Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСЬ РАЗЬВІТАЛАСЯ ЗЬ МІХАІЛАМ ПТАШУКОМ


Валянціна Аксак, Менск

Ён паехаў у Маскву на кінафэст “НІКА”, небеспадстаўна спадзеючыся атрымаць галоўны прыз за свой скандальна вядомы фільм "У жніўні 44-га". Але на тлумных дарогах расейскай сталіцы знайшоў сьмерць, якая напаткала яго на ўзьлёце творчага імпэту, спароджанага салодкім словам “Галівуд”. Ён быў першы і адзіны зь беларускіх кінэматаграфістаў, каго заўважыла і запрасіла здымаць да сябе ўсясьветная імпэрыя сінэма. Пасьпеў, аднак, зьняць толькі адну стужку — пра лёс амэрыканскай дзяўчынкі, якая напярэдадні савецка-нямецкае вайны прыехала ў Беларусь да сваякоў. Адразу пасьля маскоўскага фэсту зьбіраўся ляцець у ЗША, каб абмяркоўваць сцэнар другое стужкі.

Гаворыць сябра, сусед па доме і калега кінарэжысэр Уладзімер Арлоў:

(Арлоў: ) "Гэта быў, пэўна, наш лідэр сёньняшні. Тое, што ён зрабіў, хоць толькі два фільмы ўзяць… Найперш "Знак бяды", дзе ягонае дараваньне далучылася да таленту Васіля Быкава і было яшчэ памножанае акторамі Генадзем Гарбукам і Нінай Русланавай, а ў выніку атрымаўся фільм, які ўжо ляжыць у скарбонцы беларускага ня толькі кіна-, а і ўсяго беларускага мастацтва. Шкада, канечне, што цяпер, калі чалавек толькі ўхапіў за перка жар-птушку, і раптам так усё здарылася..."

Народны артыст Беларусі Генадзь Гарбук выканаў у "Знаку бяды" і ў "Чорным замку Альшанскім" паводле Караткевіча галоўныя ролі.

(Гарбук: ) "Я лічу, што гэтыя ролі мае зь ім — найлепшыя мае ролі ў кінэматографе... Сустрэчы зь ім былі і цікавыя, і складаныя, таму што ён як мастак заўсёды знаходзіўся ў пошуку. І быў вельмі патрабавальны. На здымачнай пляцоўцы працаваў з поўнаю самааддачай. Патрабаваў і ад сябе, і ад другіх. Магу сказаць, што самыя прыемныя ў мяне ўспаміны пра час працы зь ім. Проста сэрца баліць, калі ўспамінаеш, як гэта было і цяжка працаваць зь ім, і ў той жа час радасна. Таму што заўсёды была ўпэўненасьць, што праца будзе падзеяй. Ва ўсялякім разе, для мяне сустрэчы зь ім заўсёды былі падзеяй..."

Вясковы хлопец зь Ляхавіцкага раёну, што на Берасьцейшчыне, Міхаіл Пташук першыя крокі ў вялікі сьвет мастацтва рабіў на раённых сцэнах тэатральнае самадзейнасьці, а апошнія — у здымачных павільёнах Галівуду. Усе свае самыя высокія званьні і ўзнагароды атрымаў за стужкі, зьнятыя на "Беларусьфільме". Паўзь “Беларусьфільм” сёньня пралёг ягоны шлях да месца вечнага спачыну на Ўсходніх могілках сталіцы.
XS
SM
MD
LG