Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

ДЭФІЦЫТНЫЯ ПРАФЭСІІ БУДУЧАГА


Сяржук Сокалаў-Воюш, Прага

“Якія галіны прамысловасьці найбольш пацерпяць або зьнікнуць наагул у сувязі з новымі тэхналёгіямі?” – спытаўся ўдзельнік форуму з Каліфорніі.

Кансультант у галіне кіраваньня Том Пэтэрс адказаў гэтак: “Калі патэнцыйны асьпірант бізнэс-адміністрацыі пытаецца ў мяне: “На якія галіны прамысловасьці я мушу зьвяртаць увагу, а якія ігнараваць?” – я заўсёды досыць асьцярожны. Мой адказ гучыць гэтак: “Забудзьцеся на дэмаграфію. Што Вы любіце? Што Вас захапляе і задавальняе?” У сьвеце, дзе кампутар возьме на сябе працу ламавой кабылы, мы больш мусім клапаціцца пра тое, што мы робім. Гэткім чынам, праблема ня ў тым, што добрае і што дрэннае, а ў тым, дзе я хачу зрабіць нешта незвычайнае, што прынясе карысьць і задаволіць мяне”.

У дадатак да адказу Тома Пэтэрса, дырэктар Інстытуту прагнозаў на будучыню Пол Сафо сказаў: “Гэткім самым чынам, як некалі са Злучаных Штатаў ішла на экспарт звычайная рабочая сіла, цяпер экспартам становяцца прафэсіяналы сфэры абслугі. Інжынэры-праграмісты ўжо ведаюць: іхнымі канкурэнтамі зьяўляюцца нізкааплатныя прафэсіяналы зь Індыі і Кітаю. Такім чынам, тэлекамунікацыйная кампанія “AT&T” ужо накіроўвае сваіх працаўнікоў за мяжу. Зусім магчыма, што на Ваш наступны званок па інфармацыю адкажа Ваш супрацоўнік фірмы, які працуе ў Бангалёры”.

Нехта Лорэнз са штату Канзас запытаўся: “Чым большая колькасьць службоўцаў зьвязаная са сваім працоўным месцам праз пэрсанальны кампутар, тым менш выразным становіцца разьмежаваньне паміж працай і хатай. Што мы можам зрабіць, каб захаваць гэтае разьмежаваньне?”

“Няма ніякай хатняй працы, а толькі звыштэрміновая хатняя праца, – адказаў Пол Сафо, – і гэта ня толькі справа тэхналёгіі, якая спараджае эфэкт сьціраньня паміж працай і хатай. Гэта ў вялікай ступені зьвязана з глябалізацыяй, а ў выніку з часавымі паясамі. Калі вы працуеце зь некім, хто жыве ў часавым поясе з чатырохгадзіннай розьніцай, вы, магчыма, ня можаце атрымаць заданьне, каб выканаць яго паміж дзявятай і сямнаццатай гадзінамі. Фактычна, адзіны спосаб захаваць падзел паміж хатай і працай – гэта дысцыпліна і ваш пэрсанальны расклад дня. Напрыклад, цьвёрдае захаваньне графіку працы і лякалізацыя месца, якое вы ўжываеце толькі для працы”.

“Паколькі роля штучнага інтэлекту і аўтаматызацыі будуць узрастаць, – пытаецца ўдзельнік Інтэрнэт-форуму зь Нью-Ёрку, – што чалавек мусіць зрабіць, каб застацца запатрабаваным?”

“Інфармацыйныя тэхналёгіі гэтак ускладняюцца, – адказвае яму на гэта дырэктар дасьледчай лябараторыі “ІВМ” Пол Горн, – што мы мусім наймаць усё больш і больш кваліфікаваных прафэсіяналаў толькі на тое, каб кіраваць гэтымі новымі ўскладненьнямі. Гэта адна з прычынаў росту вытворчасьці паслугаў. У той час як роля рабатызацыі і аўтаматызацыі будзе расьці, будуць расьці і магчымасьці людзей, якія будуць гэтымі машынамі кіраваць”.

“Ці вы думаеце, што Злучаныя Штаты змогуць заставацца канкурэнтаздольнымі ў вытворчасьці?” – пытаецца Шарлота з Паўночнай Караліны.

“Канкурэнтаздольная перавага Злучаных Штатаў у вытворчасьці, – адказвае ёй галоўны адмысловец у пытаньнях стратэгіі “Сыстэмы Тыско” Майк Волпі, – будзе базавацца на багатым ужываньні інфармацыйнай тэхналёгіі. Уяўленьне, што канкурэнтаздольная перавага можа дасягацца пры дапамозе таннай працоўнай сілы (якой Злучаныя Штаты ня маюць) – гэта лёгіка мінулага. Пасьпяховыя кампаніі ўжываюць інфармацыйную тэхналёгію, каб кіраваць сувязьзю паміж пастаўшчыкамі й вытворцамі, каб кіраваць карыснымі працэсамі ў бізнэсе і забясьпечваць доўгачасовую канкурэнтаздольную перавагу.

Удзельнік форуму Пэрыпаліс з Пэнсыльваніі запытаўся, ці мусіць тая частка людзей, якая звычайна працуе паводле цьвёрдага графіку, пераходзіць на гнуткі?

Джон Кэлі з авіялініі “Аляска-Эйр” адказаў, што ў некаторых бізнэсах гнуткі графік папросту ня можа працаваць, але цяжка ўявіць сабе прадпрымальнікаў, якія ня ўлічваюць такой магчымасьці ў будучым. Гнуткія графікі ня толькі спрыяльныя – яны гарантуюць прыцягальнасьць і захаваньне кваліфікаваных службоўцаў. Гнуткія графікі таксама дапамагаюць разьвязаць праблему заторанасьці дарожнага руху, якая зьяўляецца галоўнай праблемай фактычна ўсіх буйных гарадоў. Гэткім чынам – кажа Джон Кэлі – найлепшым выйсьцем у будучыні была б раўнавага паміж тымі, хто працуе паводле жорсткага і паводле мяккага графіку.

“Што вы думаеце наконт будучага рынку працы з удзелам адмыслоўцаў, народжаных у часе паваеннага дэмаграфічнага выбуху? Многія з гэтых людзей плянуюць працягваць працаваць пасьля 60 гадоў”, – спытаўся ўдзельнік форуму з Х’юстану.

Пісьменьнік і гісторык бізнэсу Робэрт Спэктар адказаў, што, па-першае, ня трэба групаваць людзей паводле часу іхнага нараджэньня. Па-другое, пытаньне трэба ставіць іначай: якую пэрспэктыву для працы маю і што я хачу зрабіць? Нягледзячы на тое, якую ты маеш працу, трэба заўсёды заставацца сучасным і ведаць пра зьмены і тэндэнцыі, якія адбываюцца ў тваёй галіне дзейнасьці.

Раял Оўк са штату Мічыган пацікавіўся, як пераканаць ягонага сына, які цяпер працуе чорнарабочым, што ў ягоных інтарэсах паспрабаваць адукавацца ў пытаньнях кампутараў альбо тэхналёгіяў?

“Дасьледчыкі й навукоўцы, зь якімі я размаўляю, цьвердзяць, што яны хочуць зьмяніць сьвет – і прамысловасьць дае ім такую магчымасьць, – адказаў Пол Горн. – Інфармацыйная тэхналёгія фундамэнтальна ўплывае на чалавечае жыцьцё, працу і адпачынак, і навукоўцы, які працуюць на пэрспэктыву, ніколі не забываюцца на гэта”.

Да гэтага адказу далучыўся дасьледчык з Інстытуту тэхналёгіі штату Масачусэтс Майкл Шраг, які сказаў: “А чым кепская праца звычайнага рабочага? Я магу даказаць, што таленавітыя рабочыя могуць мець ня менш плённае і цікавае жыцьцё, чым таленавітыя прафэсійныя адміністратары. Але ў будучым, на маю думку, звычайныя рабочыя пачнуць усё больш і больш залежаць ад кампутараў або праграмнага забесьпячэньня, бо гэта дасьць ім магчымасьць добра выконваць сваю працу”.

“Ці вы думаеце, што ў сувязі з ростам тэхналёгіяў праца, якую робяць рэгістратары, памочнікі адміністратараў і канторскія службоўцы, адыдзе?” – задаў пытаньне жыхар Аклахомы.

“Я думаю, што яна адыдзе, – адказаў Том Пэтэрс. – Новае праграмнае забесьпячэньне для чыноўнікаў бярэ на сябе працу ня толькі рэгістратараў ці клэркаў, яно пачынае замяняць архітэктараў, праектоўцаў і некаторых сяброў кіраўніцтва. Цяпер яны мусяць падумаць, як узьняць значнасьць сваёй працы, так, як гэта зрабілі нашыя бацькі, альбо дзядулі й бабулі, калі заводзкая праца пачала скарачацца і выцясьняцца прафэсійнай офіснай працай 70–90 гадоў таму”.

Неназваны ўдзельнік форуму з Манрэалю запытаў наступнае: “Я прадбачу павелічэньне попыту на высокатэхналягічныя, фінансавыя і вышэйшыя гатункі працы ў галіне мэнэджмэнту. Зьмяншэньне попыту закране сярэдняе зьвяно. Ці не палярызуецца, у выніку гэтага, грамадзтва і ці не пачнуць у ім багатыя выступаць супраць бедных?”

На гэта міністар працы Элайн Чаа адказаў наступнае: “Штогадовая статыстыка паказвае крыху адрозныя тэндэнцыі. Скарачэньне вытворчасьці ў 70–80-я гады мінулага стагодзьдзя моцна закранула сярэдняе зьвяно кіраўніцтва. У выніку, кампаніі зьбяднелі, так бы мовіць, у цэнтры. Сёньня яны вядуць барацьбу за добрых дасьведчаных адміністратараў, якія зьяўляюцца асновай кампаніі – і вышэйшае кіраўніцтва ведае пра гэта. Сярэдняя кляса ЗША не зьмяншаецца. Вы толькі гляньце на ўладальнікаў прыватных дамоў. Яны складаюць амаль 70%”.

І апошняе пытаньне задаў жыхар Х’юстану: “Якія найлепшыя дзялкі для кар’ернага росту ў наступным дзсяцігодзьдзі й чаму?”

“У мяне ёсьць даведнік 1970-х гадоў, дзе ў разьдзеле пэрспэктыўных працаў на 1984 год сказана, што найбольш патрэбнымі будуць на той час прафэсіі: памочнік дасьледчыка водных рэсурсаў, лінгвіст, спэцыяліст у галіне клянаваньня, інжынэр-генэтык, праектанты несьмертаноснай зброі, картограф, – адказаў Пол Сафф. – Справа ў тым, што мы маем тэндэнцыю засяроджвацца толькі на звышновых магчымасьцях, але бальшыня працоўных кірункаў застаецца той самай. У даведніку сказана, што ў наступныя два дзесяцігодзьдзі найбольш пэрспэктыўнай будзе біятэхналёгія, так як у апошнія 20 гадоў былі патрэбныя адмыслоўцы ў галіне інфармацыйных тэхналёгіяў”.
XS
SM
MD
LG