Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КОЛЬКАСЬЦЬ НАСТАЎНІКАЎ СЯРЭДНІХ ШКОЛАЎ БЛІЖЭЙШЫМ ЧАСАМ МОЖА БЫЦЬ СКАРОЧАНАЯ НА 20%


Ігар Карней, Менск

Пры гэтым ведамства спасылаецца на складаную дэмаграфічную сытуацыю ў краіне, на лішак выпускнікоў пэдагагічных навучальных установаў і на тое, што ад наступнага навучальнага году навучэнцы старэйшых клясаў пераходзяць на пяцідзённы навучальны тыдзень. Да таго ж, коштам вызваленых мейсцаў урад зьбіраецца падвысіць заробак тым, хто захавае свае працоўныя мейсцы.

Барацьба зь лішкам настаўніцкіх кадраў мусіць пачацца ўжо сёлета ад верасьня, калі шэраг пэдагагічных установаў краіны павінны скараціць набор на выкладчыцкія факультэты. Пакуль кіраўнікі пэдагагічных інстытутаў ды ўнівэрсытэтаў адмаўляюцца камэнтаваць незайздросную пэрспэктыву, але згодныя, што ўрэшце вымушаныя будуць падпарадкавацца вышэйшай інстанцыі. А менавіта пра радыкальную рэформу ў шэрагах настаўнікаў сярэдняй школы абвесьціў міністар адукацыі Пётар Брыгадзін у часе сустрэчы з сябрамі сталай камісіі ў справах адукцыі і навукі гэтак званай "палаты прадстаўнікоў". Пасьля апошніх рашэньняў пра неабавязковыя іспыты па беларускай літаратуры, пэрспэктыва пазбавіцца працы выглядае для настаўнікаў зусім рэальнай.

Як паведамілі ў адной зь менскіх гімназіяў, адбор кадраў будзе весьціся найперш паводле стажу ды кваліфікацыі: такім чынам, найменей шанцаў замацавацца ў штаце ва ўчорашніх выпускнікоў ВНУ. Для тых, каго ня звольняць, будзе ўведзены падоўжаны працоўны дзень (ад 8-й да 16-й) і скарочаны летні адпачынак.

Але, як прагназуюць назіральнікі, найбольш пацерпяць выкладчыкі сельскіх школаў. Паводле афіцыйнай статыстыкі, цягам апошняга дзесяцігодзьдзя колькасьць вясковых вучняў скарацілася ў тры разы -- пры тым, што штат выкладчыкаў пераважна захаваўся на ранейшым узроўні. Дзе на вёсцы настаўнікам можна працаўладкаваца замест школы -- пакуль не ўдакладняецца.

Што тычыцца гарадзкіх школаў, дык тут тэндэнцыя іншая: вучняў з кожным годам более, у некаторых школах Менску займаюцца ўжо ў тры зьмены. Такім чынам, гарадзкія настаўнікі нейкі час могуць працаваць адносна спакойна. Праўда, за адзін з самых нізкіх у краіне заробкаў...

Дырэктар Беларускага гуманітаранага ліцэю Ўладзімер Колас лічыць, што падобныя захады не павінны рабіцца наскокам і ў таямніцы ад грамадзкасьці:

(Колас:) "Тое, што адбываецца зараз з адукацыяй, зьвязана ня толькі з дэмаграфічнай сытуацыяй, але й з эканамічнай. Пра гэта сьведчыць, што сёлета школы ні капейкі не атрымліваюць на штогадовы рамонт, не кажучы ўжо пра рамонт капітальны. Мы ўжо маем прадпісаньне скараціць штаты на 10%, нягледзячы на тое, што ў нас колькасьць навучэнцаў не зьмяняецца. Усё гэта сьведчыць, што эканамічная палітыка церпіць фіяска, і гэта трэба было прадугледжваць. Такія рэзкія захады -- так рэформу ня робяць..."

(Карней: ) "На ваш погляд, ці існуе "перавытворчасьць" настаўніцкіх кадраў?"

(Колас: ) "Трэба казаць не пра "перавытворчасьць", а пра пераўтварэньне настаўніцкіх кадраў ва ў што заўгодна, але толькі не ў настаўнікаў. Прафэсія настаўніка зараз нагэтулькі непрывабная, што колькі іх не прадукуй, у школах іх будзе недахоп".

Некалькі год таму Аляксандар Лукашэнка ў часе сустрэчы з настаўніцкім корпусам краіны ва ўласьцівай яму манэры выказаўся (цытую): "Згубім настаўніка -- нам капец". Сёньня, відавочна, гэтая страта для дзяржавы ўжо не такая адчувальная.


XS
SM
MD
LG