Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КУРАПАТЫ НАВЕДАЛІ ПРАДСТАЎНІЦЫ МІЖНАРОДНАЙ АРГАНІЗАЦЫІ "ЗЯМЛЯ ЖАНЧЫНАЎ" ЗЬ МЮНХЕНУ


Ганна Соусь, Менск

Нямецкія прадстаўніцы міжнароднай арганізацыяй "Terre des Femmes", што значыць "Зямля жанчынаў", сёньня раніцай прыехалі ў Курапаты. Большасьць зь іх даведаліся пра гэтае месца толькі цяпер, калі прыехалі ў Беларусь на запрашэньне фонду "Дзецям Чарнобыля". Жанчыны зь Мюнхену былі моцна ўражаныя тым, што пабачылі ў Курапатах — яміны-магілы ў лесе, шэраг крыжоў, спалены намёт валанцёраў... Гаворыць Ліана Лінхоф:

(Лінхоф: ) "Я лічу, што вельмі важна ўшанаваць такія месцы. І тое, што тут супрацьстаяць таму, каб людзі памяталі мінулае, што тут будуецца дарога — гэта, канешне, вельмі дрэнна й уражвае вельмі нэгатыўна".

А вось меркаваньне Маліны Майстар зь Мюнхену:

(Майстар: ) "У мяне няма словаў, каб перадаць свае пачуцьці тут. Гэта вельмі сумна, што тут ідзе такі ціск на людзей. Нават узьнікае пагроза жыцьцю гэтых людзей. З другога боку, я вельмі радая, што менавіта моладзь пачала абараняць мінулае, абараняць сваю краіну, Мяркую, што гэтыя парасткі, гэтая сьвядомасьць моладзі дае надзею на дэмакратыю".

Старшыня “Мартыралёгу Беларусі” Мая Кляшторная, якая распавядала нямецкім жанчынам пра Курапаты, зазначыла, што, на жаль, на постсавецкай прасторы дагэтуль належным чынам не былі асуджаныя злачынствы камуністычнага рэжыму і пакаяньня не адбылося. Паводле Маі Кляшторнай, гэта невыпадкова, што напярэдадні 8 і 9 траўня, Дня перамогі, нямецкія наведнікі наведалі Курапаты:

(Кляшторная: ) "Вайна паказала, што ніводзін бок ня меў рацыі. І гэта адчуваюць людзі новага пакаленьня. Сёньня, напрыклад, я сустрэлася з жанчынамі, якія адмовіліся ехаць у Хатынь, яны прыйшлі сюды, у Курапаты. Яны вырашылі даведацца й зразумець, што ж тут... Тое, што наш фашызм нарабіў, гэта нават і параўнаць нельга..."

Адна з кіраўнікоў фонду "Дзецям Чарнобыля" Ірына Грушавая не хавала сваіх пачуцьцяў, гаворачы пра Курапаты:

(Грушавая: ) "Мне гэта неабыякава, таму што два мае дзяды загінулі ў Сібіры праз сталінізм, былі закатаваныя ў лягерах. Мая маці вырасла як дзіця ворагаў народу. Гэта мае вельмі далёкія наступствы..."

Нагадаю, што фонд "Дзецям Чарнобыля" ўвесь час дапамагае валанцёрам — і харчаваньнем, і вопраткай. Дарэчы, два новыя намёты ва ўрочышчы — гэта таксама іхная дапамога ў справе абароны Курапатаў.

Валанцёры, што былі сёньня ва ўрочышчы, былі вельмі ўдзячныя нямецкім жанчынам за падтрымку ў іхнай вахце памяці. Гаворыць лідэр Беларускай партыі свабоды Сяржук Высоцкі:

(Высоцкі: ) "Вельмі прыемна, што сёньня прыехалі гэтыя людзі з Нямеччыны, дэлегаты, якія, я лічу, выконваюць дыпляматычную місію. Вельмі важна, што яны пабачылі. Усе яны сказалі, што Курапаты для іх — гэта адкрыцьцё".

Заўтра ў Курапатах адбудзецца чарговая талака.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG