Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА. КАЛЯНДАР СВАБОДЫ.


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Міхаіл Чыгір: ) "Ёсьць адвакаты, якія вельмі расчараваныя сытуацыяй, што склалася ў апошні час. Яны кажуць, што становяцца непатрэбнымі людзям, бо іх кваліфікаваная абарона нічога не дае. Нягледзячы на тое, што яны з сухім лікам, як кажуць, тры нуль выйграюць у судзьдзяў, тыя ўсё роўна абвяшчаюць прысуд у адваротным кірунку. Таму расчараваньне там безумоўна ёсьць".

Гэтак кажа Міхаіл Чыгір, які асабіста прайшоў праз два судовыя працэсы, ды яшчэ два суды былі над ягонымі блізкімі сваякамі, і таму ён ведае праблемы адвакатаў дасканала. Ад сябе дадам, што адзін зь ягоных абаронцаў быў падчас сваёй працы жорстка зьбіты, другога пазбавілі адвакацкай ліцэнзіі, яшчэ быў адвакат, які сам папрасіў разарваць зь ім дамову, а калі бараніць мужа ўзялася жонка Юлія, то неўзабаве і яна аказалася на лаве падсудных. Дык ці варта ўвогуле ў змаганьні зь дзяржаўнай машынай карыстацца паслугамі адвакатаў?

Сёньня мы абмяркуем становішча з адвакацкай дамапогай. Нагадаю, Канстытуцыя гарантуе права грамадзяніна на незалежную юрыдычную дапамогу, але ў 1997 годзе Аляксандар Лукашэнка падпісаў дэкрэт, які абавязаў ўсе адвакацкія канторы падпарадкоўвацца міністэрству юстыцыі. На практыцы гэта азначала ліквідацыю незалежнасьці адвакацкай сыстэмы, бо працаваць ня ў складзе адвакацкай канторы адвакату з таго часу забараняецца. Дзяржава, аднак, ня бачыць у гэтым нічога заганнага.

Сьцьвярджаецца, што такім чынам удалося стрымаць цэны на дзяржаўныя паслугі і нават бясплатна забясьпечваць юрыдычнай дамапогай тых, хто ня здольны плаціць. А гэта, маўляў, і ёсьць гарантаванае Канстытуцыяй права на дапамогу. Аднак існуюць і іншыя погляды. Вера Страмкоўская, адзін з 500 адвакатаў, якія маюць ліцэнзію ў Беларусі, пералічае наступныя абмежаваньні яе магчымасьці абараняць людзей. За актыўнасьць ў супрацьстаяньні з карнымі органамі яна можа атрымаць заўвагу, што прывядзе да страты ліцэнзіі. Акрамя таго, закон абавязвае яе рабіць справаздачы, якія парушаюць канфыдэнцыйнасьць ў зносінах з падабароннымі і не гарантуюць таямніцы гэтых зносінаў. А гэта падрывае давер паміж кліентам і адвакатам.

Мы яшчэ вернемся да досьведу вядомай праваабаронцы Веры Страмкоўскай, а цяпер я прапаную вашай увазе сюжэт з Гомеля ад нашага карэспандэнта Казімера Яноўскага. Героем ягонага сюжэту будзе адвакат, які меў сьмеласьць абараняць людзей, няўгодных прадстаўнікам улады.

(Яноўскі: ) "Амаль тры гады малады гомельскі адвакат Зьміцер Іванішка займаўся адвакацкай практыкай без усялякіх апасеньняў за сваю будучыню. Праблемы ў яго пачаліся пасьля ўдзелу ў гучных справах зь яўным палітычным адценьнем. Гэта працэс пра хабарніцтва ў Гомельскім мэдычным інстытуце, абарона інтарэсаў рэчыцкай актывісткі Натальлі Брэль, а таксама бацькі памерлага Андрэя Зайцава, якога вэрбавалі супрацоўнікі КГБ.

(Іванішка: ) "Мяне канкрэтна папярэджвалі мае старэйшыя калегі ня лезьці ў гэтыя справы, бо будзе дрэнна".

(Яноўскі: ) "Гэтак і адбылося. Калегія адвакатаў учыніла праверку, аднак ані на працэсах, ані на кансультацыях, якія даваў малады адвакат, ніхто не прысутнічаў. На падставе даведкі пра непадшытыя справы, неакуратна аформленыя квітанцыі на прыём грошай ад кліентаў адвакату Іванішку была абвешчаная вымова”.

(Іванішка: ) "Гэта сталася вынікам двух рэчаў. Па-першае, я ўдзельнічаў у гучных справах, і па другое, пра гэтыя справы я распавядаў у прэсе. Мне казалі, што праваабаронца мае права гэта рабіць, але адвакат — гэта не праваабаронца".

(Яноўскі: ) "Пікантнасьць сытуацыі ў тым, што за дзьве вымовы паводле беларускага заканадаўства адвакат выключаецца з адвакацкай калегіі і губляе права на адвакацкую дзейнасьць. Абароненасьць самога адваката, як мяркуе Іванішка, можна падвысіць".

(Іванішка: ) "Мяркую, трэба аднавіць прыватную адвакацкую практыку, гэта галоўнае, і зрабіць ліцэнзію безтэрміновай".

Да гэтых меркаваньняў гомельскага адваката Іванішкі цалкам далучаецца наш сёньняшні кансультант Вера Страмкоўская. Аднак яна лічыць, што справа ня толькі ў адміністрацыйнай залежнасьці адваката ад улады. На яе думку, якасьць абароны правоў людзей магчыма падвысіць і праз выкарыстаньне матэрыяльных стымулаў, але спачатку трэба збалянсаваць магчымасьці абароны з магчымасьцямі яе натуральнага суперніка — сьледзтва. На думку Страмкоўскай, новы крымінальны кодэкс становішча толькі пагоршыў.

(Страмкоўская: ) "Я б сказала, што гэта пагоршыла правы людзей, якіх мы абараняем зараз, і пагоршыла таксама нашае становішча. Таму што там шмат прапісаныя правы сьледчых, якія вядуць справы, але не прапісаныя гэтак сама правы адвакатаў. Гэта ж тычыцца нормы пра тое, што суд можна цяпер перанесьці яшчэ на 10 дзён, каб за гэты час магчыма было дадаць да справы яшчэ штосьці, але цягам гэтых 10 дзён адвакат не карыстаецца тымі ж правамі, што і сьледчы. Гэта сур'ёзна парушае правы і падсудных, і адвакатаў.

Цяпер што да кансультацыяў, якія даюцца на падставе 46-га артыкулу адміністрацыйна-працэсуальнага кодэксу, калі адваката выклікаюць ў РАУС, дзе ён павінен даць бясплатную кансультацыю. Па-першае, у РАУСах няма ўмоваў для такіх кансультацыяў, па-другое, такая кансультацыя ад чалавека, які не зацікаўлены далей весьці працэс, не на карысьць падабароннаму. Магчыма, тут варта памяняць і сыстэму аплаты. Ствараць так званыя муніцыпальныя адвакацкія канторы, ў якіх за грошы дзяржавы будуць аказваць такія паслугі, а астатнім адвакатам даць магчымасьць мець прыватную практыку. Зацікаўленасьць была б у людзей".

Наступную нашую перадачу мы плянуем прысьвяціць тэме незаконнага ўмяшальніцтва дзяржавы ў прыватнае жыцьцё грамадзянаў. Ня толькі да вядомых палітыкаў, але і да звычайных людзей часам выкарыстоўваюцца захады, якія парушаюць іхныя правы на прыватнае жыцьцё. Пра гэта і пагаворым.

І напрыканцы — навіна тыдня пра зьніклых палітыкаў. Сваякі і жонкі зьніклых праз Барыса Нямцова, які быў у Менску, перадалі для Ўладзімера Пуціна чарговы ліст з напамінам пра гэтую праблему. Тлумачыцца, што ліст прымеркаваны адмыслова да сустрэчы Пуціна з Бушам, якая неўзабаве пройдзе ў Маскве. Як паінфармавалі з атачэньня Барыса Нямцова, ліст да Пуціна ў ягоную канцылярыю ужо перададзены.
XS
SM
MD
LG