай для гісторыкаў Савецкага Саюзу.
XS
SM
MD
LG