Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКІ ДЫЯЛЁГ НА ІНТЭРНЭЦЕ. НОВЫ АНАЛІТЫЧНЫ САЙТ СВАБОДЫ, ІНТЭРНЭТ НА КУБЕ ДЫ ІНШАЕ


Вольга Караткевіч, Прага

Зараз па-ангельску можна чытаць аналітычныя артыкулы, прысьвечаныя Беларусі. Радыё Свабода запусьціла аналітычны сайт з аглядам падзеяў у краінах Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе, Цэнтральнай Азіі, на Каўказе, у Іране і Іраку. Сайт зьявіўся прыкладна 2 месяцы таму, яго адрас: www.regionalanalysis.org .

Ініцыятыва пашыраць аналітычныя матэрыялы Свабоды фактычна ўзьнікла гады 4-5 таму назад. Кіраўніцтва Радыё Свабода-Радыё Свабодная Эўропа вырашыла паказаць працу Радыё заходняму сьвету і тое, што адбываецца, напрыклад, у Армэніі, Беларусі, Эстоніі і гэтак далей.

Такім чынам узьніклі аналітычныя тыднёвікі, першым істотным і важным выданьнем стала Newsline, якому ў красавіку сёлета споўнілася 5 гадоў. Тыднёвік “Польшча, Беларусь, Украіна” ўзьнік пазьней, зараз ён зьмяшчаецца на сайце. Апошні матэрыял пра Беларусь прысьвечаны выступу Аляксандра Лукашэнкі перад “нацыянальным сходам”. Гаворыць рэдактар тыднёвіка “Польшча, Беларусь, Украіна” Ян Максімюк:

(Максімюк: ) “Яшчэ пра Беларусь на гэтым сайце можна пачытаць у Newsline. Там заўсёды, штодня, 5 разоў на тыдзень, можна знайсьці недзе словаў 400-500 пра тое, што за папярэдні дзень адбылося ў Беларусі. Гэта тое, што я пішу пра Беларусь”.

(Караткевіч: ) “А пра што будзе Ваш наступны артыкул?”

(Максімюк: ) “У наступны аўторак зьявіцца мой тыднёвік, які будзе прысьвечаны, агульна кажучы, змаганьню прэзыдэнта Беларусі з нацыяналізмам. Гэта – апошнія падзеі, зьвязаныя з утварэньнем голдынгу, у які аб’ядноўваюць усе беларускія літаратурныя выданьні, лукашэнкавы загад перапісаць падручнікі гісторыі, гуманітарных навуках, іншыя справы, зьвязаныя з наступам на свабоду слова ў Беларусі”.

(Караткевіч: ) “Ці ўжо ёсьць ужо нейкая статыстыка зацікаўленьня беларускай праблематыкай?”

(Максімюк: ) “Пад канец апошняга году лік падпішчыкаў на мой тыднёвік быў недзе 1700 асобаў і гэты лік павялічваўся – паўтары-дзьве асобы на дзень”.

(Караткевіч: ) “Як можна з Вамі скантактавацца праз сайт, каб выказаць заўвагу, падзяліцца ўражаньнямі?”

(Максімюк: ) “На сайце ёсьць усе патрэбныя адрасы: і электронныя, і тэлефоны. Болей - непасрэдны мой кантакт з чытачамі – я кантактую зь імі электроннай поштай. Нехта прысылае заўвагі, абураецца тым, што я пішу нехта – хваліць. Я штодня маю непасрэдны кантакт”.

Рэдактар аналітычнага штотыднёвіка “Польшча, Беларусь, Украіна” Ян Максімюк расказаў пра новы сайт Радыё Свабода з аналітычным аглядам падзеяў у краінах, на якія вяшчае радыёстанцыя.

Ян Максімюк адзначыў, што піша артыкул пра аб’яднаньне літаратурных часопісаў і магчымыя наступствы для культурнага працэсу. Зьвярну вашую ўвагу, што на сайце Беларускай свабоды мы праводзім апытаньне, ці павялічыцца наклад беларускіх часопісаў пасьля стварэньня голдынгу. Наш адрас: www.svaboda.org

Часапіс новай культуры і новых тэхналёгіяў Wired, які піша пра тое, як разьвіваюцца сучасныя тэхналёгіі ў сьвеце, зьмясьціў дадзеныя ЦРУ з Усясьветнай кнігі фактаў пра карыстаньне Інтэрнэтам у сьвеце. Паводле зьвестак за 2001 год, у Беларусі 10 тысячаў карыстальнікаў на каля 10 мільёнаў насельніцтва, і яна на адным узроўні ў Эўропе, напрыклад, з Альбаніяй. На гэты момант фігуруюць розныя лічбы пра колькасьць карыстальнікаў Інтэрнэтам у Беларусі – ад 40 да 100 тысячаў. Цікавымі падаліся лічбы адносна Кубы – 60 тысячаў карыстальнікаў на 11 мільёнаў насельніцтва. Атрымоўваецца, што, паводле Усясьветнай кнігі фактаў, выдаванай ЦРУ, на Кубе зь Інтэрнэтам прасьцей, чым у Беларусі. Аднак сьведчаньні тых, хто наведаў Кубу, гавораць пра адваротнае. Пра Інтэрнэт на Кубе мне расказаў кіраўнік Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Алег Панфілаў:

(Панфілаў: ) “Інтэрнэт на Кубе ёсьць. Але ён даступны толькі для вельмі абмежанавай колькасьці людзей. Па-першае, гэта – намэнклятура. Але гэта выключна ў дзяржаўных мэтах. Куба – гэта Савецкі Саюз 30-ці гадовай даўніны. Гэтая намэнклятура мае доступ да Інтэрнэту, як маюць доступ да Інтэрнэту і турыстычныя агенцыі. Уся астатняя частка насельнітцва доступу да Інтэрнэту ня мае, бо на Кубе забароненае прыватнае карыстаньне кампутарам. Гэта значыць, што купіць кампутар на Кубе кубінцу ня можна. Хаця іх прадаюць у даляравых крамах і для таго, каб мець кампутар, трэба прайсьці некалькі этапаў – знайсьці замежніка, які купіць гэты кампутар, а пасьля пайсьці з гэтым замежнікам і кампутарам да натарыюса, замежнік павінен завізаваць дарчую таму кубінцу, які будзе шчасьлівым уладальнікам гэтага кампутара. Але гэта не азначае, што кубінец падключыцца да Інтэрнэту. Гэта – немагчыма”.

Алег Панфілаў адзначыў, што правайдэр на Кубе дзяржаўны.У буйных гарадах Кубы ёсьць камунікацыйная кубінска-італьянская фірма, ёсьць спэцыяльныя пункты, куды могуць зайсьці толькі замежнікі, прад’явіць пашпарт, зарэгістравацца, заплаціць каля 5-даляраў і карыстацца каля 10 гадзінаў Інтэрнэтаў. Толькі для замежнікаў. Алег Панфілаў працягвае:

(Панфілаў: ) “На Кубе ёсьць яшчэ адзін вельмі цікавы сэрвіс, я ведаю ўдзельнікаў гэтага працэсу, натуральна, я ня буду гаварыць пра іх. Ёсьць такі сэрвіс: дзяржаўныя чыноўнікі, якія хочуць крыху зарабіць яшчэ налева, і тыя, хто маюць дома мадэм і доступ да Інтэрнэту, яны прадаюць час. Да іх можа прыйсьці які-небудзь чалаве і за нейкую плату пакарыстацца Інтэрнэтам”.

Алег Панфілаў амаль перакананы, што складанасьцяў канраляваць перадаваную інфармацыю у кубінскіх уладаў не ўзьнікае:

(Панфілаў: ) “Кубінскае КГБ Сэкурытат рыхтавалі і ў Маскве і ў Бэрліне, зараз мае галяндзкія калегі раскапалі вялікі архіў пра тое, як Штазі рыхтавала кубінскіх КГБэшнікаў – Сэкурытат. Ёсьць адмыслова створаныя ў першыя гады Камітэты абароны рэвалюцыі – на кожнай вуліцы. І калі замежнік зьяўляецца на вуліцы, ён павінен быць перакананы, што ў камітэце ўжо ведаюць, што зьявіўся замежнік. Яго заўважылі, даклалі куды трэба, фармальна дабраахвотна, а насамрэч гэты моцна распаўсюджаная сыстэма сэксотаў”.

Распавядаў Алег Панфілаў, кіраўнік Цэнтру экстрэмальнай журналістыкі Саюзу журналістаў Расеі. Адзначу, што на сайце Цэнтру багата інфармацыі пра парушэньні правоў журналістаў і сродкаў масавай інфармацыі ў Беларусі. Сярод апошніх паведамленьняў – інфармацыя міжнароднай арганізацыі Рэпартэры бязь межаў, якая Беларусь унесла ў сьпіс краінаў, у якіх найбольш складаныя ўмова для дзейнасьці СМІ. Адрас: www.cjes.ru

Тэма крадзяжоў у Інтэрнэце ў Беларусі абмяркоўваецца даўно, але пакуль бязвынікова. Зусім нядаўна з фактамі выкарыстаньня іхнай інфармацыі, без усялякіх спасылак, прыйшлося сутыкнуцца калектыву спартовай газэты "Прессбол". Толькі што створаным сайтам ужо пасьпелі пакарыстацца ў сваіх мэтах калегі зь іншых выданьняў. Больш падрабязна пра гэта – Ігар Карней.

(Карней: ) “Нарэшце ў Беларусі зьявіўся першы па-сапраўднаму насычаны разнастайнай інфармацыяй сайт для спартоўцаў і пра спартоўцаў. Фактычна, гэта Інтэрнэт-вэрсія самай масавай недзяржаўнай спартовай газэты "Прессбол".
Матар'ялы сьвежага нумару выстаўляюцца ў Інтэрнэт за 12 гадзінаў да яго здачы ў друкарню, таму ў рэдакцыі небеспадстаўна хваляваліся, што пэўная частка чытачоў газэты, якія маюць доступ да сеціва, вырашыць заашчадзіць і цалкам пераарыентуецца на электронны варыянт газэты. Але зараз у "прэсболаўцаў" баліць галава зь іншай, нечаканай для іх, праблемы: матар'ялы выданьня бессаромна крадуць газэты, якія маюць спартовыя рубрыкі. Як сьцьвярджае кіраўніцтва "Прессбола", — інтэрнэтзлодзеі карыстаюцца з адсутнасьці адпаведных законаў.

Сыстэмны адміністратар сайту "Pressball.by" Сяргей Жаўнэрчык кажа, што тэхнічна можна заблякаваць сайт і даваць інфармацыю выбраным.

(Жаўнэрчык:) "Мяркуюць, што калі мы выставаілі матар'ялы дзеля ўсеагульнага азнаямленьня, дык кожны можа выкарыстоўваць іх паводле ўласнага разуменьня. Часткова гэта так, але спасылкі ўсё роўна трэба рабіць, нават калі заканадаўства гэта не акрэсьлівае. Гэта ступень маральнасьці. Зрэшты, калі б мы хацелі зачыніць нейкую інфармацыю, мы маглі б зрабіць на сайце разьдзел альбо платны, альбо толькі для падпісчыкаў, альбо зрабіць доступ толькі паводле паролю. Але мы ад пачатку плянавалі сайт як вельмі дэмакратычны. Хтосьці зразумеў гэта інакш: маўляў, якая розьніца — узяць зь Інтэрнэту ці проста перадрукаваць з газэты? Паспрабуй нават праз суд даказаць, што гэта ўзята не з інтэрнэту, а з газэты? Амаль немагчыма."

Журналістам, аўтарам скрадзеных матар'ялаў, нічога не застаецца, як толькі разважаць пра маральны аспэкт праблемы. Аглядальнік "Прессбола" Сяргей Аляхновіч упэўнены, што сумленны чалавек ніколі не падыме руку на чужую ўласнасьць. У тым ліку, калі гаворка йдзе пра Іінтэрнэт.

(Аляхновіч:) "Інфармацыяй з "Прессбола" карыстаюцца многія выданьні, якія так ці інакш закранаюць спартовую тэму. Але амаль ніводнае зь іх ня робіць спасылку на тое, што інфармацыя ўзятая "з Прессбола". А цяпер нават ня трэба йсьці ў шапік, плаціць грошы; проста ціскай кнопкі ды бяры. Мяркую, са мной пагодзяцца мае калегі: ніхто ня супраць, каб выкарыстоўваць нашыя матэр'ялы. Але ж трэба гэта рабіць цывілізавана. Крадуць. Лавілі на гэтым неаднаразова. І больш за ўсё гэта робіць іншая спартовая газэта, дзяржаўная. Мы бачым, што надрукаваная інфармацыя -- наша. Але гэта, мабыць, залежыць ад журналісцкага сумленьня. Калі людзям падабаецца красьці — што ж зробіш... Тым болей, у нашай краіне ніяк аўтарскія правы не абараняюцца."

XS
SM
MD
LG