Лінкі ўнівэрсальнага доступу

РЭЙТЫНГ ЛУКАШЭНКІ РЭЗКА ЗЬНІЗІЎСЯ


Валер Каліноўскі, Менск

Усяго праз паўгоду пасьля прэзыдэнцкіх выбараў за Аляксандра Лукашэнку гатовыя прагаласаваць толькі каля 30 адсоткаў апытаных сацыёлягамі НІСЭПД грамадзянаў. Гэта несувымерна ня толькі са зьвесткамі ЦВК пра 75%, што прагаласавалі за Лукашэнку 9 верасня мінулага году, але і з рэальным перадвыбарчым рэйтынгам 45%. Гэта ўвогуле самы нізкі рэйтынг Аляксандра Лукашэнкі, паводле шматгадовых апытаньняў НІСЭПД.

Прычым хуткае зьніжэньне рэйтынгу адбылося па ўсіх парамэтрах: давяраюць яму цяпер толькі 32,4% апытаных, лічаць ідэалам палітыка — 26%; прагаласавалі б на гіпатэтычных выбарах прэзыдэнта Расеі і Беларусі — 14%. Затое колькасьць перакананых праціўнікаў Лукашэнкі, г. зн. тых, якія ня вылучылі яго ні па адной з названых пазыцыяў, у чатыры разы перавышае колькасьць ягоных перакананых прыхільнікаў, — тых, хто адзначыў Лукашэнку па ўсіх гэтых пунктах. У грамадзтве ўпершыню ў большасьці апынуліся перакананыя праціўнікі сёньняшняга рэжыму. Сярод іх і частка тых, хто ўсяго паўгоду таму прагаласаваў за Лукашэнку — такіх каля паўмільёну.

Дырэктар НІСЭПД Алег Манаеў назваў гэтае надзвычайнае зьніжэньне рэйтынгу Лукашэнкі "абвалам". Вось што прафэсар Манаеў мяркуе пра прычыны гэтага абвалу:

(Манаеў: ) “Я бачу дзьве асноўныя прычыны. Галоўная — гэта, канешне, пагаршэньне эканамічнай сытуацыі ў краіне і матэрыяльнага становішча людзей. Пра гэта кажуць больш як 70% праціўнікаў Лукашэнкі. Звыш 60% неаднаразова сутыкаліся з затрымкамі ў выплаце заробкаў і пэнсіяў, а звыш 35% сказалі, што цярпець гэта ўжо немагчыма. Перадвыбарчыя абяцаньні, у тым ліку і наконт лібэралізацыі эканомікі, ня выкананыя...

Другая прычына — страта жыццёвых пэрспектываў. Каля 60% праціўнікаў Лукашэнкі перакананыя, што дзеля пасьпяховай кар'еры моладзі, г.зн. іх дзяцей, лепш зьехаць у іншую краіну. Амаль столькі ж самі хацелі б гэта зрабіць. Падумаць толькі: на пачатку 21-га стагодзьдзя звыш трох мільёнаў дарослых беларусаў настолькі незадаволеныя сваім жыццём у сваёй краіне, што гатовыя памяняць яе на іншую!”

Паводле зьвестак НІСЭПД, болей за 55% апытаных мяркуюць, што краіна разьвіваецца няправільна. Пры гэтым падтрымліваюць цяперашні курс толькі 21% апытаных. Яшчэ паўгоду таму гэтыя лічбы былі прыкладна роўныя: 36% і 38%. 55% апытаных сьведчаць, што эканамічная сытуацыя ў краіне за апошні год пагоршылася.

Вядомы палітык Аляксандар Дабравольскі зазначае, што іншыя сацыялягічныя службы таксама сьведчаць пра моцнае падзеньне рэйтынгу Аляксандра Лукашэнкі. Спадар Дабравольскі мяркуе, што Лукашэнка сам ведае пра гэта, і таму робіць апошнім часам гучныя папулісцкія захады — напрыклад, адстаўкі ва ўрадзе. Гаворыць Аляксандр Дабравольскі:

(Дабравольскі: ) “Людзі чакалі хоць нейкіх зрухаў пасьля выбараў, чакалі выкананьня абяцаньняў, усё ж хацелі ў нешта верыць. Але яны атрымалі зусім іншы вынік, чым хацелі. Пасьля выбараў ужо прайшло даволі шмат часу, і людзі ўпэўніліся, што яны памыліліся. Вось такое расчараваньне мне здаецца істотным чыньнікам, які будзе ўплываць на палітычную сытуацыю”.

Спадар Дабравольскі мяркуе, што цяпер у Аляксандра Лукашэнкі звузілася поле для манэўру і ў стасунках з Расеяй, і ў стасунках з Захадам.

(Дабравольскі: ) “Лукашэнка сапраўды ў цяжкім стане. Але хто можа выкарыстаць гэтую сытуацыю, каб штосьці зьмяніць у краіне? Мне падаецца, што апазыцыя пакуль да гэтага не гатовая, ёсць шмат якіх праблемаў у апазыцыі, у першую чаргу з унутраным адзінствам. Калі апазыцыя здолее яго дасягнуць, то тады сытуацыя да наступных мясцовых выбараў вясной будучага году можа зьмяніцца. Калі не — то тады, я думаю, прыйдзецца чакаць, пакуль Лукашэнка заваліцца сам”.
XS
SM
MD
LG