Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У НЯДЗЕЛЮ Ў ФРАНЦЫІ АДБУДЗЕЦЦА ДРУГІ ТУР ПРЭЗЫДЭНЦКІХ ВЫБАРАЎ


Юры Дракахуруст, Прага

Усе назіральнікі сыходзяцца на тым, што галасаваньне 5 траўня стане момантам ісьціны ня толькі для самой Францыі, але для Эўропы і для сьвету. Сэнсацыяй сталі вынікі першага туру 21 красавіка, калі насуперак усім прагнозам лідэр ультраправых Жан Мары Лё Пэн выйшаў на другое мейсца пасьля дзейнага прэзыдэнта, абышоўшы прызнанага фаварыта, сацыяліста Ліянэля Жаспэна.

Паводле меркаваньня “International Gerald Tribune”, гэтыя вынікі сьведчаць пра глыбокі крызыс францускай палітычнай сыстэмы: з улікам 28% французаў, якія ўвогуле не прыйшлі да выбарчых скрыняў 21 красавіка, тры чвэрці насельніцтва выказаліся тады супраць традыцыйных правых і левых, увасобленых у постацях Шырака і Жаспэна.

Скандальныя вынікі галасаваньня 21 красавіка выклікалі ва Францыі хвалю абурэньня і жаху. Больш за мільён чалавек узялі ўдзел у першатравеньскіх маніфэстацыях па ўсёй краіне, якія выліліся ў дэманстрацыі пратэсту супраць ультраправых.

Палітыкі і простыя людзі гаварылі, што пасіўнасьць, расьцярушанасьць галасоў левых прывялі да таго, што ультраправая пагроза стала рэальнасьцю. Аратары зьвярталіся да гісторыі краіны. Вось што казаў на першатравеньскім мітынгу мэр Парыжу Бэртран Дэляноэ:

(Дэляноэ: ) “Мы – Францыя, Францыя супраціву, Францыя змаганьня з расызмам і антысэмітызмам, Францыя, якая супраць калябарацыянізму і фашызму ХХІ стагодзьдзя, Францыя нашых нацыянальных колераў – сіняга, белага і чырвонага”.

Мітынг Лё Пэна ў Парыжы 1 траўня сабраў значна менш людзей – каля 20 тысяч. Аднак большасьць выбаршчыкаў, што ў Беларусі, што ва Францыі, складаюць тыя, хто ня ходзіць на мітынгі.

Якімі будуць вынікі галасаваньня 5 траўня, на гэты конт існуюць розныя ацэнкі й меркаваньня. Расейскія “Известия” лічаць, што паўторыцца схема расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў 1996 году, калі Ельцын перамог як найменшае зло, паводле формулы “Ці я – ці камуністы”. Шырак, лічаць “Известия”, пераможа паводле формулы “Ці я – ці фашысты”.

Падобныя меркаваньні выказвае дырэктар парыскага Цэнтру палітычнага аналізу Паскаль Пэрыно:

(Пэрыно: ) “Выбаршчыкі заўсёды аб’ядноўваюцца супраць ультраправых”.

Аднак іншыя назіральнікі заўважаюць, што выбаршчыкі, што ў першым туры аддалі галасы левым кандыдатам, у тым ліку і сацыялісту Жаспэну, неабавязкова аўтаматычна пяройдуць да Шырака. Тым больш, што сам няўдачнік Жаспэн, хаця і заявіў, што сыходзіць з палітыкі, заклікаў выбаршчыкаў галасаваць супраць “экстрэміста”. Сказаць, што трэба галасаваць за Шырака, Жаспэн так і ня здолеў, яго перадвыбарчая кампанія была пабудаваная якраз на крытыцы дзейнага прэзыдэнта.

Адмыслоўцы адзначаюць, што электарат Лё Пэна – гэта ў значнай ступені расчараваныя левыя і рабочыя. Менавіта на іх накіраваная рыторыка лідэра ультраправых, якім называе Шырака “звышілгуном” і “каралём махляроў”. 1 траўня ён казаў:

(Лё Пэн: ) “Шырак увасабляе сабою францускую карупцыю, увасабляе алігархію, якая трымае краіну ў кіпцюрах, нажываецца на краіне, а ня служыць ёй”.

Паводле зьвестак сацыялягічных апытаньняў , лідэр ультраправых можа атрымаць 5 траўня ад 20 да 40% галасоў. “Калі ён атрымае 20%, гэта будзе ягонай паразаю”, – кажуць экспэрты. Але шэраг адмыслоўцаў лічаць вельмі верагодным, што лідэр ультраправых возьме да траціны галасоў, што выкліча значныя зьмены ў францускай палітыцы. “International Gerald Tribune” нагадвае, што ў чэрвені адбудуцца парлямэнцкія выбары – і цяперашні, хай і адносны посьпех Лё Пэна, і параза сацыялістаў, могуць прынесьці Нацыянальнаму Фронту шмат дадатковых месцаў у парлямэнце – Шырак, калі й застанецца прэзыдэнтам, будзе вымушаны з гэтым лічыцца.

Лёзунгі Лё Пэна простыя: выхад Францыі з Эўразьвязу, адмова ад эўра і вяртаньне франка, драконаўскія законы супраць іміграцыі. “International Gerald Tribune” адзначае, што Лё Пэн спэкулюе на рэальных праблемах, пра якія зь меркаваньняў паліткарэктнасьці не гавораць. Гэзэта адзначае, што Францыя сапраўды ня здолела інтэграваць апошнія пакаленьні арабскіх і афрыканскіх імігрантаў.

“International Gerald Tribune” параўноўвае францускую сытуацыю з амэрыканскай: больш жорсткі амэрыканскі капіталізм прымушае імігрантаў інтэгравацца, шчодрая сацыяльная палітыка Францыі прывяла да стварэньне гета, і незадаволеныя гэтымі “дзяржавамі ў дзяржаве” французы папоўнілі шэрагі прыхільнікаў Лё Пэна.

Варта прыгадаць словы сучасьніка Францускай рэвалюцыі, мудрага кансэрватара Жазэфа Дэ Мэстра: “Урок для ўлады – злоўжываньні спараджаюць рэвалюцыі. Урок для народу – рэвалюцыі горш за любыя злоўжываньні”.
XS
SM
MD
LG