Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЦІ ІСНУЕ ПАГРОЗА ПЕРАНОСУ Ў РАСЕЮ БЕЛАРУСКАГА ДОСЬВЕДУ ЗМАГАНЬНЯ ЎЛАДАЎ ЗЬ НЕЗАЛЕЖНАЙ ПРЭСАЙ?


Аляксей Дзікавіцкі, Варшава

Як паведаміў Радыё Свабода прадстаўнік Польскай Гельсынкскай фундацыі правоў чалавека Веслаў Вацлаўчык, у сэмінары, прысьвечаным вывучэньню тэхнік абароны грамадзкіх інтарэсаў, узялі ўдзел маладыя, добра адукаваныя дзеячы расейскага трэцяга сэктару і журналісты; людзі, якіх на іхнай радзіме можна назваць элітай.

У часе знаходжаньня ў Польшчы, удзельнікі сэмінару даведаліся пра сытуацыю са свабодай слова ў Беларусі і вырашылі па вяртаньні ў свае арганізацыі накіраваць лісты пратэсту Аляксандру Лукашэнка супраць парушэньня свабоды слова ў Беларусі і крымінальнага перасьледу журналістаў гарадзенскай “Пагоні”.

Гаворыць адзін з аўтараў ідэі напісаньня лістоў да кіраўніка Беларусі Канстанцін Вішнеўскі, сябра Стаўрапольскага краявога Цэнтру грамадзкіх ініцыятываў “Альтэр Віта”:

(Вішнеўскі: ) “Выпадак з газэтай “Пагоня” напэўна не адзіны ў Беларусі – ён проста цяпер шмат у каго на слуху. Тое, што адбываецца ў вашай краіне, у некаторай ступені адбываецца і ў Расеі. У нас таксама ёсьць шмат выпадкаў уціску на журналістаў і спробаў перашкодзіць распаўсюджваньню інфармацыі.

Мяркую, што пасьля выпрабаваньняў мэтадаў перасьледу журналістаў у адной краіне, іх пераймаюць і іншыя краіны. Калі мы будзем маўчаць у выпадках кшталту “Пагоні”, дык гэта потым павярнецца і супраць расейскіх сродкаў масавай інфармацыі. Супраць канкрэтных газэтаў і журналістаў. Таму мы проста абавязаныя падтрымаць журналістаў, каб яны мелі права на свабоду слова”.

Іншую ўдзельніцу сэмінару Ірыну Падузаву з грамадзкай арганізацыі “Чалавек і закон”, што ў горадзе Ёшкар-Ала, я папрасіў адказаць на пытаньне, ці, на яе думку, існуе пагроза пераносу ў Расею сумнавядомага досьведу змаганьня беларускіх уладаў зь незалежнай прэсай у выніку інтэграцыі краінаў?

(Падузава: ) «На самой справе, будзе вельмі дзіўна, калі Расея пойдзе на гэтае аб’яднаньне. Бо ў Расеі, на мой погляд, усё ж пачынаюцца дэмакратычныя пераўтварэньні. Расея ратыфікавала Канвэнцыю аб асноўных правах і свабодах. Дзяржава, якая намагаецца выконваць нормы міжнароднага права, ня можа аб’ядноўвацца зь дзяржавай, у якой законы поўнасьцю супярэчаць Канвэнцыі аб асноўных правах і свабодах чалавека. У прыватнасьці, гаворка ідзе пра артыкул крымінальнага кодэксу, паводле якога судзяць журналістаў “Пагоні”.

Паводле міжнародных нормаў, чалавека нельга пасадзіць у турму за паклёп. Калі нават у матэрыялах “Пагоні” і быў гэты паклёп, дык крымінальны перасьлед – гэта абсалютна неадэкватнае пакараньне. Таму я лічу, што калі Расея пойдзе на аб’яднаньне зь Беларусьсю – гэта сапраўды будзе небясьпечна. Дый пра якое выкананьне міжнародных дамоваў тады можна казаць”.
XS
SM
MD
LG