Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АКТЫВІСТЫ БЕЛАРУСКАЙ САЦЫЯЛ-ДЭМАКРАТЫЧНАЙ ПАРТЫІ ПРЫБРАЛІ ТЭРЫТОРЫЮ МОГІЛЬНІКА Ў КУРАПАТАХ


Ганна Соусь, Менск

Сёньня некалькі дзясяткаў сяброў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі працавалі ў Курапатах. Гэткім чынам яны вырашылі адзначыць дзень працы 1 траўня. Гаворыць актывіст партыі археоляг Міхась Чарняўскі:

(Чарняўскі: ) "Толькі зараз у Менску няма першамайскіх дэманстрацый. Упершыню Лукашэнка іх спыніў, а яны былі недзе з 1917-1918 гадоў, нават у часы акупацыі ў 1942-1944 гады. Удзельнікі першамайскай дэманстрацыі ў Менску ў 1941 годзе слалі тэлеграмы "дарагому Іосіфу Сталіну", а ўжо ў 1942 годзе дэманстранты слалі тэлеграмы "дарагому Адольфу Гітлеру"... 1 траўня — гэта міжнароднае сьвята працы, і сьвяткуецца літаральна ўсімі, акрамя Лукашэнкі".

(Карэспандэнтка: ) "І вы вырашылі правесьці яго ў Курапатах?"

(Чарняўскі: ) "Гэта нашая памяць, гэта нашая пакута. Гэта адзінае, што нас зьвязвае (а мала, што зьвязвае), як народ у нацыю".

Далей я падыходжу да Аляксея Караля й Паўла Знаўца. Яны высякаюць хмызьняк на магілах. Аляксей Кароль тлумачыць, чаму актывісты ягонай партыі вырашылі сёньня папрацаваць у Курапатах:

(Кароль: ) "Зыходзячы з магчымасьцяў і зыходзячы з нашай памяці й нашай віны перад тымі, хто калісьці быў рэпрэсаваны рэжымам, мы вырашылі прыйсьці сюды й крыху папрацаваць. Словы "май, мір, праца". Вось праца... Гэтаксама гэта даніна павагі да тых, хто трымае гэтую вахту больш за сем месяцаў. Сапраўды, каб іх тут не было, я думаю, што не было б ужо паловы гэтага ўрочышча".

Думку Аляксея Караля працягвае Павал Знавец:

(Знавец: ) "Тут расстраляныя дзясяткі тысяч людзей, і мы вось сячэм хмызьняк, ходзім па касьцях нявінна забітых. Трэба хоць нейкі парадак тут захоўваць. Зараз, калі ідзе пэрыяд усеагульнай стомленасьці, такі поствыбарны сындром у грамадзтве, усё ж робім нейкую справу для сябе, для душы. Замест мітынгаў і маёвак у нас працоўная маёўка, як у сапраўдных сацыял-дэмакратаў".

Што да вахты памяці ў Курапатах, то яна па-ранейшаму працягваецца. Мінулую ноч у Курапатах правялі чацьвёра валанцёраў. Гаворыць адзін зь іх, Уладзімер Сас:

(Сас: ) "Ноч прайшла даволі трывожна, былі нейкія гукі ў лесе. Мы былі ўвесь час насьцярожаныя".

Уладзімер Сас распавёў, што пасьля таго, як яны падалі заяву ў пракуратуру з прычыны нядаўніх нападаў на валанцёраў, да іх адмыслова быў прыстаўлены міліцыянт. Прыкладам, сёньня, калі да валанцёраў пачаў чапляцца п’яны будаўнік, гэты міліцыянт загадаў яму пакінуць урочышча.

Што да стану здароўя Алеся Поклада, то, паводле дзяжурнага лекара апёкавага цэнтру Менскага шпіталю хуткай дапамогі, ён па-ранейшаму застаецца цяжкім.
XS
SM
MD
LG