Лінкі ўнівэрсальнага доступу

<font color=CC0000 size=+0,5>АНОНС: ЯКІЯ ПЕРАДАЧЫ ПРАГУЧАЦЬ У НАШЫМ ЭФІРЫ Ў СУБОТУ І НЯДЗЕЛЮ</font>


Ул. інф.

“Галерэя Свабоды”: Агітацыя за шчасьце. 4 траўня

Манумэнтальная савецкая прапаганда пакрысе зьнікае зь беларускіх вуліцаў і плошчаў. Што прыходзіць ёй на зьмену? “Афармілаўка” ўчора й сёньня. У гутарцы бяруць удзел старшыня Беларускага саюзу дызайнэраў Зьміцер Сурскі, а таксама колішнія выпускнікі афармленчага аддзяленьня Менскай мастацкай вучэльні – жывапісец Уладзімер Кузьменка й паэт і мастак Міхал Анемпадыстаў.


“Сымбаль Веры”: Міжканфэсійныя шлюбы. 4 траўня

Амаль кожнае беларускае мястэчка, асабліва ў цэнтральнай і заходняй частцы краіны, мае касьцёл і царкву на галоўным пляцы. Даўней так было па цэлай Беларусі. Вынікам гэтага спрадвечнага суседзтва, асабліва ў наш час, стаюцца шматлікія міжканфэсійныя шлюбы. Як захоўвацца вернікам у такіх шлюбах, у якую царкву ісьці маладым людзям вянчацца, калі яны належаць да розных цэркваў, як беларускія цэрквы ставяцца да міжканфэсійных шлюбаў і ці бласлаўляюць яны такія пары? Адказы на гэтыя пытаньні вы пачуеце 4 траўня ў нашай міжканфэсійнай перадачы “Сымбаль Веры”, якую падрыхтаваў і вядзе Сяргей Абламейка.


“Суботні дыялёг Ірыны Халіп з Вольгай Іпатавай”. 4 траўня

Старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў называе сваю пасаду электрычным крэслам. Супрацоўнікі часопісу “Крыніца” абвінавацілі яе ў тым, што яна не абараніла іх часопіс. Слухайце размову Ірыны Халіп з Вольгай Іпатавай у суботу.


“Вольная студыя”. 5 траўня

Вялікдзень за калючым дротам... Як адзначалі беларусы сьвята Хрыстовага ўваскрошаньня ў ГУЛАГу, у лягерах Казахстану і Мардовіі? Пра гэта ў аўтарскай перадачы Міхася Скоблы прыгадваюць колішнія сябры Саюзу Беларускай Моладзі й былыя палітвязьні Надзея Дземідовіч і Мікола Канаш, прысуджаныя савецкім рэжымам да 25 гадоў зьняволеньня.


“Праскі акцэнт”. 5 траўня

Паводле некаторых міжнародных назіральнікаў, у беларускай незалежнай прэсе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў стала менш публікацыяў з крытыкай уладаў. Чаму? Вось адзін з магчымых адказаў:

“За мінулы год людзей у пэўнай ступені палітыкай перакармілі. І паколькі выдаўцы незалежных газэтаў мусяць думаць пра тое, як прадаць сваю газэту – яны не існуюць за кошт дзяржаўнага бюджэту, то яны павінны пралічваць, што будзе прадавацца, што не – то сёньня ўжо прозьвішча Лукашэнка ня будзе надта цікавае чытачу, бо ўжо напісана і сказана за сем гадоў. Сёньня варта гаварыць пра больш істотныя прычыны, бо Лукашэнка, урэшце, робіць толькі тое, што яму дазваляе рабіць грамадзтва”.

Гэтак лічыць галоўны рэдактар газэты “Беларускі час” Аляксандар Старыкевіч. Разам зь віцэ-прэзыдэнтам Беларускай асацыяцыі журналістаў Эдуардам Мельнікавым ён бярэ ўдзел у гутарцы за круглым сталом “Праскага акцэнту”. Перадачу падрыхтаваў і вядзе Віталь Тарас.


“Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”. 5 траўня

У Сеціве зьявіўся аналітычны сайт Радыё Свабода, на якім – агляд падзеяў у краінах, на якія вяшчае Радыё, у тым ліку інфармацыя пра Беларусь.

Інтэрнэт на Кубе. Сеціва – бізнэс для кубінскіх чыноўнікаў, бо астатнія грамадзяне доступу да Інтэрнэту ня маюць.

Крадзяжы інфармацыі з Інтэрнэт-выданьняў. Газэта “Прессбол” сутыкнулася з масавым выкарыстаньнем яе інфармацыі без спасылак.

Перадачу падрыхтавала Вольга Караткевіч.
XS
SM
MD
LG