Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ СТАРШЫНЯ КАМІТЭТУ МІНІСТРАЎ РАДЫ ЭЎРОПЫ ЗАЯЎЛЯЕ ПРА ВАЖНАСЬЦЬ "АДЗІНСТВА Й ПАСЬЛЯДОЎНАСЬЦІ МІЖНАРОДНАЙ РЭАКЦЫІ НА БЕЛАРУСКУЮ СЫТУАЦЫЮ"


Юры Сьвірко, Менск

Сёньня ў Люксэмбургу прадстаўнікі заканадаўчае часткі Рады Эўропы – а менавіта Палітычнага камітэту ейнае Парлямэнцкае асамблеі – сустракаліся з кіраўніком выканаўчае структуры – Камітэту міністраў Рады Эўропы. Гэты камітэт ад 3 траўня наступны паўгод ўзначальвае міністар замежных справаў Люксэмбургу Лідзі Польфэр, якая сёньня выступіла на паседжаньні паліткамітэту ПАРЭ. Прадстаўніца люксэмбурскага МЗС у справах Рады Эўропы Флёрэнс Энш распавяла:

(Энш: ) “Спадарыня Польфэр напачатку прадставіла прыярытэты люкэмбурскага старшыняваньня ў Камітэце міністраў Рады Эўропы. І гэта таксама ўлучала агляд сытуацыі ў некалькіх краінах, якія збольшага палітычна праблемныя, – улучна зь Беларусьсю”.

Люксэмбурская праграма прадугледжвае паступовае стварэньне такой Эўропы, якую аб'ядноўвалі б адныя й тыя ж каштоўнасьці, гарантаваньне супольнае эўрапейскае прасторы законнасьці й павагі да правоў чалавека, узмацненьне сувязяў зь дзяржавамі-назіральнікамі ў Радзе Эўропы. Нагадаю, што па-за межамі Рады Эўропы, якая цяпер налічвае 44 краіны, застаюцца толькі Югаславія, Манака й Беларусь.

Вось што кажа пра сёньняшняе абмеркаваньне беларускай праблемы ў Люксэмбургу супрацоўніца МЗС гэтай краіны Флёрэнс Энш:
(Энш: ) “Адносна Беларусі – сытуацыя там была каротка разгледжаная паліткамітэтам, і наша міністар абмеркавала з камітэтам шляхі й сродкі аднаўленьня кантактаў зь Беларусьсю. У зьвязку з гэтым было падкрэсьленае, што найбольш важным ёсьць захаваць адзінства й пасьлядоўнасьць міжнароднай рэакцыі на сытуацыю там”.

Спадарыню Энш я запытаў і пра Кансультацыйна-назіральную групу АБСЭ ў Менску, якая й прадстаўляе адзінства пазыцыі панэўрапейскіх арганізацыяў наконт Беларусі. Ці абмяркоўваўся лёс групы АБСЭ сёньня прадстаўнікамі Рады Эўропы?

(Энш: ) “Ён закранаўся, так. Ён закранаўся адным з удзельнікаў дэбатаў”.

У люксэмбурскім паседжаньні браў удзел адмысловы дакладчык ПАРЭ па Беларусі Вольфганг Бэрант. Паседжаньне паліткамітэту было закрытым для прэсы, і тэксты вытсупаў на ім ня будуць абнародвацца, аднак мне ўдалося даведацца, што абмяркоўвалася й мажлівасьць санкцыяў супраць Беларусі, якая больш за 6 гадоў ніяк ня можа разьвязаць канфлікт з эўрапейскімі арганізацыямі, што распачаўся пасьля рэфэрэндуму 1996 году.

Таксама стала вядома, што старшыня Камітэту міністраў Рады Эўропы Лідзі Польфэр не зьбіраецца наведаць Беларусь цягам 6-месячнага знаходжаньня на гэтай пасадзе. Гэта значыць, што абмежаваньні на кантакты з афіцыйным Менскам на высокім узроўні застаюцца ў сіле.
XS
SM
MD
LG