Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навіны мэдыцыны


Віталь Цыганкоў, Прага

У новай праграме для навучальных установаў, распрацаванай у Цэнтры, школам рэкамэндуецца зьмяніць унутраны распарадак, каб абмежаваць знаходжаньне дзяцей пад сонцам у дзённы час, калі сонечныя прамені найбольш актыўныя. Экспэрты таксама рэкамэндуюць школьнікам насіць галаўныя ўборы, кашулі з доўгім рукавом, доўгія штаны, выкарыстоўваць супрацьсонечныя крэмы. Асаблівую ўвагу абароне ад сонечных праменьняў трэба надаваць людзям са сьветлай скурай.

***

Распрацаваныя лінзы, якія вяртаюць зрок сляпым людзям. Так, прынамсі, сьцвярджае доктар Пэры Разэнталь, заснавальнік Бостанскага фонду зроку, які звыш 30 гадоў працуе ў афтальмалёгіі. “Рагавіза вока аналягічная лінзам фотакамэр – калі паверхня недастаткова гладкая, вока ня можа сфакусавацца на аб’екце”, – кажа Разэнталь. Ён распрацаваў порыстыя плястыкавыя лінзы з ідэальна гладкай паверхняй, якія карэктуюць дэфэкты рагавіцы. Першыя такія лінзы былі зробленыя ўручную, але цяпер распрацаваная кампутарная тэхналёгія іхняга вырабу. На сёньняшні дзень лінзы вярнулі зрок звыш як 4 тысячам чалавек. Праўда, каштуюць яны пакуль даволі дорага – каля 5 з паловай тысяч даляраў.

***

Дасьследаваньне грашовых банкнотаў у Індыі паказала, што на паверхні грошаў прысутнічаюць узбуджальнікі тубэркулёзу, пнэўманіі, танзіліту. На рупіях таксама былі знойдзеныя ўзбуджальнікі мэнінгіту, язвы страўніка і нават інфэкцыйных захворваньняў полавых органаў. “Бактэрыі аддаюць перавагу старым пашмальцаваным купюрам”, – кажа доктар Дэй. Рызыка заражэньня дастаткова высокая. Аднак многія грамадзяне Індыі ужо сфармавалі імунітэт да ўзбуджальнікаў, таму асноўнай групай рызыкі ёсьць турысты. Найбольш заражаныя грошы былі знойдзеныя на вулічных рынках, дзе прадаецца мяса і рыба. Улады Індыі настойліва рэкамэндуюць турыстам пільна мыць рукі пасьля пакупак і перад ежай.

***

Зараз за працоўны дзень мэдсёстрам даводзіцца пераварочваць у сярэднім да 50 пацыентаў – а гэта даволі вялікая нагрузка, з прычыны чаго ў мэдпэрсаналу часта ўзьнікаюць хваробы сьпіны. Інжынэрамі Масачусэцкага тэхналягічнага інстытуту распрацаваная прылада, якая пераварочвае ляжачых хворых. Прылада ўяўляе сабой раму, якая рухаецца ўздоўж ложка пацыента, убудаваны матор цягне за прасьцірадла, прыпадымаючы і пераварочваючы пацыента. У экспэртаў, аднак, узьніклі сур’ёзныя сумневы наконт таго, ці будзе бясьпечным такі мэханізм. Ёсьць падазрэньне, што старыя прасьцірадлы могуць парвацца, што стварае небясьпеку няшчаснага выпадку.

***

Паніжаная самаацэнка дзяўчын прыводзіць да хутчэйшай страты цнатлівасьці. Як высьветлілі навукоўцы з мэдычнага факультэту Ўнівэрсытэту Індыяны, самапавага падлетка зьяўляецца найважнейшым чыньнікам, які ўплывае на пачатак полавага жыцьця. Падчас двухгадовага дасьследаваньня высьвятлілася, што дзяўчыны зь нізкай самаацэнкай мелі ў тры разы большыя шанцы ўступіць у інтымную сувязь да заканчэньня школы. На думку аўтара дасьследаваньня прафэсара Джэніфэра Спэнсара, дзяўчыны зь нізкай самацэнкай уступаюць у полавую сувязь, каб адчуць сябе больш дарослымі і проціпаставіць сябе агульнапрынятым нормам. Навукоўцы сьцьвярджаюць, што падвышэньне самаацэнкі можа стаць добрым мэтадам прафіляктыкі раньніх полавых сувязяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG