Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

МАГІЛЁЎСКІЯ ЎЛАДЫ ПРАВЯЛІ МІТЫНГ


Аляксандар Сердзюкоў, Магілёў

Прадстаўнікі Свабоднага прафсаюзу, Аб’яднанай грамадзянскай партыі і мясцовыя сацыял-дэмакраты прыйшлі на мітынг са сваімі сьцягамі і плякатамі ўласнага зьместу: “Так — працы, не — жабрацтву і бяспраўю”, “Не росту коштаў і жабрацтву”. У адрозьненьне ад леташняга мітынгу, міліцыянты не спынялі калёну дэмакратаў і не чынілі ім перашкодаў. Іхную ўвагу прыцягнуў толькі адзін сьцяг, бел-чырвона-белы, які трымаў сацыял-дэмакрат Юрась Рыжкоў. Да яго падышлі людзі ў цывільным, якія назваліся міліцыянтамі, не пажадалі прадставіцца і запатрабавалі, каб ён згарнуў сьцяг.

Калі спадар Рыжкоў адмовіўся, яны пацягнулі яго да машыны, а пасьля накіравалі у міліцэйскае аддзяленьне. Прадстаўнікоў Беларускага Гельсынскага камітэту ў аддзяленьне не дапусьцілі.

Тым часам мітынг, у якім у пераважна ўдзельнічалі рабочыя і навучэнцы, працягваўся. Каля помніка Леніну выступалі арганізатары мітынгу, але ж ніводзін зь іх не дапусьціў крытычных выказваньняў у бок улады. Прадстаўнікам апазыцыі і Свабоднага прафсаюзу слова не далі. Аднак старшыня Магілёўскай рэгіянальнай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Юрась Новікаў лічыць, што яны не дарэмна ўдзельнічалі ў гэтым мітынгу.

(Новікаў: ) “Першага траўня — гэта адзіны дзень, калі магілёўскія ўлады афіцыйна дазваляюць працоўным і прафсаюзам выйсьці на галоўную плошчу гораду. Нягледзячы на тое, што нам не далі магчымасьці выступіць з трыбуны, мы заўсёды прыходзім на гэты мітынг са сваімі сьцягамі і плякатамі. Нашая мэта — яшчэ раз нагадаць прадстаўнікам улады пра тыя шматлікія сацыяльныя праблемы, якія існуюць у нашым грамадзтве”.

Пасьля заканчэньня мітынгу дэмакраты рушылі у бок аддзелу ўнутраных справаў Ленінскага раёну Магілёва. Пад іхным націскам Юрася Рыжкова вызвалілі і нават вярнулі яму бел-чырвона-белы сьцяг. Сам ён лічыць, што яго затрымалі незаконна.

(Рыжкоў: ) “Я лічу сваё затрыманьне незааконным, таму што міліцыянты ў цывільным, якія нават не прадставіліся, затрымалі мяне нібыта за забаронены бел-чырвона-белы сьцяг. Для нас ён зьяўляецца нацыянальным сымбалем. Яны зацягнулі мяне за аблвыканкам у цёмную машыну, гвалтоўна абшукалі мяне, зламалі пачак цыгарэт і касэту для дыктафона, на якую я запісваў гэтую справу”.

Адметна, што міліцыянты не складалі пратакол і не спрабавалі абвінаваціць Юрася Рыжкова ў парушэньні адміністрацыйнага заканадаўства.
XS
SM
MD
LG