Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У ГААГУ ПРЫБЫЛІ ДЗЬВЕ АСОБЫ, АБВІНАВАЧАНЫЯ МІЖНАРОДНЫМ ТРЫБУНАЛАМ У ВАЕННЫХ ЗЛАЧЫНСТВАХ


Юры Дракахруст, Прага

Нікола Шаінавіч у 1998 годзе быў прызначаны прадстаўніком югаслаўскага ўраду ў мяцежным Косаве. Пракуроры міжнароднага трыбуналу лічаць яго адказным за палітыку высяленьня з Косава альбанцаў – палітыку, якую праводзіў Бялград у 1998–1999 гадох, каб забясьпечыць перавагу ў краі сэрбскага насельніцтва.

Мамчыла Грубач напачатку 1990-х гадоў быў начальнікам зьмены ў сумнавядомым лягеры Амарска ў Босьніі. Там трымалі каля 3 тысяч зьняволеных, паводле зьвестак, што мае трыбунал, вязьняў сыстэматычна катавалі й гвалтавалі.

На мінулым тыдні у трыбунал накіраваўся генэрал Драгалюб Адайніч. У 1998-1999 гадох ён быў начальнікам генштабу югаслаўскага войска, на яго трыбунал ускладае адказнасьць за злачынствы, учыненыя войскам у Косаве. Айданіч гатовы абараняцца ад абвінавачаньняў. Прыбыўшы ў Гаагу, ён заявіў, што ягонае сумленьне чыстае і што ён невінаваты. Генэрал сказаў, што адчуваў сябе героем, калі пагадзіўся добраахвотна здацца трыбуналу.

Яшчэ адзін абвінавачаны, які пагадзіўся здацца, – былы лідэр харвацкіх сэрбаў Мілан Марціч. Ён паведаміў, што накіруецца ў Гаагу пасьля велікодных сьвятаў. Чакаецца, што паводле практыкі трыбуналу, асобы, што здаліся добраахвотна, ня будуць утрымлівацца пад вартай да суду.

Згоду здацца выказалі толькі шасьцёра сэрбскіх палітыкаў з 23-х, абвінавачаных гаагскім трыбуналам. У мінулым месяцы парлямэнт Югаславіі пасьля цяжкіх і працяглых дэбатаў прыняў нарэшце закон аб супрацоўніцтве з трыбуналам. Пэўную ролю ў гэтым адыграла і рашэньне Вашынгтону замарозіць фінансавую дапамогу Бялграду, пакуль югаслаўскі бок ня пойдзе на поўнае супрацоўніцтва з трыбуналам. Новы закон прадугледжвае выдачу трыбуналу толькі тых асобаў, якія на момант прыняцьця закону былі абвінавачаныя трыбуналам.

Сямнаццаць падазраваных адмовіліся здацца трыбуналу. Сярод іх – асобы, якіх у Гаазе чакаюць з асобым нецярпеньнем: гэта былыя палітычны і ваенны лідэры басьнійскіх сэрбаў Радаван Караджыч і Ратка Младзіч.

На мінулым тыдні пракурор гаагскага трыбуналу Карла дэль Понтэ заявіла, што паводле яе зьвестак Младзіч знаходзіцца ў Бялградзе. Што тычыцца Караджыча, то ён, паводле зьвестак спадарыні дэль Понтэ, знаходзіцца ў басьнійскім горадзе Банья Лука пад моцнай аховай сваіх прыхільнікаў.

Міністар юстыцыі Югаславіі Душан Міхайлавіч заявіў, што ён не чакае асобых праблемаў з арыштам абвінавачаных трыбуналам, якія не здаліся.

Прэзыдэнт ЗША вітаў крокі Бялграду па выкананьні міжнародных абавязкаў, аднак заклікаў да поўнага супрацоўніцтва з трыбуналам. Паводле тлумачэньняў амэрыканскіх афіцыйных асобаў, гэта прадугледжвае, у прыватнасьці, доступ сьледчых трыбуналу да ўрадавых і ваенных архіваў Югаславіі.

Міністар унутраных справаў Югаславіі Заран Жыўкавіч заявіў, што з большасьцю архіўных дакумэнтаў супрацоўнікі трыбуналу змогуць азнаёміцца. Аднак паводле словаў міністра, некаторыя дасье застануцца закрытымі яшчэ 20-30 гадоў.

Але галоўнае пытаньне – арышт падазраваных. Вашынгтон заяўляе, што дапамога на 40 мільёнаў даляраў, замарожаная на пачатку сакавіка, ня будзе прадастаўленая Бялграду, пакуль усе 23 абвінавачаныя ня будуць дастаўленыя ў Гаагу.
XS
SM
MD
LG