Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯНКА БРЫЛЬ: КАЛІ Б МЯНЕ ПАПРАСІЛІ ЗАМЯНІЦЬ, НАПРЫКЛАД, ЛЫНЬКОВА, Я Б ПАСАРОМІЎСЯ ЗАЙСЬЦІ Ў ЯГО КАБІНЭТ!


Гутарыла Вольга Караткевіч

(Брыль: ) “Я лічу, што гэта альбо вялікая памылка чыясьці, альбо злачынства – рабіць тое, што зроблена. Забралі Дом літаратара, быццам бы за тое, што там праходзілі антыдзяржаўныя сходы ўсякія. Але пры тым забралі і паліклініку, дзе сходаў жа не праводзілася. Цяпер часта гавораць пра вобраз такога інтэлігентнага чалавека, як Машэраў быў. Як ён любіў літаратараў і як ён стараўся нам гэты дом зрабіць. Гэта ягонае дзецішча было. Тут жа вялізная доля – баюся быць недакладным, але ведаю, што каля некалькіх мільёнаў рублёў тадышніх былі дадзеныя літфондам усесаюзным на будаўніцтва гэтага дому. А павярнулі так, што літфонд ні пры чым зусім і што гэта казённая пабудова. Зганьбілі наш Дом літаратара нейкаю шыльдачкаю “аб’ект нумар такі й такі”.

Барацьба была за гуманітарны ліцэй – гэта ўсё аднаго ланцуга зьвёны. Замест таго, каб дапамагчы часопісам, - скажам, часопіс “Нёман” быў створаны для таго, каб дасягненьні беларускай літаратуры пусьціць па ўсёй былой савецкай краіне – не будзем адмаўляць таго, што, папулярнасьць, скажам, Васіля Быкава была зьвязаная таксама з маскоўскімі выдавецтвамі, якія яго багата распаўсюджвалі, і ня толькі аднаго яго, але й другіх – дык у “Нёмане” наладзілася гэтая справа, пры Макаёнку там быў 160 тысяч наклад. Цяпер 2400 зь нечым, а гэты новы “выратавальнік” беларускай літаратуры – як ён... я не запамінаю прозьвішча – Касьцян ці як яго? – ён выступае і публічна хлусіць на старонках “Белорусской деловой газеты”, што “Нёман” выходзіць накладам 229 экзэмпляраў. Ня 2400, а 229. Калі яму сказалі: “Што ж вы хлусіце?” – ён адказаў: “А гэта пусьцяк, няважна”.

Я папрасіла Янку Брыля ацаніць ня толькі факт аб’яднаньня часопісаў, зьмену рэдактараў, але і тое, што на зьмену літаратарам прыходзяць людзі, ад літаратуры далёкія.

(Брыль: ) “Гэта проста абурэньне, такое гвалтоўнае абурэньне. Я ўсё ж такі пражыў доўгае жыцьцё, праходзіў праз шмат фармацыяў. Я нарадзіўся ў грамадзянскую вайну, тады прайшоў у Заходняй Беларусі пілсудчыну, асыміляцыю польскую, вайна, палон – гэта з польскай арміі, - пасьля акупацыя, пэрыяд гэтага падпольля, партызанскай барацьбы, пасьляваенны час. Трэба яшчэ многа пісаць, як цяжка было сумленным літаратарам у паваеннае паўстагодзьдзе. Цяпер маладыя часам зь лёгкасьцю такой недаравальнай крытыкуюць нас – як нас ні называлі, старэйшых: і “прыкарытнікамі”, і ўсё такое, - у той час, калі беларускасьць трымалася на нас, на Саюзе пісьменьнікаў. Цяпер нас і гэтага пазбаўляюць, бачыце...”

А вось што сказаў Янка Брыль адносна публікацыі твораў беларускіх пісьменьнікаў пасьля зьмены рэдактараў у часопісах:

(Брыль: ) “Дзе друкавацца будзем? Я не хачу друкавацца ў гэтых часопісах, якія будуць рэдагаваць гэтыя людзі. Я зь “Нёмана” забраў вялікую публікацыю мініятур сваіх, падрыхтаваную да сёмага нумара - яны меліся выдаць у зьвязку з маім 85-годзьдзем, - але я пайшоў і забраў гэта, бо я не хачу, каб там хадзіў той зьненавіджаны намі чырвоны аловак цэнзара. Цэнзары былі, але яны не былі такія дурныя, якімі яны могуць быць цяпер, гэтыя цэнзары. Гэта калі прыходзіць замест выдатнага пісьменьніка Алеся Жука – у самы цяжкі пэрыяд ягонага жыцьця, ён перанёс сур’ёзную апэрацыю на сэрцы, - прыходзіць крыклівая, вісклівая баба і крычыць, што яна ўжо рэдактар замест яго. Уяўляеце, што гэта такое?

Цяпер, скажам, такі самаадданы, такі культурны, такі шчыры чалавек, як Сяргей Законьнікаў – і яго прыходзіць замяніць чалавек, якому ня сорамна. Вось што мне страшна. Калі б мяне калісьці паслалі замяніць, дапусьцім, Танка ці Лынькова, старэйшых за мяне, - дык я ж саромеўся бы ўвайсьці ў гэты пакой, ня тое каб замяніць. Я вось думаю: што за людзі, прыйшлі, якія людзі? І пасьля, графаманы, нікчэмнасьці, у літаратурным сэнсе, -- я ня ведаю іх як людзей, але я ведаю іх як не-літаратараў – і яны будуць там кіраваць. Цяпер там пратэстуюць. Гілевіч заявіў аб сваім выхадзе з рэдкалегіі “Полымя” і “Маладосьці”. Мала хто застанецца. Я не ўяўляю сабе, хто можа застацца ў рэдакцыях працаваць дале – і ў “Полымі”, і ў “Маладосьці”.

Янка Брыль таксама заўважыў, што паўстае праблема ня толькі творчая, але і фінансавая. Ці выпадае гаварыць пра нейкія дэмаршы, напрыклад?

(Брыль: ) “І што асабліва цяжка – вот я там быў пазаўчора і глядзеў: ну дапусьцім, харошыя хлопцы такія, цудоўныя маладыя людзі – Барыс Пятровіч, намесьнік Законьнікава, Андрэй Федарэнка – малады, таленавіты... ну у нас жартуюць так: цяпер жыве альбо піянэр, альбо пэнсіянэр. У мяне як у вэтэрана дзьвюх войнаў – я удзельнічаў у вайне польска-нямецкай і пасьля яшчэ ў партызанскім руху – дык у мяне адносна прыстойная пэнсія, дык я яшчэ някепска пачуваюся, так сказаць. А вось гляджу на гэтага Андрэя і думаю: Божа, Божа, у хлопца сям’я – ну куды ён пойдзе.

Ад яго патрабаваць якойсьці вялікай самаахвярнасьці проста няёмка. Мне няёмка. Але ён жа хоча быць сумленным, застацца сумленным. Маладых асабліва шкада. Мне не падабаецца, што ў прагрэсіўным нашым друку, у той самай “Нашай Ніве” называюць нас “дзяржаўнымі” пісьменьнікамі. Я не дзяржаўны, я беларускі пісьменьнік. А што я праходзіў розныя фармацыі, што я пры Саветах жыў ці што – дык гэта ўсё адшалушваецца гісторыяй. Застаецца тое, што ты зрабіў для Радзімы, для роднай літаратуры. Ну і – бачыце, я ўжо пачынаю хвалявацца... вы гаворыце пра эмоцыі, гэта ўжо не эмоцыі, гэта боль – тое, што робіцца цяпер, пачынае нагадваць той час, час таго самага Машэрава, які мог пазваніць і сказаць “Прачытаў тваю аповесьць” ці “Прачытаў тваё апавяданьне”. Уяўляеце сабе такое?”

На момант запісу інтэрвію зь Янкам Брылём не было афіцыйнай рэакцыі Саюзу пісьменьнікаў на тыя праблемы, што мы абмяркоўваем. Вось камэнтар спадара Брыля:

(Брыль: ) “Вы ўяўляеце сабе, што такое 500 чалавек, 500 чальцоў Саюзу? Гэты Саюз даволі марудна рос, я зь Іванам Мележам быў прыняты ў гэты Саюз у першы дзень міру, 10 траўня 1945 году. Мележ быў сорак трэці, я быў сорак чауьверты ў Саюзе. А цяпер 508 ці 510 чалавек, і часам бралі без асаблівага разбору, ня так, як раней. Раней было больш строга, скажам, 2-3 чалавекі ў адзін прыём. А цяпер вось апошнімі гадамі ў нас было па 15 чалавек адразу, скопам, паўзводна. І ў гэтым Саюзе пісьменьнікаў ня толькі геніяў не 500 – цяпер жа любяць слова “геніяльнасьць”, самі маладыя, на ногі не пасьпелі ўстаць, а ўжо называюць адзін аднаго геніямі, -- там розныя людзі, там многа выпадковых людзей. Васіль Быкаў не аднойчы адкрыта пра гэта казаў, што там усялякія людзі ў ідэйным пляне.У найменшай ступені загадкавыя. Мы ўжо гаварылі пра Жука і пра Чайку. Тое самае можна сказаць пра Законьнікава і пра Мятліцкага, які замяняе старэйшага таварыша, не саромеючыся гэтага”.

Зь Янкам Брылём мы ўзгадалі факт адмены абавязковага экзамэну па беларускай літаратуры ў школе і ўвогуле гаварылі пра сытуацыю з мовай і літаратурай, пра тое, што адбываецца ў краіне.

(Брыль: ) “Студэнцкая моладзь, школьнікі старэйшых клясаў – многі разумеюць, у чым справа. Праўда, гэта страшна, калі бачыш гэтыя... Я не хаджу на дэманстрацыі, бо ў мяне такая своеасаблівая хвароба ног – я не магу стаяць. Мне трэба або ляжаць, або хадзіць, стаць дзе-небудзь і стаяць я не магу. Але на некаторых усё-такі быў. Але як глядзіш вось гэтыя кадры, дзе гэтыя падлеткі, дзяўчаткі прытым, зьбіваюцца вось гэтымі адкормленымі бугаямі з дручкамі, -- гэта ж жахліва. Да чаго расколатая нацыя, і ў якіх незразумелых мэтах.

Цяпер самакрытычна ставіцца да сябе часам нашая інтэлігенцыя, нашая апазыцыя, шмат мінусаў ёсьць у іхнай працы, але і цяжка, як ніколі”.

У нашай гутарцы мы неаднаразова ўзгадвалі пэсымізм Васіля Быкава адносна таго, што дзеецца ў Беларусі і адносна пэрспэктываў. А вось думка Янкі Брыля:

(Брыль: ) “Ну я гэтага не падзяляю. Тут можа розьніца і ў характарах. І ў творчасьці Васіля ёсьць такія ноты, якія для мяне арганічна непрымальныя. Мой аптымізм ідзе ад народу, ад народнага: выжывем усё-такі, дачакаемся нечага. Не чакаючы, ня седзячы. Будзе лепш, безумоўна. Нешта будзе”.

А калі я запыталася пра творчую працу, то Янка Брыль крыху расьсьмяяўся.

(Брыль: ) “Ну як вам сказаць, чаму я засьмяяўся: я нядаўна інтэрвію з расейскім драматургам Розавым чытаў, і ў яго таксама пытаецца маладая мілая жанчына – “Над чым вы працуеце?” – дык ён кажа: “Далібог, у маім узросьце ўжо непрыстойна працаваць”.

Я працую. На жаль, менш чым раней. Ёсьць такі запавет пісьменьніцкі: пакуль не зрабіў, не хваліся. Трэба ахоўваць, так сказаць, “інтым” творчы”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG