Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У БЕЛАРУСІ ІСНУЕ ЗАБАРОНА НА ПРАЦУ


Валер Каліноўскі, Менск

Напярэдадні 1 траўня, дзяржаўнага сьвята працы, Аляксандар Лукашэнка загадаў кіраўнікам сілавых і кантрольных органаў не дапускаць, каб звольненыя міністры ды чыноўнікі ўладкоўваліся ў прыватныя фірмы. Калі такое будзе выяўленае, то фірмы гэтыя падлягаюць ліквідацыі, а іх маёмасьць — нацыяналізацыі, — загадаў Аляксандар Лукашэнка, выступаючы перад урадам. Тады ж ён накіраваў у адстаўку чарговую групу высокапастаўленых чыноўнікаў Савету Міністраў.

На думку палітоляга Ірыны Екадумавай, гэты загад абсалютна незаконны, ніяк не стасуецца з Канстытуцыяй, але ў тым, што ў Беларусі ён будзе выконвацца, ніхто не сумняецца.

У якасьці прыкладу можна прывесці лёс каля 50 дэпутатаў распушчанага Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, якія гадамі не маглі працаўладкавацца — з палітычных прычынаў. Гаворыць адзін зь іх, Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “Безумоўна, усе гады, колькі кіруе наш "правадыр", у нас няма гарантаваных правоў чалавека, у тым ліку і права на працу. Гэтае пытаньне вы мне ставіце вельмі адрасна. Я гатовы адказаць, што шмат хто хацеў бы ўзяць мяне на працу ў дзяржаўныя структуры, але яны баяцца, што іх саміх за гэта звольняць з працы. У камэрцыйныя структуры не бяруць бізнэсоўцы таксама, таму што гэта пацягне за собой перасьлед, фінансавыя праверкі і г.д.”

Лёс Уладзімера Нісьцюка, паводле ягоных словаў, падзялілі многія дэпутаты: кандыдат навук радыёбіёляг Віктар Хоміч з Гомеля, эканаміст Станіслаў Багданкевіч, юрыст Мечыслаў Грыб, іншыя ня менш вядомыя асобы. Ня змог у Беларусі знайсьці сабе занятак і былы дэпутат, бізнэсовец і палітвязень Уладзімер Кудзінаў, які зьехаў ва Ўкраіну і спрабуе арганізаваць новы бізнэс.

Гаворыць Уладзімер Нісьцюк:

(Нісьцюк: ) “У нас такіх прыкладаў вельмі шмат. Таму тое, што ён зараз пераносіць гэта на сваіх чыноўнікаў, ён яшчэ раз пацьвярджае, што для яго Канстытуцыі, у якой (як і ва Ўсеагульнай дэклярацыі правоў чалавека) гарантуецца права на працу і прыстойнае жыцьцё, не існуе”.

З былых міністраў ураду Аляксандра Лукашэнкі непрацаўладкаванымі таксама засталіся многія. Не дачакаліся нейкіх прапановаў экс-прэм'ер Ярмошын, які разьлічваў на прызначэньне ў структуры так званай саюзнай дзяржавы, экс-міністар замежных справаў Антановіч, былы міністар культуры Сасноўскі. Хіба што толькі былы міністар аховы здароўя Зелянкевіч узначаліў прадстаўніцтва маскоўскага фонду ў Беларусі, а экс-віцэ-прэм'ер Дзямчук ўладкаваўся загадчыкам лябараторыі Беларускай політэхнічнай акадэміі. Тым ня менш, ён, як і большасьць іншых адстаўленых сябраў ураду, чакаюць, калі іх зноў паклічуць на дзяржаўную службу. Іншыя былыя высокапастаўленыя чыноўнікі, не дачакаўшыся адпаведных прапановаў ад дзяржструктураў і ня маючы магчымасьці распачаць сваю справу, выяжджаюць на нейкую працу ў Маскву.

Але, на думку Уладзіміра Нісьцюка, асабліва хвалявацца пра іх лёс ня варта:

(Нісьцюк: ) “Яны маюць такія сувязі зараз і такія крыніцы фінансаваньня, што ім можна ўжо нідзе не працаваць. Тое, што Лукашэнка іх зараз палохае — гэта зноў дзяцінства, не напалохае ён зараз ні аднаго міністра, які сыдзе ў адстаўку і будзе проста кансультаваць нейкую фірму, зьвязваць яе і атрымоўваць за гэта такія грошы, якія ён раней ня бачыў нават у дурным сьне.

Таму шкадаваць зараз тых, хто дапамагаў яму ствараць дурноту на нашай зямлі, я б ня стаў. Ён іх выкарыстаў, як гэта бывае заўсёды, а яны сваё месца знойдуць — ня тут, дык у Маскве, не ў Маскве, дык у Пэкіне, ня там — дык каля Садама Хусэйна... Яны ня будуць жабракамі, ня будуць, як мы, насіць па шэсьць гадоў адзін гарнітур. Хаця з пункту гледжаньня Канстытуцыі мы тут роўныя: і ім, і нам забараняюць працаваць і рабіць тое, што мы хочам у нашай краіне. Хай зараз бачаць усе, у тым ліку і намэнклятура, што яны не заўсёды побач з гэтым пастамэнтам, і калі ўжо будзе п'едэстал валіцца, дык будзе першымі душыць іх. Што і адбываецца зараз”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG