Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У ЧЭРВЕНІ РЭЗКА ПАДВЫШАЕЦЦА ПЛАТА ЗА КАМУНАЛЬНЫЯ ПАСЛУГІ


Ігар Карней, Менск

Паводле разьлікаў Міністэрства жытлова-камунальнай гаспадаркі, ад траўня кошт камунальных паслугаў за аднапакаёвую кватэру за месяц будзе складаць 25 тысяч рублёў, за двухпакаёвую — 37 тысяч, трохпакаёвую — 52 тысячы і, нарэшце, за чатырохпакаёвую — ад 60 тысяч рублёў. Лічбы гэтыя карэктуюцца залежна ад плошчы кватэры і колькасьці жыхароў. Але ўжо вядома, што ў часе ацяпляльнага сэзону сумы будуць у паўтара-два разы большыя.

У самім міністэрстве радыкальныя захады тлумачаць найперш тым, што іншага выйсьця няма. Дзяржаўныя прадпрыемствы, якія колісь бралі на сябе асноўны цяжар выдаткаў, цяпер самі вінныя дзяржаве 120 мільярдаў рублёў за спажытыя ваду і электраэнэргію. Але ці здольныя шараговыя грамадзяне самастойна аплачваць ледзьве не палову ад агульнага кошту камунальных паслугаў? Эканаміст Аляксандар Сасноў лічыць, што пры цяперашніх суадносінах паміж заработнай платай і так званым спажывецкім кошыкам гэта цалкам нерэальна.

(Сасноў: ) "Зь лібэральнага гледзішча сапраўды неабходна, каб за жытло людзі плацілі столькі, колькі яно каштуе — у ідэале ажно да 100%. Але што робіцца зараз? Грамадзяне плацяць нейкую частку. Прадпрыемствы, асабліва недзяржаўныя, плацяць у 10 разоў болей, чым атрымліваюць таго ж цяпла. Усё павінна весьціся комплексна, а ня так, што адно зрабілі, а дарабляе няхай нехта іншы. Падвысілі камунальна-бытавыя тарыфы — трэба з падаткамі нешта рабіць — каб прадпрыемствы маглі сваім працоўным плаціць болей".

Варта нагадаць, што падобны шлях прайшлі амаль усе краіны былога сацлягеру. Усе памятаюць, які супраціў выклікалі непапулярныя захады ў Польшчы ці краінах Балтыі. Але там падвышэньні кватэрнай платы суправаджаліся ростам даходаў грамадзянаў. Да таго ж, на Захадзе заўсёды існавала магчымасьць эканоміць у спажываньні вады альбо электраэнэргіі. Прыкладам, жыхар на свой густ можа ацяпляць выбраныя пакоі, альбо рэгуляваць ступень падачы цяпла. Экс-савецкі чалавек такой альтэрнатывы ня мае дагэтуль. Зноў зьвяртаюся да спадара Саснова:

(Карэспандэнт: ) "Ці можа быць расейскі сцэнар, калі людзі проста перастануць хадзіць у ашчадныя касы і плаціць за кватэры?"

(Сасноў: ) "Яно ёсьць ужо сёньня: многія ня плацяць. Але тут справа ня столькі ў тым, што трэба падвышаць заробкі. Трэба, каб людзі грошы прынамсі атрымлівалі, трэба не перашкаджаць іх атрымліваць. А ў нас дзяржава перашкаджае гэта рабіць усімі сваімі паводзінамі".

(Карэспандэнт: ) "Але пры тым узроўні даходаў, якія маюць беларускія грамадзяне, ці рэальна аплачваць такія рахункі?"

(Сасноў: ) "З улікам таго, што траціну даходаў дзяржава ня здольная ўлічыць наагул — думаю, змогуць. Але ня ўсе. Ёсьць пэўныя катэгорыі грамадзянаў, якія ня змогуць плаціць, таму, думаю, дапамога нейкая будзе ўведзеная для тых, хто гэта рабіць ня здольны".

(Карэспандэнт: ) "Ці можа здарыцца варыянт, калі неплацельшчыкаў папросту будуць высяляць з кватэраў?"

(Сасноў: ) "Гэта цалкам магчыма, але гэта можа выклікаць сацыяльнае незадавальненьне. А калі ўлічыць, што рэйтынг Лукашэнкі зьнізіўся, улады будуць усяляк узважваць дзеяньні, каб не дапусьціць такога".

Сярэдні заробак грамадзянаў, занятых у дзяржаўнай сфэры, складае каля 100 тысяч рублёў — у эквіваленце $70. Сёньня дзяржава хоча, каб палову гэтай сумы чалавек аддаў ёй у выглядзе камунальных плацяжоў.
XS
SM
MD
LG