Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СТАМІЎШЫСЯ АД БЕСПРАЦОЎЯ, БЕЛАРУСКАЯ НАСТАЎНІЦА ЗНАЙШЛА САБЕ ПРАЦУ Ў ТАЙЛЯНДЗЕ


Алесь Грыневіч, Менск

Кацярына Парашчанка трапіла ў Тайлянд на вясельле сяброўкі. Тая доўгі час жыла ў сталіцы краіны — Бангкоку, працуючы на польскую фірму, што купляла ў Тайляндзе вопратку.

У Беларусі спадарыня Парашчанка сталага месца працы ня мела — зарабляла перакладамі ды прыватнымі ўрокамі ангельскае мовы. Ня мела яна і ўласнай кватэры, ды і асаблівых прычынаў сьпяшацца дадому не было. Да таго ж Кацярыне вельмі спадабалася тайская прырода й клімат — і вось выпускніца Менскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўнівэрсытэту вырашыла пашукаць сабе працы ў прыватных школах Бангкоку праз аб'явы ў газэтах ды на Інтэрнэце — балазе ёй было дзе жыць у першыя тыдні.

(Парашчанка: ) "Пайшла на інтэрвію — на адно, на другое, на трэцяе. Потым мне сказалі: "Добра, вы нас задавальняеце, працуйце, вучыце дзяцей ангельскай мове". Сямі гадоў працы тут перакладчыкам хапае, каб вучыць тайскіх дзяцей размаўляць па-ангельску".

У некаторых школах, куды спадарыня Парашчанка хадзіла на інтэрвію, ёй тлумачылі, што бацькі вучняў гатовыя плаціць вялікія грошы толькі за настаўнікаў з ангельскамоўных краінаў — да прыкладу, са Злучаных Штатаў, Вялікай Брытаніі, Аўстраліі ці Новай Зэляндыі. Але Кацярыне пашэнціла — знайшлася кампанія, якая пагадзілася плаціць ёй за выкладаньне тыя ж грошы, што й носьбітам мовы.

(Парашчанка: ) "Тайскія настаўнікі атрымоўваюць каля 150 даляраў, а мы атрымоўваем каля 1000 даляраў. Плацяць прыватныя школы кампаніі, на якую мы працуем. Гэта ўсё прыватныя кампаніі".

Цяпер Кацярына выкладае ангельскую мову ў пяці прыватных школах — пяць разоў на тыдзень па пяць гадзінаў. Узрост ейных вучняў — ад двух з паловай да чатырнаццаці гадоў. Самыя маленькія прыходзяць вучыцца замежнай мове разам з бацькамі.

Спадарыня Парашчанка працуе легальна. Працоўную візу забясьпечвае фірма-працадаўца. Фірма мае 30 настаўнікаў. Зь іх толькі Кацярына паходзіць з краіны, дзе ангельская мова ня ёсьць асноўнай. Цікава, што тайскай мовы настаўнікі-замежнікі практычна ня ведаюць. Дзяцей адразу ж заахвочваюць размаўляць на ўроках па-ангельску, і толькі ў выпадку скрайняй неабходнасьці яны могуць звярнуцца па дапамогу да памочніка настаўніка — тайляндца.

(Парашчанка: ) "Я адрозьніваюся ад іхных настаўнікаў у школе, якія садзяць іх за стол і кажуць: "Дзеці, глядзіце на дошку, гэта стол, гэта крэсла”, і пішуць на дошцы. У нас у клясах няма ніякай мэблі, мы гуляем у гульні, бегаем".

Спадарыня Парашчанка кажа, што ўзровень выкладаньня мовы ў школе, дзе яна вучылася ў 1980-я гады, быў ня горшы, чым у дарагіх прыватных школах Тайлянду. Гэтая магілёўская школа №3 з паглыбленым вывучэньнем ангельскай мовы цяпер ператвораная ў клясычную гімназію.

Але як бы добра ні выкладалі ангельскую мову беларускія настаўнікі, іх цяперашнія заробкі ў школе не дацягваюць нават да заробку мясцовага настаўніка ў Тайляндзе — далёка ня самай багатай краіне сьвету. Як ужо казала спадарыня Парашчанка, тайскі настаўнік ангельскае мовы атрымоўвае ў пераліку каля 150 даляраў. Гэта пры тым, што жыць у Бангкоку, з досьведу Кацярыны, таньней, чым у Менску, асабліва калі маеш уласнае жытло. Ежа ў Тайляндзе таньнейшая, чым у Беларусі, а на вопратку траціцца амаль ня трэба — тэмпэратура амаль ніколі не апускаецца ніжэй за 25 градусаў па Цэльсію.

Тайскія настаўнікі маюць яшчэ адну перавагу — традыцыйная мясцовая культура гарантуе настаўніку асаблівую пашану.

(Парашчанка: ) "У Тайляндзе шануюць усіх старэйшых за сябе людзей, таксама шануюць настаўнікаў. Там няма такога, каб табе казалі: А ты хто такі? А наагул, чаго ты ад мяне жадаеш? Чаго ты тут стаіш? Ты хто такі?"

Часам гэтая павага да настаўніка можа прымаць формы, нязвыклыя для эўрапейцаў. Кажа спадарыня Парашчанка.

(Парашчанка: ) "Калі я толькі пачала працаваць, я ня ведала ўсіх звычаяў тайскай школы, я ня ведала, што толькі два гады назад яны адмянілі цялесныя пакараньні ў школе. У мяне была ня вельмі лёгкая кляса, тлумачэньні часам не дапамагалі, і прайшло некалькі месяцаў, калі я казала: "Дзеці, будзьце добрымі дзецьмі!" Але ж потым мне гэта ўсё абрыдла, і я адправіла ўсю клясу назад у іхны пакой. Сказала, што яны павінны вярнуцца назад толькі зь іхнай кляснай настаўніцай. Яны прыйшлі з кляснай настаўніцай — дваццаць пяць вучняў зайшлі ў клясу, упалі на падлогу, пачалі біцца аб падлогу, кажучы: "Настаўнік, прабач нас, мы дурныя!" Клясная настаўніца, магчыма сказала ім паўтарыць гэта дваццаць ці то трыццаць разоў — я не лічыла. Але ж уявіце сабе — дваццаць пяць вучняў ва ўзросьце 7-8 гадоў б’юцца галовамі аб падлогу й кажуць: "Настаўнік, выбачай нас, мы дурныя!" Гэта было ня вельмі прыемна, і гэта быў наагул адзіны раз, калі я адправіла дзяцей назад у іхную клясу".

За год жыцьця ў Тайляндзе спадарыня Парашчанка мела й іншыя выпадкі "культурнага шоку". Была паездка на падпольныя баі тайскага боксу, дзе нехта з расхваляваных заўзятараў пачаў страляць у паветра, і публіцы давялося залегчы. Упершыню давялося пакаштаваць мясцовага далікатэсу — сушаных жукоў. Цяпер тыя жукі ядуцца ня горш за нашыя семкі, кажа Кацярына. Патроху яна засвойвае тайскую мову і ўсё больш прыстасоўваецца да мясцовай культуры ды звычаяў. Мясцовых жыхароў яна лічыць вельмі зычлівымі і працавітымі.

Натуральна, трэба мець адпаведны склад характару, каб адному эміграваць у куток сьвету, які настолькі адрозьніваецца ад тваёй Радзімы, і дзе ты практычна ня маеш сяброў. Але спадарыня Парашчанка кажа, што за гэты год яе зачаравала гэтая краіна, дзе амаль заўсёды сьвеціць сонца.
XS
SM
MD
LG