Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У МЕНСКУ АДБЫЎСЯ ПІКЕТ ІНВАЛІДАЎ-КАЛЯСАЧНІКАЎ


Міхал Стэльмак, Менск

У сёньняшняй акцыі, якая адбылася ў менскім парку Дружбы народаў, бралі ўдзел каля трох дзясяткаў інвалідаў-калясачнікаў. Паводле зьвестак арганізатараў, яны плянавалі правесьці сёньня мітынг, але ў іншым месцы. Гаворыць старшыня Рэспубліканскай асацыяцыі інвалідаў-калясачнікаў Сяргей Драздоўскі:

(Драздоўскі: ) “Мы б хацелі правесьці гэта на плошчы Незалежнасьці, але ніхто нам не дазволіць там быць. Летась нам дазволілі на пляцы каля Акадэміі Навук, а сёлета, відаць, нейкія новыя павевы ў прадстаўнікоў уладаў. Цяпер дазвол мы атрымліваем толькі ў ляску, на ўскраіне.

Удзельнікі акцыі сядзелі на калясках з плякатамі, на якіх было напісана: “Інваліды хочуць жыць, кахаць, працаваць”, “Прэзыдэнт! Хто адкажа за невыкананьне законаў аб сацыяльнай абароне?”, “Дэмакратыя — гэта роўныя правы і магчымасьці”, “Галодны інвалід — гэта ганьба для дзяржавы”. Вось як патлумачыў патрабаваньні сёньняшніх удзельнікаў акцыі адзін з актывістаў асацыяцыі Валянцін Дрозд:

(Дрозд: ) “Нам нельга трапіць у краму. Нельга знайсьці працу, нельга атрымаць адукацыю. Амаль нічога нельга зрабіць. Прычым людзі, якія маюць ногі, будуюць для сябе нейкія прыстасаваньні — напрыклад, прыступкі. Але вось хто рухаецца такім вось чынам, як мы, — для іх нічога ня робіцца. Таму гэта дыскрымінацыя і абмежаваньне нашых канстытуцыйных правоў. Калі ў Канстытуцыі запісана, што мы маем права на адукацыю, але мы яе ня можам атрымаць, і гэта залежыць ад улады — то выходзіць, улада абмяжоўвае нашыя правы”.

А вось меркаваньні іншых удзельнікаў сёньняшняга пікету:

(Федаровіч: ) “Я — інвалід першай групы. Урад не дапамагае нам. Сам Лукашэнка, які некалі нешта рабіў для народу, то цяпер ён “зажырэў”, калі шчыра казаць. Ён забыўся пра нас, што ёсьць такія людзі. Яны чакаюць дапамогі, асабліва тыя, якія ня могуць працаваць”.

(Інвалід: ) “Гэта ня ўлада, а нейкая дэбільная структура, прызначаная прэзыдэнтам”.

(Прышчэпаў: ) “Я Прышчэпаў Сяргей Міхайлавіч. Праблемаў вельмі шмат. Я жыву ў Менску вось ужо 10 гадоў. Я вось на калясцы бачу, што нам нікуды няма доступу”.

Мінакі, якія былі сьведкамі акцыі, выказвалі падтрымку намаганьням інвалідаў:

(Алена Васільеўна: ) “Хачу пажадаць гэтым людзям дамагчыся таго, чаго яны хочуць. Хаця б працэнтаў на 90, нават на 75. Каб быў лягчэйшы лёс гэтых людзей. Таму што наўрад ці пажадаеш каму-небудзь такога ж лёсу”.

Пасьля акцыі яе ўдзельнікі падпісаліся пад адкрытым лістом да Аляксандра Лукашэнкі, у якім запатрабавалі выкананьня агучаных сёньня патрабаваньняў.
XS
SM
MD
LG