Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОВЫ ЗАКОН АБ АДУКАЦЫІ ДАЗВАЛЯЕ ПАВЯЛІЧЫЦЬ КОЛЬКАСЬЦЬ БЕЛАРУСКІХ КЛЯСАЎ


Валянціна Аксак, Менск

Сытуацыя з нацыянальным школьніцтвам цяпер у краіне амаль катастрафічная. Асабліва ў гарадах і мястэчках. Ніводнае беларускае школы няма ў Маларыце, Буда-Кашалёве, Мазыры, Чавусах. Сьпіс можна доўжыць. Вось агульная па краіне статыстыка беларускамоўнага школьнага навучаньня. Яе нам падае старшы інспэктар Міністэрства адукацыі Тамара Саўчук:

(Саўчук:) "У нас 27 адсоткаў дзяцей вучыцца на беларускай мове. І ў нас 49 школаў ёсьць у гарадзкой мясцовасьці, якія мы песьцім, і якіх, спадзяемся, у наступным навучальным годзе будзе больш".

Такая сытуацыя пярэчыць дэкляруемай роўнасьці афіцыйнага дзьвюхмоўя. Што, як бачым, прызнаюць ужо і дзяржаўныя чыноўнікі. Летась Міністэрства адукацыі прыняло "Праграму дадатковых мераў па пашырэньні сфэры выкарыстаньня беларускае мовы", у якой запісана, што з 2002-03 навучальнага году ў кожным раённым цэнтры, раёнах гарадоў патрэбна адчыніць ня менш адной школы зь беларускай мовай навучаньня і стварыць сетку беларускіх гімназіяў. Выканаць гэтую праграму дапамагае новая рэдакцыя прынятага нядаўна Закону аб адукацыі, як лічыць старшыня Таварыства беларускае мовы Алег Трусаў:

(Трусаў: ) "Пасьля таго, як ТБМ зьвярнулася ва ўсе бяз выняткаў, раённыя аддзелы адукацы, яны нам адказваюць, што так -- Закон прыняты. І як толькі будуць заявы бацькоў, дык адразу й будзем ствараць беларускія школы і клясы. Я ня ведаю, на падстве якіх заканадаўчых актаў яны патрабуюць ад беларусаў пісьмовых заяваў пра тое, каб беларус вучыўся па-беларуску. Калі ўважліва пачытаць Закон аб адукацыі, то ў пятым артыкуле можна зайсьці, што заявы пра выбар мовы навучаньня патрабуюцца ад прадстаўнікоў тых нацыянальнасьцяў, чые мовы не зьяўляюцца дзяржаўнымі. Ну, напрыклад, літоўцу, паляку ці армяніну трэба пісаць такую заяву -- у адпаведнасьці зь пятым артыкулам. Але там не напісана, што павінен нешта пісаць беларус. Беларусу павінны стварыць патрэбныя ўмовы. Нават у сталінскія часы ў Менску стаяла побач дзьве школы: адна з расейскай мовай навучаньня, а другая -- зь беларускай. І бацькі цудоўна ведалі: якая зь іх якая, і ў якую яны павядуць сваё дзіця. І гэтая практыка існавала да канца пяцідзясятых гадоў і ніхто ніякіх заяваў не пісаў..."

Тым ня менш, пакуль гэтая практыка не адмененая, спадар Трусаў заклікаў бацькоў шырэй выкарыстоўваць гарантаванае Законам права на беларускамоўнае навучаньне. А спасылкі школьных ды раённых адміністратараў на тое, што калі заяваў мала, то й малакамплектная кляса ня будзе адчыненая, бо яна, маўляў, дзяржаве "эканамічна нявыгадная", абураюць нават міністэрскіх чыноўнікаў:

(Саўчук: ) "Гэта проста жахліва такое чуць. Калі першая дзяржаўная мова -- беларуская, і дзецям, якія на ёй вучацца, казаць, што яны -- эканамічна нявыгадныя... У мяне, як у старога чыноўніка, на такія заявы няма проста словаў, каб спакойна рэагаваць..."

...сказала старшы інспэктар міністэрства адукацыі Тамара Саўчук, ды паабяцала канкрэтныя захады ейнага ведамства ў забесьпячэньні гарантаваных законам правоў кожнага дзіцяці на навучаньня па-беларуску, незалежна ад колькасьці вучняў у клясе.
XS
SM
MD
LG