Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НЯМЕЦКІ ДРУК ПІША ПРА НЭЙТРАЛІЗАЦЫЮ ІНТЭЛЕКТУАЛАЎ У БЕЛАРУСІ


Алена Панкратава, Менск

Томас Вольфарт аднойчы пачуў ад менчукоў наступны анэкдот: "Ідзе беларус па вуліцы, а з адчыненага вакна на яго падае вазон з кветкамі. Калі пацярпелы прыходзіць у прытомнасьць, ён кажа: "Божа, што б было, калі б па гэтай вуліцы ішлі людзі?" Сам пацярпелы беларус сябе чалавекам ня лічыць.

Паводле нямецкага літаратара, днямі прэзыдэнт Лукашэнка чарговы раз паказаў, хто гаспадар у краіне. На гэты раз ён прадэманстраваў сваю поўную ўладу ў галіне інтэлектуальных прадуктаў. Мастацкія часопісы, якія раней традыцыйна належылі Саюзу пісьменьнікаў, цяпер належаць нядаўна прызначанаму дырэктару адмысловага холдынгу Сяргею Касьцяну. Незалежныя дагэтуль беларускамоўныя выданьні "Крыніца" і "Полымя", якія знаёмілі чытачоў з навінкамі айчыннай літаратуры ды крытыкі, друкавалі творы юных аўтараў, цяпер будуць знаходзіцца пад ідэалягічным прэсінгам. Той жа лёс і ў расейскамоўнага выданьня "Нёман".

Як піша аўтар артыкулу, падобнае стаўленьне рэжыму да беларускіх літаратараў тлумачыцца надзвычай проста. Прэзыдэнт Лукашэнка хоча найхутчэйшага аб'яднаньня з Расеяй. Незалежныя беларускія інтэлектуалы, якія адстойваюць нацыяльную мову, заўсёды былі й ёсьць перашкодай ня толькі русіфікацыі краіны, але й рэжыму ў цэлым. Захады, якія апошнім часам беларускія ўлады праводзяць супраць нацыянальнай культуры і ейных дзяячоў, гавораць самі за сябе.

Чатыры гады таму Саюз пісьменьнікаў быў пазбаўлены ўласнага будынку. Сёлета адмененыя абавязковыя экзамены па беларускай літаратуры ў школах. Вядомая і ў Нямеччыне беларуская пісьменніца Вольга Іпатава разам зь іншымі сваімі калегамі называе гэтыя дзеяньні ўладаў "цынічнымі" і пратэстуе супраць падобнага ўмяшаньня ў справу нацыянальнай культуры. “Я ведаю, што ўжо больш не змагу друкавацца ў гэтых выданьнях. Праўдападобна, што ўсім нам плюнулі ў твар”,- кажа яна. Вольга Іпатава, якая зьяўляецца старшынёй Саюзу пісьменьнікаў краіны, лічыць, што былыя шчыльныя духоўныя сувязі паміж літаратарамі й чытачамі губляюцца. Для 10-мільённай Беларусі айчынныя мастацкія выданьні маюць цяпер надзвычай малы наклад -- усяго 2000--5000 экзэмляраў.

Супраць Вольгі Іпатавай, а таксама іншых інтэлектуалаў -- рэжысэраў Хашчавацкага, Мазынскага рабіліся фізычныя напады. Невядомыя жорстка зьбівалі іх. Аднак, -- сьцьвярджае нямецкі пісьменьнік Томас Вольфарт, -- у выніку гэтага ў краіне зьявіліся яшчэ некалькі людзей, якія ня згодныя зь дзяржаўным цемрашальствам і якія разумеюць, што менавіта ім на галаву імкнуцца кінуць вазоны з кветкамі.

XS
SM
MD
LG