Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ВЕРА КАСМОВІЧ: Я ДАГЭТУЛЬ СА СТАЛІНСКІМ ТАЎРОМ


Ганна Соусь, Гарадзея--Менск

З Верай Касмовіч гутарыць нашая карэспандэнтка Ганна Соусь.

Веру Касмовіч разам зь ейным мужам Яўгенам у 49-м годзе арыштавалі карнікі НКВД. Гаворыць спадарыня Касмовіч:

(Касмовіч: ) "Судзілі мяне й абвінавачвалі за ўдзел у нашай падпольнай арганізацыі "Саюз змаганьня за незалежнасьць Беларусі". Кіраўніком гэтай арганізацыі быў Іван Раманчук. Са сваёй групай ён быў на нелегальным становішчы. Я, па праўдзе казаць, ня ведала пра гэтую арганізацыю, пакуль ня выйшла замуж за майго мужа нябожчыка Яўгена Касмовіча. Але я была прыхільная да гэтай ідэі, а яна зарадзілася ў мяне з 42 году, калі я 14-гадовай дзяўчынкай упершыню пакінула сваю родную хату й пайшла пешшу ў наш цудоўны гістарычны горад Нясьвіж, каб здаць уступныя іспыты ў беларускую настаўніцкую сэмінарыю. І з таго часу, з тых нясьвіскіх крыніц у маю душу й сэрца ўлілася нацыянальная сьвядомасьць".

Калі Веру Касмовіч арыштавалі, яна была цяжарная. За кратамі, у менскай "амэрыканцы" давялося ёй выношваць сваё дзіцё.

(Касмовіч: ) "Пасадзілі мяне адразу ў адзіночную камэру. Я сядзела ў ёй адна паўтары месяцы. Выклікалі на допыты, асабліва ўначы. Удзень нельга было нават да ложка гэтага прыперціся. За гэты час мяне выклікалі да Цанавы. Першы раз я трымалася й нічога ім не сказала, а другі раз мне стала зразумела, што ім усё вядома, і я прызналася ў тым, што ведала. Пасьля гэтага прызнаньня мяне перавялі да жанчын... Потым дайшла чарга да родаў, і мяне перавезьлі ў турэмны шпіталь. 14 траўня 1949 году я нарадзіла дачушку. Роды былі надта цяжкія. І вось калі мяне пасьля родаў увялі ў палату, тыя жанчыны далі імя маёй дачушцы. Так было неяк прынята -- калі дзяўчынка родзіцца, то Людміла, калі хлопчык -- Руслан".

Суд над Верай Касмовіч адбыўся 31 траўня 1949 году, дачцэ Людміле было тады 18 дзён. Асудзілі Веру да 10 гадоў лягероў і 5 гадоў паражэньня ў правах. Потым быў этап і перасылка з малой дачкой на руках. Вера Касмовіч трапіла ў Казахстан у Кенгірскі лягер. Брала ўдзел у вядомым Кенгірскім паўстаньні. У той час там было шмат беларусаў. Адная зь іх, Яўгенія Шостак, вельмі шмат дапамагала Веры й ейнай дачцэ. Спадарыня Касмовіч дагэтуль памятае, як Жэня Шостак спытала ў яе...

(Касмовіч: ) "Божа, а за што ж Вас, зь дзіцём на руках?.." Я кажу: "Ня ведаю, не абрабавала нікога, не забіла, толькі глыбокай і шчырай любоўю я люблю сваю Беларусь. Вось за гэта". А яна мне ў адказ: "І я за гэта".

Муж спадарыні Веры Яўген Касмовіч адбываў свой тэрмін на Калыме, сустрэліся яны толькі ў Гарадзеі пасьля вызваленьня. Дачку Людмілу ў 50-м годзе забраў з Кенгіру на радзіму брат Веры, а калі тая пабачыла маці пасьля лягеру, то не пазнала яе.

(Касмовіч: ) "Яна доўгі час не называла мяне мамай. "Вы" ды ўсё... Але, дзякуй Богу, усё наладзілася ў жыцці. Сына нарадзіла. Маюць вышэйшую адукацыю і дачушка і сын. Мяне рэабілітавалі ў 67-м годзе..."

(Карэспандэнтка: ) "Хто-небудзь калі-небудзь прасіў прабачэньня ў Вас?"

(Касмовіч: ) "Па сёньня я з гэтым "сталінскім таўром" жыву, таму што ў нас такі рэжым, і такія стаўленьні да нас. Да нас няма абсалютна ніякай пашаны".

Вера Касмовіч блізка да сэрца ўспрымае тое, што адбываецца цяпер у Курапатах.

(Касмовіч: ) "Я падтрымліваю думку многіх, што крыжы -- гэта самае галоўнае, гэта сьвятая памяць..."

Гэта была Вера Касмовіч з Гарадзеі, былы вязень ГУЛАГу.

XS
SM
MD
LG