Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛЯВОНАВУ НЕ ДАЮЦЬ СЬВЯТКАВАЦЬ НАРОДЗІНЫ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Да гэтага часу Міхалу Лявонаву не дазваляюць сустракацца са сваякамі, а ўчора пазбавілі й магчымасьці атрымаць ад сям'і віншаваньне з днём народзінаў. Жонка і дочкі спрабавалі павіншаваць Лявонава праз радыё "Сталіца", але з гэтага нічога не атрымалася. Распавядае жонка Лявонава Алена...

(Алена Лявонава: ) "Мы з дачкой адвезьлі на радыё тэкст віншаваньня, там прачыталі, сказалі, што ўсё добра, паабяцалі, што ў нядзелю пойдзе ў эфір, але так нічога не прагучала. Радыё "Сталіца" было абрана таму, што гэта адзіная FM-станцыя, якую дазваляюць слухаць у ізалятары. І тэкст быў самы звычайны: "Віншуем з днём нараджэньня Лявонава Міхала Васільевіча, жадаем здароўя і мужнасьці". Нічога такога...", -- казала жонка Міхала Лявонава.

Дагэтуль няма пэўнасьці накот таго, у чым падазраецца былы дэрэктар МТЗ. Спачатку Міхала Лявонава абвінавацілі ў крадзяжы дзяржаўнай маёмасьці шляхам розным махінацыяў на заводзе. Аднак нядаўняе абсьледваньне кватэры Лявонава экспэртамі-будаўнікамі й таваразнаўцамі, якія ацэньвалі кошт кватэры і хатняй маёмасьці, на думку ягонага адваката азначае, што ў сьледчых нестае доказаў віны Лявонава як дырэктара завода. Магчыма, каб дамагчыся ад яго прызнаньняў, Лявонава перавялі ў сьледчы ізалятар у Жодзіне, які лічыцца ўстановай з самым жорсткім рэжымам утрыманьня.

Тым часам, працягваецца і чарговая праверка на МТЗ. Паводле незалежных крыніцаў, сьледчыя ў тым ліку спраўджваюць факты, пра якія напісаў Лявонаў у сваім нядаўнім лісьце да Аляксадра Лукашэнкі. Гэтая праверка яшчэ працягваецца, а пакуль працягваецца і рэжым інфармацыйнага вакууму вакол экс-дырэктара найбуйнейшага прадпрыемства краіны Міхала Лявонава.
XS
SM
MD
LG