Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТЫСЯЧЫ БЕЛАРУСКІХ РАБОЧЫХ – У ЗМУШАНЫМ АДПАЧЫНКУ


Міхал Стэльмак, Менск

На Менскім падшыпнікавым заводзе сёньня было бязьлюдна. Працаваць прыйшлі толькі прадстаўнікі адміністрацыі. Вось што паведаміў нашаму радыё старшыня прафкаму прадпрыемства Ўладзімер Лазоўскі:

"Мы наогул не працуем. Сёньня было паседжаньне дырэкцыі, на якім я таксама прасутнічаў. Да 15 траўня завод ня будзе працаваць. Шэсьць з паловаю тысячаў чалавек, якія у нас працуюць, адпачываюць. За прастой ім аплочваюць дзьве траціны тарыфнай стаўкі. А стаіць прадпрыемства таму, што няма абаротных сродкаў. Інакш кажучы -- беларускія прадпрыемствы не разьлічваюцца грашыма",-- зазначыў спадар Лазоўскі.

Падшыпнікавы завод належыць да галіны аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня. Як высьвятляецца, падобным чынам складваюцца вытворчыя справы і ў прадпрыемствах іншых галінаў. Напрыклад, у радыёэлектронный прамысловасці. Вось што паведаміў на гэты конт кіраўнік сацыяльна-эканамічнага аддзелу галіновага прафсаюзу Уладзімер Галубцоў:

(Галубцоў: ) "Менскі электрамэханічны не працуе. "Калібр" не працуе, "Тэрмапляст" не працуе, "Маналіт" не працуе. Не працуюць інстытуты -- навукова-дасьледны інстытут сродкаў аўтаматызацыі, навукова-дасьледны інстытут элктронна-вылічальных машынаў, прыборабудаўнічы інстытут і шэраг іншых. А не працуюць таму, што ёсьць цяжкасьці з фінансамі. Няма сродкаў на "абаротку". Цяжка йдзе рэалізацыя".

(Карэспандэнт: ) "Якая сярэдняя заробкавая плата работнікаў вашай галіны?"

(Галубцоў: ) "У мяне ёсьць зьвесткі за сакавік. Сярэдні заробак - 150 тысячаў рублёў або 88 даляраў",

- паведаміў Уладзімер Галубцоў.

Фінансавыя цяжкасьці спрычыніліся да масавага спыненьня прадпрыемстваў або іх вытворчых структураў у рэгіёнах краіны. Да 15 траўня знаходзяцца ў вымушаным адпычынку рабочыя бабруйскага камбінату "Белшына". На травеньскія вакацыі былі накіраваныя ў гэтыя дні рабочыя шэрагу прадпрыемстваў Гомлі, Сьветлагорску, Рэчыцы, Пінску, Магілёву, Наваполацку. Многія кіраўнікі прадпрыемстваў, замест прастоеў, абралі альтэрнатыўны шлях -- яны распарадзіліся захаваць для фабрык і заводаў працоўны рэжым, але пры гэтым іхная прадукцыя ня рэалізуецца, а асядае на складох.

Вось як пракамэнтаваў цяперашнія працэсы ў рэальным сэктары айчыннай эканомікі прэзыдэнт Беларускага саюзу прадпрымальнікаў і наймальнікаў імя прафэсара Куняўскага Георгі Бадзей:

"Мне сёньня званілі з Барысаўскай макароннай фабрыкі -- "Барымакс" называецца, гэта акцыянэрнае таварыства, дык там склады перапоўненыя прадукцыяй. І яны мусяць спыніць вытворчасьць да таго часу, пакуль ня будзе рэалізаваная прадукцыя. Тавары, што вырабляюцца беларускімі прадпрыемствамі, сталі на рынках неканкурэнтаздольнымі як з-за цэнавага фактару, гэтак і з-за якасьці. Таму і перапоўненыя склады прадпрыемстваў",-- паведаміў Георгі Бадзей.

Паводле ягоных словаў, гэта ёсьць наглядным вынікам памылковай эканамічнай палітыкі дзяржавы.

XS
SM
MD
LG