Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СУПРАЦОЎНІКІ ЛІТАРАТУРНА-МАСТАЦКІХ ЧАСОПІСАЎ ЗВАЛЬНЯЮЦЦА З ПРАЦЫ


Валянцина Аксак, Менск

Пісаць заявы на працу ў рэдакцыйна-выдавецкай установе "Литература и искусство" — так афіцыйна называецца аб'яднаньне пяці літаратурных часопісаў і газэты "ЛіМ" — ня будзе бальшыня супрацоўнікаў рэдакцыяў.

Некаторыя зрабілі свой выбар яшчэ два тыдні таму падчас гэтак званых прадстаўленьняў у калектывах новых галоўных рэдактараў. Вось як нам патлумачыў сваё рашэньне супрацоўнік часопісу "Крыніца" Валянцін Акудовіч:

(Акудовіч: ) "Мой выбар просты і адназначны. Я яго зрабіў на агульным сходзе, калі да нас завіталі спадары Касьцян, Новікаў і спадарыня Бондар. Я тады сказаў гэтым людзям, што яны ўжо ўчынілі злачынства толькі таму, што ўзяліся рабіць справу, якую яны ня ўмеюць, ня могуць і ня маюць права рабіць. Тады я сказаў, што сыходжу з "Крыніцы". Таму для мяне няма праблемы выбару, таму што з гэтым галоўным рэдактарам, з гэтымі людзьмі, якія кіруюць голдынгам, я не хачу мець нічога агульнага, а тым больш рабіць агульную справу".

Іншыя прынялі рашэньне, пабачыўшы зьмены, якія адбываюцца ў рэдакцыйнай палітыцы пасьля аб'яднаньня часопісаў. Гаворыць былы намесьнік рэдактара часопісу "Полымя" Генадзь Дзьмітрыеў.

(Дзьмітрыеў: ) "Гэтая структура створаная не для таго, каб, як заяўлена ў афіцыйным друку, уратаваць беларускую літаратуру і мастацтва, а каб прычасаць, прыгладзіць нашыя выданьні, паставіўшы на чале іх паслухмяных людзей. У такой атмасфэры я не змагу працаваць. Мне цяжка апынуцца бяз працы, але лепей я перажыву адзін раз стрэс, чым перажываць яго штодня. А тое, што ў нас адразу адбыліся зьмены ў зьмесьце часопісу, то гэта навідавоку".

Зьнятыя зь пятага нумару "Полымя" "Зацемкі зь левай кішэні" Леаніда Галубовіча будуць, відаць, не адзінкавым фактам цэнзуры. Замест іх чытачы пабачаць на старонках часопісаў даволі нечаканыя творы. Генадзь Дзьмітрыеў працягвае.

(Дзьмітрыеў: ) "Нават ідзе гаворка пра тое, што да 15 траўня новыя нумары часопісаў павінны легчы на сталы вельмі адказных асобаў гладзенькімі, прычасанымі, зь першамайскімі нейкімі (сьмяецца) матэрыяламі, з прэзыдэнцкімі пасланьнямі..."

Сёньня ўвечары пра гэтыя ды іншыя навацыі ў беларускіх літаратурных часопісах ня згодныя зь імі супрацоўнікі рэдакцыяў збіраюцца гаварыць на супольнай прэсавай канфэрэнцыі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG