Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАВОДЛЕ ВОЛЬГІ ЗАВАДЗКАЙ, ЗЬНІКЛЫ ПАЎТАРА МЕСЯЦА ТАМУ АДВАКАТ ІГАР АКСЁНЧЫК ЗНАХОДЗІЦЦА Ў РАСЕІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Завадзкая: ) "Я не магу выдаваць ягоныя сакрэты, магу толькі сказаць, што ён у Расеі, а не ў Беларусі. Жывы і здаровы, думае пра тое, як вярнуцца, нават робіць нейкія захады, але пакуль супраць яго ўзбуджаная крымінальная справа, вяртаньне, мяркую, выключанае".

Нагадаю, адвакат Аксёнчык, які на працэсе над выкрадальнікамі Зьмітра Завадзкага абараняў інтарэсы ягонай маці, зьнік пасьля агучанага ў судзе абвінавачаньня на адрас найвышэйшых кіраўнікоў краіны ў іх датычнасьці да злачынства супраць Завадзкага. Пракуратура імгненна адрэагавала на заяву адваката. Спачатку была арганізаваная праверка ягоных выказваньняў на адрас Віктара Шэймана і Аляксандра Лукашэнкі, а потым ўзбуджаная крымінальная справа паводле абвінавачаньня ў паклёпе.

З таго часу, вось ўжо паўтара месяца, месца знаходжаньня Аксёнчыка было невядомае. Зьяўляліся чуткі, што ён нібыта зьехаў у ЗША, дзе жыве ягоная маці, ці ў Расею, дзе ў яго шмат знаёмых, але сам Аксёнчык сябе дагэтуль ніяк не выяўляў. У нядаўняй тэлефоннай размове з Вольгай Завадзкай ён упершыню сам паведаміў, што знаходзіцца ў Расеі і вяртацца дамоў асьцерагаецца.

У пракуратуры Беларусі мне пацьвердзілі, што крымінальная справа супраць адваката Аксёнчыка не закрытая, і яго па-ранейшаму шукаюць, каб дапытаць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG