Лінкі ўнівэрсальнага доступу

УЧОРА НЕВЯДОМЫЯ ВАНДАЛЫ РАЗБУРЫЛІ Й СПАЛІЛІ КАТАЛІЦКУЮ КАПЛІЦУ Ў ВЁСЦЫ КУНЦАЎШЧЫНА МЕНСКАГА РАЁНУ


Галіна Абакунчык, Менск

Зьнішчыць капліцу ўпершыню спрабавалі яшчэ напярэдадні каталіцкага Вялікадня — 31 сакавіка. Тады пажар удалося патушыць, але роўна празь месяц сьвятыню зьнішчылі. Прычым сярод дня, не баючыся мясцовых жыхароў. Гаворыць жыхарка Кунцаўшчыны спадарыня Зоя:

(Спадарыня Зоя: ) "Прыйшла з працы й пайшла ў агарод, бачу — усё гарыць. Пасьля пажарныя прыехалі, затушылі. Там пастаянна дзятва зьбіраецца на машынах, на матацыклах. А затым падлеткі — велікаватыя такія — крышылі там усё без разбору".

Акрамя пажарнай службы, жыхары Кунцаўшчыны выклікалі таксама й участковага міліцыянта. Але той, спаслаўшыся на адсутнасьць часу й паліва ў машыне, не зьявіўся ні ў момант здарэньня, ні пазьней. Таму вяскоўцам нічога не заставалася, як толькі папалохаць вандалаў, якія яшчэ вярталіся, каб разламаць тое, што не пасьпела згарэць. Гаворыць жыхарка Кунцаўшчыны Браніслава Касавец:

(Касавец: ) "Учора з боку гораду зноў прыйшлі яшчэ чалавек шэсьць і давай там ламаць і крышыць, што яшчэ засталося. Я іх паклікала да сябе й проста схлусіла, што прыяжджала міліцыя і што вы й вашыя бацькі будзеце адказваць. А яны мне кажуць: ладна, пойдзем, даб’ем і сыдзем адсюль. Пайшлі, дабілі, усё дабілі".

Капліца ў Кунцаўшчыне праіснавала менш за год: летась 9 чэрвеня біскуп Кірыла Клімовіч у прысутнасьці сьвятароў і вернікаў ўрачыста асьвяціў высокае месца каля вёскі для будаўніцтва касьцёла. Парафія Маці Божай Будслаўскай існуе тут ужо сем гадоў. Набажэнствы для месьцічаў адпраўляе ксёндз Уладзіслаў Завальнюк: зімой у арандаваным палацы культуры ў Менску, а зь мінулага году — у часовай капліцы. Цяпер на гэтым месцы куча абгарэлых і паламаных дошак, а побач узвышаецца крыж, які не крануў агонь і, відаць, не асьмеліліся зачапіць вандалы.

Настаўніца парафіяльнай нядзельнай школы ў Кунцаўшчыне Ірына Равінская перакананая, што гэтае здарэньне — вынік бездухоўнасьці, якая пануе ў грамадзтве:

(Равенская: ) "Нідзе няма слова Божага: ні ў школе, ні ў сям’і ня ведаюць, што гэта такое, таму такая бездухоўнасьць і таму разбураецца тое, што ёсьць лепшае. Відаць, камусьці гэта не падабаецца".

Камусьці ў Беларусі не падабаецца дзейнасьць ня толькі каталіцкіх парафіяў, але й праваслаўных прыходаў. Дастаткова ўзгадаць пра нядаўнія наўмысныя падпалы цэркваў у Заслаўі, а таксама ў вёсцы Каралёў Стан. Ніводзін зь вінаватых у гэтых злачынствах ня быў пакараны, бо праваахоўчыя органы вандалаў не знайшлі. Вернікі каталіцкай парафіі ў Кунцаўшчыне зьбіраюцца праводзіць набажэнствы пад адкрытым небам, а на месцы зьнішчанай капліцы распачаць будаўніцтва храма.
XS
SM
MD
LG