Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АТРЫМАЛА ПАПЯРЭДЖАНЬНЕ АБ'ЯДНАНАЯ ГРАМАДЗЯНСКАЯ ПАРТЫЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Міністэрства юстыцыі Беларусі распаўсюдзіла адмысловую заяву аб публікацыі Анатоля Лябедзькі пад назвай "Дзе грошы?" ў суботнім нумары "Народнай волі". У гэтым артыкуле Анатоль Лябедзька абвінавачвае Аляксандра Лукашэнку ў бескантрольным выкарыстаньні дзяржаўных сродкаў і ставіць перад пракуратурай і грамадзкасьцю пытаньні — адкуль Аляксандар Лукашэнка ўзяў грошы на набыцьцё больш за сотню "мэрседэсаў" для вэртыкалі і дзе грошы ад продажу беларускай зброі.

Ад пракуратуры адказ не прыйшоў, затое апэратыўна адрэагавала Міністэрства юстыцыі, паводле якога гэты артыкул носіць "ганебны характар у адносінах да Аляксандра Лукашэнкі, падрывае аўтарытэт дзяржаўнай улады, закранае гонар і годнасьць кіраўніка дзяржавы, зьмяшчае грубыя паклёпніцкія выдумкі, якія мяжуюць са зьнявагай". Пасьля гэткіх характарыстык зьместу артыкула Мінюст чамусці пераходзіць з асобы аўтара публікацыі на партыю, якую ён узначальвае, ды заўляе, што менавіта АГП дапусьціла парушэньне Канстытуцыі, законаў аб прэзыдэнце і аб палітычных партыях. На падставе гэтага Міністэрства юстыцыі вынесла АГП пісьмовае папярэджаньне.

Гэта незаконна — лічаць у АГП, у партыі 5 тысяч сябраў , і калі выказванні кожнага будуць мець такія наступствы для партыі, то неўзабаве яе могуць закрыць. Для гэтага дастаткова два такія папярэджанні. Магчыма, гэта робіцца адмыслова перад выбарымі ў мясцовыя саветы і Нацыянальны сход. Гаворыць Анатоль Лябедзька:

(Лябедзька: ) “З пункту гледжаньня юрыспрудэнцыі тое, што зрабіла міністэрства юстыцыі, — гэта абсурд у квадраце. Я разумею, што Беларусь неправавая дзяржава, што тут можна рабіць усё што заўгодна, але ж трэба выбіраць хаця б нейкую больш-менш прыстойную формулу, хаця б ствараць уражаньне, што тут ёсьць структуры, такія, як мінюст, што ёсьць законы і законнасьць... Зь цягам часу на гэта ўжо ніхто не зьвяртае ўвагі: ставіцца палітычнае заданьне, і міністэрства юстыцыі бярэ пад брыль і выконвае.

Анатоль Лябедзька зазначае, што гэтае папярэджаньне будзе абскарджанае ў судовым парадку як незаконнае. Ён тлумачыць такую неадэкватную рэакцыю на свой артыкул вастрынёю пастаўленых пытаньняў, вельмі складаных для беларускіх уладаў.

(Лябедзька: ) “Што я прапанаваў у сваім артыкуле? Я зрабіў прапанову пракуратуры, каб яна выконвала тое, што загадвае законам, каб яна рэагавала на заявы асобаў, што гавораць пра дзясяткі мільёнаў даляраў, якія яны растрачваюць на “мэрсэдэсы”, на пабудову лядовых палацаў, і не называюць крыніц, адкуль гэтыя грошы. Магчыма, гэта наркабароны з Лацінскай Амэрыкі перадалі Аляксандру Рыгоравічу. Ці, магчыма, афганскія маджахеды за транзыт. Я ня ведаю гэта. І грамадзкасьць ня ведае, і нават тыя людзі, якія называюць сябе дэпутатамі нацыянальнага сходу, ня ведаюць.

Я прапанаваў пракуратуры, каб яна занялася гэтым. І другая прапанова: Аляксандар Рыгоравіч! Давайце правядзем адкрытую публічную дыскусію на Беларускім тэлебачаньні і пагаворым пра ценевы бюджэт. Гэта велізарная праблема. Калі не існуе парлямэнцкага і грамадзкага кантролю над рэсурсамі — гэта нацыянальная катастрофа”.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што АГП неаднаразова накіроўвала запыты ў пракуратуру наконт сродкаў ад продажу зброі, але ў адказ атрымлівала адпіскі, што гэта не ўваходзіць у яе кампэтэнцыю. А па адным з артыкулаў Анатоля Лябедзькі ў "Народнай Волі" пра гандаль беларускай зброяй была ўвогуле узбуджаная крымінальная справа.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG