Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРЫ ГАДЫ ТАМУ ЗЬНІК БЫЛЫ МІНІСТАР УНУТРАНЫХ СПРАВАЎ ЮРЫ ЗАХАРАНКА


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Крыху больш за год працаваў Юры Захаранка міністрам унутраных справаў, пасьля чаго быў зьняты Лукашэнкам. Аднак, як пасьля высьветлілася, адстаўка Захаранкі была сьледзтвам прынцыповых разыходжаньняў міністра з кіраўніком дзяржавы.

Пра гэтыя разыходжаньні сам Юры Мікалаевіч распавядаў шмат разоў, але найбольш поўна яны выкладзеныя на стужцы, якую знайшоў у сваім аўдыёархіве і прапанаваў нашаму радыё Ўладзімер Кармілкін. Гэтая стужка ўпершыню прагучыць ў эфіры, а запісаная яна была за год да зьнікненьня Юрыя Захаранкі.

(Захаранка: ) “Я кіраваўся адной думкай, што хацелася б мець Беларусь прававой краінай. Для мяне галоўнае — гэта айчына, абарона Канстытуцыі й абарона законаў. Вось гэтым тром сьвятыням я не магу здрадзіць і ніколі ня здраджваў, і гэтыя сьвятыні сталі тымі межамі, на якіх мы разышліся з прэзыдэнтам.

Магчыма падсумаваць наступныя падыходы. Гэта ігнараваньне спадаром Лукашэнкам пабудовы прававой дзяржавы. Таксама я не прымаў стыль і мэтады, якімі карыстаецца спадар Лукашэнка. Я не разумею, як магчыма кіраваць дзяржавай, калі прымаюцца ўказы без прававой апрацоўкі, потым толькі ўносяцца карэктыроўкі, адмяняюцца ўказы і г.д.

Таксама мяне не задавальняе той момант, што ў кіраўніцтве краіны ёсьць людзі некампэтэнтныя, а бывае — проста несумленныя. І апошні пункт — гэта самаўхіленьне ад барацьбы са злачыннасьцю, ад актыўнай дапамогі ў справе барацьбы са злачыннасьцю. Ідзе проста папулізм, звычайныя словы, але далей мы ня рухаемся”.

Што ж здарылася зь Юрыем Захаранкам 7 траўня 1999 году, так і ня высьветлілася. Як распавядала Вольга Захаранка, у той дзень яе муж патэлефанаваў на хатні тэлефон з мабільнага і паведаміў, што ўжо паставіў машыну на аўтастаянку ды ідзе дадому. Празь пяць хвілінаў ён павінен быў адчыніць дзьверы, але не прыйшоў дагэтуль.

Сьледзтва да гэтага часу шукае сьведкаў, якія б маглі з пэўнасьцю паведаміць, што адбылося з былым міністрам — нібыта такія сьведкі былі. Але ці ўдалося іх знайсьці, афіцыйнае сьледзтва маўчыць. Паводле зьвестак неафіцыйнага сьледзтва, якое распачала створаная Вярхоўным Саветам 13 скліканьня камісія па пошуках Захаранкі ды іншых зьніклых, быццам ёсьць сьведкі, якія бачылі, як невядомыя маладыя людзі напалі на чалавека, падобнага па прыкметах на Захаранку, зьбілі яго з ног, закінулі ў аўтамабіль “Жыгулі” і зьехалі. Прозьвішчы гэтых сьведкаў трымаюць у сакрэце, бо застаецца пагроза іх жыцьцю.

На жаль, больш нічога пэўнага пра падзеі 7 траўня 1999 году і пра далейшы лёс Юрыя Захаранкі невядома. Акрамя хіба пацьверджанага сьведкамі факту, што за Захаранкам да апошняй гадзіны сачылі нейкія людзі — прычым сачылі, ня надта хаваючыся. Верагодна, гэта былі супрацоўнікі адной са спэцслужбаў Беларусі. Вось чаму незалежныя сьледчыя робяць выснову, што спэцслужбы альбо маглі мець дачыненьне да выкраданьня Захаранкі, альбо павінны былі назіраць, як яго захоплівалі, і яны ведаюць больш за іншых пра тое, што далей здарылася з генэралам.

Варта адзначыць, як цягам гэтых трох гадоў асьвятляўся факт зьнікненьня Юрыя Захаранкі й ягоныя пошукі, і як на гэта рэагавалі палітыкі. Апазыцыйныя мэдыі ўвесь час надавалі гэтаму факту значную ўвагу, прычым гэтая ўвага станавілася большай падчас палітычных кампаніяў, кшталту прэзыдэнцкай кампаніі 2001 году.

Апазыцыйныя партыі ўжо два гады ладзяць вулічныя акцыі, патрабуючы ад уладаў знайсьці зьніклых палітыкаў і пакараць вінаватых. Улады рэагуюць на гэтыя заклікі вельмі нэрвова. Аляксандар Лукашэнка то заяўляў, што ня мае да зьнікненьня Захаранкі ніякага дачыненьня, то прызнаваў сябе адказным за ўсё, што адбылося ў краіне падчас ягонага прэзыдэнцтва.

Мясцовыя ўлады бяруць прыклад з галоўнага начальніка. Яны то затрымліваюць і караюць пікетоўцаў, якія выходзяць на вуліцы з плякатамі “Дзе Захаранка? Дзе Ганчар, Красоўскі і Завадзкі?”, то робяць выгляд, што ланцугі неабыякавых людзей — гэта ня вартыя ўвагі палітычныя спэктаклі.

Дзяржаўныя мэдыі гэтыя акцыі трывала ігнаруюць, між тым час ад часу і яны вяртаюцца да тэмы зьніклых палітыкаў. Гэтак, падчас прэзыдэнцкіх выбараў дзяржаўныя СМІ распаўсюдзілі зьвесткі, нібыта генэрала Захаранку бачылі ў Нямеччыне. Нямецкія мэдыі праверылі гэтыя зьвесткі, але яны не пацьвердзіліся, пра што беларускія дзяржаўныя СМІ прамаўчалі.
XS
SM
MD
LG