Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДЭПУТАТЫ ПАРЛЯМЭНЦКАЙ АСАМБЛЕІ РАДЫ ЭЎРОПЫ І АБСЭ АТРЫМАЮЦЬ АДМЫСЛОВУЮ ІНФАРМАЦЫЮ ПРА БЕЛАРУСЬ


Уладзімер Глод, Менск

Штуршком да такога рашэньня стала сёньняшняя справаздача Ўладзімера Нісьцюка. Нядаўна ён як назіральнік ад Кансультацыйнай рады знаходзіўся ў Страсбуры, дзе праходзіла сэсія Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. Непасрэдныя кантакты зь міжнароднымі парлямэнтарамі пераканалі Нісьцюка — значная ратацыя эўрапейскіх парлямэнтаў прывяла да таго, што многія іхныя прадстаўнікі ў міжнародных структурах абсалютна не валодаюць праўдзівай інфармацыяй пра Беларусь. Таму яны вымушаныя ўспрымаць інфармацыю на падмурку камэнтароў вузкага кола дэпутатаў, што пэрыядычна наведваюць Менск.

Гаворыць Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Беларуская ўлада, на мой погляд, вельмі разумна выкарыстоўвае тое, што ў парлямэнцкіх эўрапейскіх структурах шмат дэпутатаў новых. Яны ня ведаюць, што адбылося ў Беларусі ў 1996 годзе, яны маюць нейкую інфармацыю пра тое, што адбываецца цяпер. А вось тое, як гэта пачыналася, адкуль пайшоў лукашызм, складана зразумець дэпутатам эўрапейскіх парлямэнтаў. Калі яны мала што ведаюць, яны лёгка паддаюцца на прапановы зьмякчыць сытуацыю — і нейкім чынам перагледзець ці дапоўніць чатыры жорсткія ўмовы, якія былі высунутыя ў 1999 годзе, ці замяніць іх новымі.

Таму трэба зрабіць моцную інфармацыйную хвалю ў кірунку гэтых структураў. Тады ёсьць надзея на тое, што, зразумеўшы, што адбылося і што адбываецца, пабачыўшы гэты працэс у разьвіцьці, лягчэй будзе спрагназаваць, што гэта можа выклікаць на эўрапейскім кантынэнце і непасрэдна ў цэнтры Эўропы”.

Дарэчы, ужо 17 траўня ў Парыжы пройдзе выязное паседжаньне Палітычнага камітэту Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы. На ім сярод іншых пытаньняў будзе разглядацца і праблема зьніклых і рэпрэсаваных палітычных і грамадзкіх дзеячоў Беларусі. У сталіцы Францыі зьбярэцца больш як паўсотні міжнародных парлямэнтароў. І кожны зь іх атрымае пакунак неабходнай інфармацыі, які ўзялася падрыхтаваць да гэтага часу Аб'яднаная грамадзянская партыя. АГП, нагадаю, ёсьць адным з васьмі сяброў Кансультацыйнай рады апазыцыйных палітычных партыяў.
XS
SM
MD
LG