Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МНОГІЯ БЕЛАРУСЫ ЛІЧАЦЬ, ШТО НЕЛЬГА АДРАЗУ ІСТОТНА ПАДВЫШАЦЬ КАМУНАЛЬНЫЯ ПЛАЦЯЖЫ


Альгерд Невяроўскі, Менск

Многія пакуль яшчэ ня ведаюць пра істотнае падвышэньне коштаў на камунальныя паслугі. А даведаўшыся, большасьць людзей рэагуе аднолькавым рытарычным пытаньнем: "Як можна падвышаць камунальныя плацяжы без падвышэньня заробкаў?" Многія людзі кажуць, што ім будзе цяжка плаціць за свае кватэры, тым больш, што з восені гэтыя кошты зноў вырастуць у два разы. Але ёсьць і здольныя плаціць за кватэры такія грошы. Вось іхныя меркаваньні:

(Карэспандэнт: ) "З учорашняга дня істотна вырасьлі камунальныя плацяжы. За аднапакаёвую кватэру трэба плаціць 13600 рублёў, за двухпакаёвую 20 тысяч, а за трохпакаёвую 26 тысяч рублёў. Гэтыя кошты з асеньняга ацяпляльнага сэзону вырастуць у два разы. Скажыце, вашай сям'і па кішэні плаціць такія грошы за кватэру?"

(Жанчына: ) "На сёньняшні дзень па кішэні. Што будзе далей — ня ведаю. Пакуль заробак дазваляе плаціць".

(Бабуля, гандлюе кветкамі: ) "Дзякуй, не! Мне не па кішэні. Я плаціць ня буду, я ўвогуле не плачу".

(Студэнтка: ) " Ведаеце, я зь іншага гораду, з Маладэчна, але столькі плаціць вельмі цяжка. Заробкі вельмі малыя".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, вы, вашая сям'я могуць плаціць такія грошы за кватэру?"

(Спадар: ) "Ведаеце, ніводнай сям'і гэта ніколі радасьці ня зробіць, калі падвышаюцца камунальныя плацяжы, але ва ўсім сьвеце яны таксама вельмі высокія. Відаць, трэба разумець, што дзяржаве патрэбныя грошы. І калі ўжо ўваходзіць у цывілізаваны рынак, то, відаць, трэба так рабіць".

(Карэспандэнт: ) "А беларускія заробкі дазваляюць плаціць такія грошы за кватэру?"

(Спадар: ) "Вядома, заробкі не дазваляюць, але думаю, што нешта й у гэтым напрамку робіцца".

(Іншы спадар: ) "У прынцыпе праблематычна, сума досыць вялікая, істотна б'е па бюджэце".

(Жанчына: ) "Пэўна, што для нас гэта дорага. Але, што зробіш — прыйдзецца плаціць. У нечым прыйдзецца сабе адмаўляць. Ня тое слова, як гэта ненармальна. Узровень жыцьця ўвесь час падае. Калі так будзе далей, невядома, што чакае нашых дзяцей. Праўда?"

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, вы й вашая сям'я здольныя плаціць такія грошы за кватэру?"

(Спадар: ) "Ведаеце, гэта досыць нечаканая зьява ў нашай дзяржаве. Зрэшты даўно трэба было прызвычаіцца да гэтага. Мы паспрабуем даць рады, бо займаемся прыватным бізнэсам. Але, калі глядзець на тое, што адбывацца са звычайнымі людзьмі — гэта будзе вялікі, непамерны цяжар. І думаць, што людзям будзе ад гэтага лепш, не выпадае. Гэта сьведчыць пра тую эканамічную палітыку, якую праводзіць спадар Лукашэнка, і вынікі яе адчуваюцца вельмі істотна. Вось жа, мы гаворым не пра сябе, а пра тых, хто мае вельмі мізэрны дастатак".

(Карэспандэнт: ) "Скажыце, вы што небудзь чулі, што з учорашняга дня істотна вырасьлі камунальныя плацяжы за кватэру?"

(Жанчына: ) "Чулі, але пакуль не плацілі, таму нас гэта пакуль мала тычыцца".

(Карэспандэнт: ) "А вам і вашай сям'і па кішэні плаціць такія грошы?"

(Жанчына: ) "Пэўна жа, што не па кішэні. Працуе толькі муж. Я ў адпачынку па доглядзе за дзіцём, таму гэта вельмі значна б'е па нашай кішэні. Але калі падвышаюцца камунальныя плацяжы, мусіць падвышацца й заробак".

(Карэспандэнт: ) "А ці падвысіцца заробак, на вашую думку?"

(Жанчына: ) "Я сумняюся".

(Сталая жанчына: ) “Досыць многа прыйдзецца плаціць. Палітыка, а я яе не разумею".

(Спадарыня: ) “Я магу сказаць за сябе, што я плачу. Я не такі чалавек, які прызвычаіўся спадзявацца на ўладу. Не спадзюся ні на ўладу, ні на дзядзьку з-за мяжы. Але большасьць нашага насельніцтва сацыяльна не абароненая. Гэта вядома. Я ведаю, што ня ў стане будуць аплаціць шматдзетныя маці, якія атрымліваюць менш за 50 даляраў. Палова іхнай зарплаты пойдзе на аплату камунальных плацяжоў. Для пэнсіянэраў істотна паўплывае на бюджэт".

(Іншая жанчына: ) "Бюджэтнікі, што зарабляюць 60 тысяч, дзе ж яны змогуць аплаціць".

(Сталая кабета: ) "Відаць, вырасьце мінімальны заробак. Так жа ня можа быць. У нас жа ўсё для народу робіцца".

Гэты былі меркаваньні мінакоў аб падвышэньні ў Беларусі камунальных плацяжоў.
XS
SM
MD
LG