Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЎСЯСЬВЕТНАЙ МЭДЫЦЫНЫ


Сяргей Шупа, Прага

Ліхаманка дэнге пераносіцца камарамі, якія плодзяцца ў стаячай вадзе. Яе сымптомы падобныя да грыпу і суправаджаюцца высокай тэмпэратурай, болем галавы, мышцаў і суставаў, стратай апэтыту і стомай. Лекаў ад гэтай хваробы пакуль ня знойдзена. Паводле Ўсясьветнай Арганізацыі Здароўя, штогод у сотні краінаў сьвету на ліхаманку дэнге захворвае каля 80 мільёнаў чалавек, як найменей 20 тысяч зь якіх памірае.


СТАКГОЛЬМ. Швэдзкія навукоўцы паведамляюць, што бульбяныя чыпсы, смажаная бульба, печыва і хлеб утрымваюць надзвычай высокую колькасьць рэчыва, якое можа выклікаць рак. У выніку дасьледаваньня, праведзенага ў Стакгольмскім Унівэрсытэце, выявілася, што акрыламід – патэнцыйны канцэраген – утвараецца ў вялікай канцэнтрацыі, калі рыс, бульба і прадукты з мукі смажацца або пякуцца, і зусім адсутнічае, калі яны варацца. Прадстаўніца Швэдзкай Харчовай Адміністрацыі заявіла, што хоць акрыламід значна больш небясьпечны за іншыя канцэрагены, галоўную рызыку для жыцьця надалей нясе ў сабе курэньне тытуню.


ГЛАЗГА. Зубныя лекары значна часьцей хварэюць на страту памяці і маюць хворыя ныркі, што можа быць выклікана доўгатэрміновым кантактам са злучэньнямі ртуці, якія ўтрымваюцца ў зубных плёмбах. Праведзенае ў Глазга дасьледаваньне сярод 180 дантыстаў паказала, што ўзровень утрыманьня ртуці ў іхным арганізме ў чатыры разы перавышае нармальны. Ртуць выкарыстоўваецца ў зубной тэхніцы паўтара стагодзьдзя, і некаторыя дантысты і дасьледнікі лічаць, што яе выпарэньні могуць быць шкодныя для лекараў і пацыентаў.


ВАШЫНГТОН. Глябальны Фонд Барацьбы са СНІДам, сухотамі і малярыяй у найбліжэйшым часе распачне фінансаваньне сваіх першых праектаў. Усяго на працягу двух гадоў Фонд плянуе выдзеліць 378 мільёнаў даляраў на 40 праектаў у 31 краіне сьвету. Каля 45% грошай пойдзе на закуп лекаў і абсталяваньня. Больш за палову сродкаў Фонду будзе выдадзена на дапамогу афрыканскім краінам. Фонд быў заснаваны ў 2001 годзе дзеля змаганьня з хваробамі, якія штогод забіраюць каля 6 мільёнаў жыцьцяў.


НЬЮ-ЁРК. Дасьледаваньні, праведзеныя ў Злучаных Штатах і Італіі, паказалі, што зьніжэньне плоднасьці ў жанчын пачынаецца раней, чым лічылася дагэтуль. Дасьледаваньне праводзілася сярод параў, якія ўжываюць натуральныя сродкі кантрацэпцыі. Выявілася, што магчымасьць зацяжараць падчас месячнага цыклю пасьля 27 гадоў зьніжаецца на 10%, а пасьля 35 гадоў – на 20%. Разам з тым было выяўлена, што плоднасьць у мужчынаў істотна зьніжаецца пасьля 35 гадоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG