Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЖЫХАРЫ КАЛІНІГРАДЗКАЕ ВОБЛАСЬЦІ РАСЕІ НЯ СУПРАЦЬ, КАБ ІХНЫ РЭГІЁН ДАЛУЧЫЛІ ДА БЕЛАРУСІ


Юры Сьвірко, Калінінград--Менск

У апошнім нумары газэты з характэрным назовам "Страна Калининград" (датаваным 7 траўня) у артыкуле "Пуцін і наш пуць пад сонцам" аглядальнік выданьня нагадаў пра нядаўняе пасланьне прэзыдэнта Расеі фэдэральнаму сходу: "Прэзыдэнт шмат гаварыў аб праблемах стварэньня адзінай з Эўразьвязам і NATO эўрапейскае прасторы бясьпекі ды ўстойлівага разьвіцьця й аб стасунках з краінамі СНД, але нават не згадаў пра саюз зь Беларусьсю".

Далей газэта "Страна Калининград" зазначае: "Заходнія экспэрты, аналізуючы пэрыпэтыі расейска-эўрапейскага дыялёгу, ставяць калінінградзкае й беларускае пытаньні ў адзін шэраг. Мяркуючы па ўсім, пакуль яшчэ наўпрост гэтыя дзьве праблемы ня зьвязваюцца.

Аднак у камэнтарах з нагоды чарговага замаруджваньня ў разьвязаньні калінінградзкага пытаньня тэма "апошняга дыктатара Эўропы" гучыць усё гучней, што для калінінградцаў нават праз чыста эмацыйныя прычыны малапрымальна", -- напісаў аглядальнік газэты "Страна Калининград" Уладзімер Папроцкі.

Беларуская тэма ў Калінінградзкай вобласьці стае сапраўды ўсё больш актуальнай. З далучэньнем суседніх Літвы й Польшчы да Эўрапейскага Зьвязу гэтая расейская тэрыторыя будзе адрэзаная ад асноўнай Расеі ня толькі краінамі Эўразьвязу, але й Беларусьсю. Ужо сёньня калінінградцы наракаюць на беларускі мытны й памежны кантроль на мяжы зь Літвой.

Я вяртаўся ў Менск цягніком Калінінград--Масква, і літоўцы гэты транзытны маршрут увогуле не кантралявалі. Вельмі мяккай была праверка на выезьдзе з Калінінградзкай вобласьці, і вельмі грунтоўнай -- на ўезьдзе ў Беларусь. "Ня маеце права!", -- гучна крычала на ўвесь вагон нейкая расейка, якая ехала ў Смаленск. "Маем", -- адказвалі ёй беларускія мытнікі й патрабавалі ад яе дэклярацыю на валюту.

Нямецкая зямля Шлезьвіг-Гальштэйн, якая мае шчыльныя сувязі з Калінінградзкай вобласьцю, накіравала прыканцы красавіка ў самы заходні рэгіён Расеі дэлегацыю дэпутатаў свайго ляндтагу. Дэпутатка Гізэля Бэрк наўпрост сказала калінінградцам: "Ключ да разьвязаньня вашых праблемаў знаходзіцца ў Маскве. Сустракаючыся ў Вэймары з канцлерам Шродэрам, прэзыдэнт Уладзімер Пуцін нічога канкрэтнага пра вашу будучыню не сказаў. Я прыйшла да высновы, што Калінінград не знаходзіцца ў фокусе палітыкі Крамля", -- зазначыла нямецкая дэпутатка.

Ейнае меркаваньне падзяляюць і мясцовыя жыхары, якіх я апытаў на галоўным пляцы гораду (імя Калініна). Яны ўсё больш пачынаюць глядзець у бок Беларусі...

(Спадарыня: ) "Вы ведаеце, нашу ж Калінінградзкую вобласьць цярэбяць і тыя, і другія, і трэція... Усе хочуць нешта ад яе дабіцца. Але я б хацела, каб Лукашэнка быў нашым гаспадаром".

(Карэспандэнт: ) "А ня Пуцін?"

(Спадарыня: ) "Не. Ён да нас не даходзіць".

(Карэспандэнт: ) "Лукашэнка бліжэй?"

(Спадарыня: ) "Бліжэй. Мы яго любім -- вельмі!"

(Спадар: ) "Калі б расколу не было, дык Беларусь і Калінінград разам былі б. А так цяпер ужо ня тое... Разьяднанае -- гэта ня тая сыстэма, сынок. Лукашэнка, вядома ж, нашмат займаецца сваім народам лепш, чым дзесьці яшчэ -- чымсьці ў Калінінградзе, дапусьцім".

(Карэспандэнт: ) "А Пуцін?"

(Спадар: ) "А што Пуцін? Пуцін адзін нічога ня зробіць. Лукашэнка лепшы, вядома ж".

(Карэспандэнт: ) "Як Вы думаеце, варта было б вас да Беларусі далучыць?"

(Спадарыня: ) "Вядома, так. Я згодная! Кажуць, што немцы забяруць Калінінград. Гэта кроўю зарабілі нашы бацькі. У мяне загінулі ўсе дзядзькі, бацька загінуў. У майго мужа таксама ўсе загінулі. І мне хочацца, каб немцы не карысталіся гэтым".

(Карэспандэнт: ) "А што, ёсьць пагроза, што немцы тут будуць?"

(Спадарыня: ) "Так. Ёсьць пагроза. А мне гэта душу разьдзірае".

У размовах са мной калінінградцы казалі, што гістарычны прэцэдэнт ужо ёсьць -- перадача Крыма з Расеі ў склад Украіны. "Лепш Беларусь, чымсьці Нямеччына", -- кажуць жыхары самай заходняй расейскай вобласьці.

XS
SM
MD
LG