Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВОЛЬГА ІПАТАВА: КРЭСЛА СТАРШЫНІ СБП – ЭЛЕКТРЫЧНАЕ КРЭСЛА


Гутарыла Ірына Халіп

Бясьсільле пісьменьнікаў часам пераходзіць у гістэрыку і прымушае іх шукаць вінаватых сярод уласных калег. І многія абвінавачваюць старшыню Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вольгу Іпатаву ў тым, што яна не выканала сваіх абавязкаў.

(Халіп: ) “Атака дзяржавы на беларускія літаратурныя часопісы працягваецца. Але цяпер пісьменьнікі заклапочаныя пошукам вінаватага. У чацьвер часопіс "Крыніца" прыняў рэзалюцыю, у якой выказаў недавер старшыні Саюзу беларускіх пісьменьнікаў Вользе Іпатавай. Вольга Міхайлаўна, што вы адчулі, калі прачыталі гэтую рэзалюцыю? Гэта ж Ваш часопіс...”

(Іпатава: ) “Шчыра кажучы, калі я сыходзіла адтуль, Валянцін Акудовіч сказаў: "Не, такую рэзалюцыю, у такім выглядзе, мы прымаць ня будзем". Думаю, і ня прымуць у такім варыянце. А ўвогуле - гэта адна з частак таго шаленства, таго вар'яцтва, якое захапіла нашае грамадзтва. Гэта ідзе ўжо даўно, і наступае такі момант, калі чалавек перастае адэкватна ўспрымаць рэчаіснасьць. І тады пачынаецца пошук ворагаў сярод сваіх. Таму што тыя, што напалі, тыя, што зрабілі крыўду, - яны далёка, да іх не дацягнешся. А свае - яны тут, яны блізка, і гэта так спакушальна - сказаць, што у тым, што часопіс "Крыніца" захоплены так груба і так подла, ёсьць віна Саюза беларускіх пісьменьнікаў. Але гэта нонсэнс!”

(Халіп: ) “А Вы як старшыня Саюзу пісьменьнікаў зрабілі сапраўды ўсё, што маглі? Шчыра кажучы, я не вельмі добра ўяўляю сабе Вашыя абавязкі ў гэтай сытуацыі, і таму патлумачце, калі ласка, што Вы павінны былі зрабіць, што Вы маглі зрабіць і што Вы зрабілі?”

(Іпатава: ) “Саюз беларускіх пісьменьнікаў зрабіў усё, каб падняць часопіс "Крыніца", які пасьля гвалтоўнага зьезду галоўнага рэдактара Валодзі Някляева быў цалкам зьнішчаны. Мы знайшлі грошы на аўдытарскія праверкі, без якіх часопіс ня змог бы падняцца. Мы спрабавалі павярнуць часопіс у сучасным накірунку. Сучасны накірунак - гэта пісьменьнік, які валодае па меншай меры кампутарам, які валодае асновамі менэджмэнта, калі ўжо бярэцца за часопіс. І Ала Канапелька ўсё гэтае спрабавала зрабіць. Але бяда ў тым, што нашыя хлопцы павісьлі на Але Канапельцы, як на мамцы, якая павінна для іх усё зрабіць, а ім застаецца толькі чыстая творчасьць. На жаль, я гэта ўсё ведаю - тая ж сытуацыя была ў газэце "Культура", дзе я была галоўным рэдактарам. Там я займалася і ідэалягічным, і матэрыльяным забесьпячэньнем. У "Культуры" была старонка "ЗНО", дзе Валянцін Акудовіч рабіў свае першыя крокі. Памятаю, у нас была зь ім размова, і ён сказаў: "Вольга Міхайлаўна, я не магу сам брацца за гэтую справу, мне патрэбна быць за чыёйсьці сьпіной". Вось так, прывыкшы ўвесь час быць то за сьпіной Някляева, то за сьпіной Алы Канапелькі, то за маёй сьпіной, часопіс "Крыніца" зараз і шукае ворага”.

(Халіп: ) “Але мне здаецца, што беларускія мужчыны вельмі часта аддаюць перавагу таму, каб схавацца за жаночай спадніцай. Можа, вы проста сталі ахвярай гэтай дзіўнай мэтамарфозы, што адбылася з народам?”

(Іпатава: ) “Калі гаварыць пра народ, то сапраўды адбываецца вось што (гэта мая асабістая думка). Мы - народ, які заўсёды жыве пад вайной. Хлопцы нашыя гадаваліся бязбацькавічамі, іх выхоўвалі бабулі і матулі, і таму гэты пачатак - схавацца за бабуліну-матуліну сьпіну - ён у падсьвядомасьць у нечым закладзены. Для мяне вельмі звыклая гэтая сітуацыя. Мужчыны часам самі ня ўсьведамляюць гэта, але яно ёсьць. І мужчына, нават калі жэніцца, шукае ў жонцы апірышча, шукае і мамку, і бабку. А павінен ён быць абаронцам, і менавіта так яго трэба выхоўваць. Вось я ў сваёй дзейнасьці заўсёды чакала ад мужчынаў абароны, а ў выніку ня тое што не дачакалася, а яшчэ і сама павінна іх абараняць”.

(Халіп: ) “А зараз Іпатава вінаватая ў тым, што не абараніла літаратурныя часопісы ад рэжыму. Дарэчы, памятаю, Вольга Міхайлаўна, яшчэ калі мы з Вамі размаўлялі па тэлефоне, вы цытавалі Алену Рэрых. Вы можаце ўзгадаць гэтую цытату?”

(Іпатава: ) “Алена Рэрых - мудры чалавек, і яна, як многія дасьведчаны людзі, сьцьвярджае, што армагедон ужо пачаўся. Ён у тым шаленстве, які ахоплівае грамадзтва. Рэрых пісала, што людзі страцяць давер, прывыкнуць да розных выкрутасаў, каб зашкодзіць адно аднаму, прывучацца ненавідзець адно аднаго, ня бачыць таго, што знаходзіцца за межамі іхнай хаты, пагрузнуць у безадказнасьці. Да ўсіх шаленстваў далучыцца яшчэ адно, самае страшнае - зноў узгарыцца барацьба паміж мужчынскім і жаночым пачаткамі, і служыцелі цемры будуць выганяць жанчын з тых галінаў, дзе яны змогуць прынесьці найбольшую карысьць.

Я не хачу сказаць, што ў нас тут ужо такая цемра, але, прынамсі, нешта ў гэтым ёсьць. І жанчыны зараз спрабуюць знайсьці нейкі кампраміс, таму што дыялёг у сёньняшнім грамадзтве вельмі патрэбны. Вядома ж, баліць сэрца з таго, што адбываецца, і пісьменьнікі пра гэтае гаварылі. Калі зьнікне Саюз пісьменьнікаў, зьнікне яшчэ адна інстанцыя, якая можа хаця б сказаць. Бо чым сёньня валодаюць пісьменьнікі? Толькі словам!”

(Халіп: ) “Дарэчы, пра слова. Янка Брыль забраў свае творы, якія былі ўжо падрыхтаваныя да публікацыі з рэдакцыі. Але астатнія не зрабілі ніводнага крока. Але, можа, лепш было б усім дамовіцца ды байкатаваць гэтыя новыя часопісы? Можа, гэта было б эфэктыўным? Я ж ня думаю, што група так званых баталістаў-марыністаў, якія хочуць далучыцца да расейскага саюзу пісьменьнікаў, складае абсалютную большасьць”.

(Іпатава: ) “Не адзін Янка Брыль - ведаю, што ўжо і Радзім Гарэцкі забраў рукапіс, і іншыя, думаю, зробяць тое ж. Вядома ж, лепш было б дамовіцца. Напэўна гэта быў бы вельмі эфэктыўны крок. Але, на жаль, у нашым грамадзтве пануе страх. Страх і нежаданьне прымаць рашэньні. Калі з тым жа Лёнем Галубовічам мы вялі гутарку, якім павінен быць часопіс і што нам трэба рабіць, каб ісьць да чытача, і ён сказаў: "Дасьць Бог, як-небудзь пранясе.

Дык не пранесла ж! Вось яно прыйшло! І той, хто думае, што пранясе, павінен ведаць: нічога гэтага ўжо ня будзе. Не пранясе. І будзе тое, што задумана. часопісы празь нейкі час перастануць быць літаратурнымі. Прыдумаюць, што няма добрай літаратуры, ці патрэбнай, ці той, якая ім патрэбная. А потым якое-небудзь таварыства, які-небудзь маладзёвы рух - ну, БПСМ зараз разганяюць, але штосьці падобнае будзе ўсё роўна, - возьме сабе гэты часопіс (мы ж ведаем, што гэтая арганізацыя вельмі хацела ўзяць сабе ў той час "Крыніцу"). Возьме, і праз нейкі час ён перастане быць і беларускім. Нездарма ж на радзе гаварылася: "На якой мове захочам, на такой і будзем выдаваць". І тады мы пазбавімся ўсіх літаратурных выданьняў. Апроч тых, якія, можа, мы потым арганізуем самі і ў якіх будзе сапраўдная літаратура”.

(Халіп: ) “Вы кажаце зусім сумныя і безнадзейныя рэчы. Але ж не заўсёды ўсё было так сумна - быў жа пэрыяд, калі пісьменьнікі і, дарэчы, Саюз беларускіх пісьменьнікаў, захоўвалі кантроль над сытуацыяй. У які момант ён быў страчаны і ці можна было гэты кантроль захаваць?”

(Іпатава: ) “Саюз пісьменьнікаў вытрымаў многія ўдары за апошнія гады. Пад адхон гэты цягнік пайшоў ужо даўно. Калі выбіралі Някляева, многія спадзяваліся пераламіць сытуацыю. І тое, што зь ім сталася, прымусіла ўжо проста ўтрымліваць саюз. Тое, што зараз адбываецца, - гэта таксама водгульле тых падзеяў, калі можна было б пераломваць сытуацыю. За гэтыя гады мы маглі б забясьпечаць нейкія шляхі на магчымае пахаладаньне, на магчымыя гэтыя падзеі. Мы не маглі ўявіць, што будзе тое, што адбываецца сёньня. І таму натуральна, што сёньня ўсе шукаюць вінаватага. Але няхай кожны пісьменьнік падумае: што ён будзе без Саюза пісьменьнікаў? Каму будзе той жа Лёня Галубовіч даказваць, што ён харошы пісьменьнік? Прыдзе ён да якога-небудзь чыноўніка па ўласнай патрэбе, ці засноўваць часопіс, ці яшчэ па што-небудзь, а яму скажуць: "У цябе, напрыклад, пяць кніжак, а ў таго, каму які-небудзь нафтахім дапамог выдаць кніжкі, - іх 22. І такім чынам, ён у пяць разоў большы за цябе пісьменьнік". І каму ён будзе што даказваць? Разумееце, мы не стратэгі. А стратэгія заключаецца ў тым, каб прадбачыць на некалькі крокаў наперад”.

(Халіп: ) “Але калі паглядзець на адзін крок наперад, хутка адбудзецца зьезд Саюзу беларускіх пісьменьнікаў. І, калі я валодаю правільнай інфармацыяй, прэтэндэнтаў заняць Вашу пасаду няма. Чаму?”

(Іпатава: ) “Таму што гэта - электрычнае крэсла. А хто ж добраахвотна сядзе на электрычнае крэсла? Для мяне асабіста, калі гаворыцца "ўлада", то гэта ў высокім сэнсе гучыць як "ахвяра". Любая ўлада - якая там улада ў Саюзу пісьменьнікаў - хіба што духоўная - павінна быць ахвярай. У гэтым сэнс - не любавацца сабой, а ахвяраваць нечым у сабе. Тады гэта будзе нармальна. Мая думка - што Саюз пісьменьнікаў патрэбны. Вельмі патрэбны, больш, чым пра гэта думаюць самі пісьменьнікі. І калі яны не разумеюць, што ён ім патрэбны, дык ён патрэбны і ў грамадзтве. Хаця б проста як сімвал. Так, сёньня Саюз пісьменьнікаў можа даць нямнога. Але гэта час, калі ўжо трэба аддаваць яму. І гэты сімвал павінен быць хаця б для тых, хто любіць беларускае слова.

Таму, калі я чую гэтае галёканьне, мне становіцца сумна. Але ў гэтай сытуацыі ўсё могуць вырашыць толькі самі пісьменьнікі. Ці згодныя яны пайсьці ў свабоднае плаваньне? Няма больш няняк, ніхто ня будзе зараз зь імі песьціцца, насіцца, расказваць ім, якія яны таленавітыя. Зараз час аддаваць. І тыя, хто нешта атрымаў ад саюзу - а яны сапраўды атрымлівалі, напрыклад, кватэры. Прыяжджалі з правінцыі і атрымлівалі. Сапраўдных менчукоў жа ў саюзе мала. Гэта ўсё - правінцыя, сьвежыя сілы, беларускія крыніцы, увасабленьнем беларускага слова яны прыяжджалі ў Менск, заставаліся ў рэдакцыях і атрымлівалі жытло. За ўсё атрыманае трэба плаціць. Але калі пісьменьнікі ня хочуць плаціць - значыцца, гэты саюз больш ня будзе існаваць”.

(Халіп: ) “Асабіста Вы чаго чакаеце ад зьезду Саюзу пісьменьнікаў?”

(Іпатава: ) “Для мяне быў бы самы лепшы варыянт, калі б хтосьці сам пайшоў як ахвяра - за саюз, за грамадзтва - на гэтае электрычнае крэсла. Можа, гэта быў бы малады чалавек... Калі мяне ўгаворвалі - я ж не хацела, адмаўлялася, - мне казалі: "Ідзі, сьцісьні сэрца і ідзі працаваць на літаратуру". Дык вось, зараз я зь лёккім сэрцам пакінула б гэтае крэсла. Я была ў ім чатыры гады, і чатыры гады я працавала. Можа быць, з аб'ектыўнага пункту гледжаньня, гэтага было недастаткова. Але з майго пункту гледжаньня - я аддавла ўсё, што магла. Усе высілкі, душу, сэрца аддавала гэтай справе. І калі знойдзецца такі ж чалавек - гэта будзе шчасьце”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG