Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЛУКАШЭНКА ГАТОВЫ ІНВЭСТАВАЦЬ У БУДАЎНІЦТВА БЕЛАРУСКАГА ЭНЭРГАБЛЁКУ Ў СКЛАДЗЕ СМАЛЕНСКАЙ АЭС


Ігар Карней, Менск

Яшчэ тыдзень таму, у часе паездкі па Гомельскай вобласьці, Аляксандар Лукашэнка рашуча выступаў за тое, каб набыць ва ўласнасьць дзяржавы Ігналінскую АЭС: маўляў, усё роўна станцыю зьбіраюцца закрыць. Але кіраўніцтва Літвы на ініцыятыву беларускага лідара адрэагавала як на безнадзейны пражэкт.

У часе ўчорашняй паездкі па Магілёўшчыне Лукашэнка пераарыентаваў позірк на Ўсход, абвесьціўшы, што ў хуткім часе будуць праведзеныя перамовы паміж беларускімі адмыслоўцамі і расейскімі атамнікамі наконт пэрспэктыўнага будаўніцтва дадатковага энэргаблёку на Смаленскай АЭС. На жаль, высьветліць стаўленьне да гэтай ідэі расейскага боку не ўдалося: да 6 траўня ўлучна расейска Міністэрства па атамнай энэргетыцы сьвяткуе. Дзяжурны толькі паведаміў, што беларускім пытаньнем будзе займаецца адказны супрацоўнік міністэрства Юры Бяспалька. У сваю чаргу, на Смаленскай АЭС пра магчымасьць будаўніцтва беларускага энэргаблёку нічога ня ведаюць.

А як да рэанімацыі атамнага пытаньня ставяцца ў Беларусі? Прафэсар Георгі Лепін, які ў складзе групы экспэртаў ад 1986 да 1992 году працаваў на трэцім і чацьвертым блёках ЧАЭС, катэгарычна супраць цяперашніх захадаў. Ён мяркуе, што карысьць ад падобнага супрацоўніцтва мае толькі Расея, дзе пасьля чарнобыльскай катастрофы атамная галіна ў глыбокім заняпадзе. Але атрымаць за 70 км ад беларускай мяжы аб'ект падвышанай рызыкі — задавальненьне даволі сумнеўнае.

(Лепін: ) "Той блёк, які мараць пабудаваць на Смаленскай АЭС, самі расейцы будаваць ня будуць. Калі яго пабудуюць — лічыце, што зьявіцца дадатковая рызыка, бо гаворка йдзе пра блёк, якога сёньня няма. Зараз са Смаленскай станцыі мы купляем энэргію па вельмі нізкіх коштах. Гэтак жа з Ігналінскай. Бо яны не бяруць з нас за тыя выдаткі, якія былі затрачаныя на капітальнае будаўніцтва: станцыі дасталіся новым гаспадарам пабудаваныя. Таму электраэнэргію зь іх прадаюць танна. Дык навошта тады нешта будаваць? Гэта абсалютна бессэнсоўна. Тым больш, што нашыя цеплавыя станцыі зараз загружаныя толькі напалову. Калі іх мадэрнізаваць, перавесьці на сучасныя тэхналёгіі, сабекошт электраэнэргіі будзе ў шмат разоў ніжэйшы за выпрацаваную атамнымі станцыямі. А чаму чапляюцца за АЭС? Ёсьць пэўная кампанія атамнікаў, якім АЭС патрэбная пазарэз. Хоць гэта ўсім на шкоду".

Спадар Лепін ўдакладняе, хто ў сьвеце арыентуецца на атамную энэргетыку. Гэта найперш краіны, якія ўжо маюць ці абвяшчаюць пра намер стварыць ядзерную зброю (Індыя, Пакістан, Іран, Паўночная Карэя). У гэтым выпадку атамныя станцыі зьяўляюцца своеасаблівай сыравіннай базай для выпрацоўкі стратэгічнага паліва для бомбаў.

Але ёсьць і іншыя меркаваньні. Прэзыдэнт Беларускага сацыяльна-экалягічнага саюзу Васіль Якавенка, якія мае вялікі досьвед супраціву атамным электрастанцыям у Беларусі, лічыць, што смаленскі кірунак — гэта ўсё ж лепш, чым узводзіць небясьпечны аб'ект у Беларусі.

(Якавенка: ) "Пакуль гэта выказваньні, ніякага рашэньня няма. Але калі зыходзіць зь неабходнасьці карыстацца атамнай энэргіяй, натуральна, лепей арэндаваць там, дзе аб'ект ужо пабудаваны, чым нанова ўзводзіць на сваёй тэрыторыі. Бо ў нашых эканамічных умовах — гэта тысячы гадоў кабалы. А што да Смаленскай АЭС, то гледзячы якія ўмовы арэнды. Станцыя працуе, яе не зьбіраюцца спыняць — дык чаму не арандаваць?

Гэта найлепшы варыянт, безумоўна — у параўнаньні з ранейшымі варыянтамі выбару пляцовак і г.д. Нават, можа, адзіна магчымы варыянт з усіх варыянтаў, калі карыстацца атамнай энэргіяй".

Смаленская АЭС паводле свайго праекту цалкам ідэнтычная Чарнобыльскай. Таму любы тэхнічны інцыдэнт у непасрэднай блізкасьці ад беларуска-расейскай мяжы пацягне ўжо вядомыя трагічныя наступствы.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG