Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЗША ПЛЯНУЮЦЬ ВАЕННУЮ АПЭРАЦЫЮ СУПРАЦЬ ІРАКУ


Віталь Цыганкоў, Прага

Пляны правесьці ваенную апэрацыю супраць Садама Хусэйна зьявіліся ў Пэнтагоне пасьля таго, як адміністрацыя Буша вырашыла, што ўнутраны пераварот у Іраку немагчымы і што падштурхоўваньне нейкіх унутраных сутыкненьняў у Іраку будзе неэфэктыўнае і не прывядзе да зьмены ўлады. У плянах Пэнтагон канцэнтруе ўвагу на паветранай кампаніі й наземнай апэрацыі, у якіх можа ўзяць удзел ад 70 да 250 тысяч вайскоўцаў.

Найвышэйшыя чыноўнікі Белага Дома, аднак, прызнаюць, што любая апэрацыя будзе адкладзеная прынамсі да пачатку наступнага году, паколькі патрэбны час для стварэньня неабходных ваенных, эканамічных і дыпляматычных умоваў. Маецца на ўвазе нежаданьне амэрыканцаў ваяваць летам у няўклюдных касьцюмах хімічнай абароны, падрыхтоўка росту ўсясьветных цэнаў на нафту і забесьпячэньне прагрэсу ў палестынска-ізраільскім канфлікце.

Да апошняга часу адміністрацыя Буша разглядала магчымасьць канфрантацыі з Іракам на гэтую восень, пасьля пацьверджаньня ў ААН таго факту, што Ірак не пускае ў краіну інспэктараў, якія маглі б пацьвердзіць, што Багдад не вырабляе зброі масавага зьнішчэньня. Аднак цяпер такі сцэнар выглядае меньш рэалістычным. Канфлікт на Блізкім Усходзе пераконвае многіх у Белым Доме, што ваенная апэрацыя супраць Іраку можа пацягнуць за сабой узрушэньні ў арабскіх краінах і рост антыамэрыканскіх настрояў у рэгіёне. Таму афіцыйна на сёньня пакуль не існуе аніякага “пляну вайны”.

“Прэзыдэнт пакуль не прыняў ніякага рашэньня, – сказаў газэце адзін з пэнтагонаўскіх чыноўнікаў. – Аднак любыя дзеяньні супраць Іраку ня будуць падобнымі на тое, што мы рабілі ў Афганістане”. Што да дыпляматычных наступстваў, то найвышэйшыя амэрыканскія дарадцы сьцьвярджаюць, што арабскія лідэры будуць публічна пратэставаць супраць падзеньня Садама Хусэйна, але таемна будуць вітаць разгром Хусэйна, бо гэта можа істотна супакоіць процістаяньне паміж Ізраілем і палестынцамі.

У той жа час у Дзярждэпартамэнце і Белым Доме выказваюцца контараргумэнты, што спробы скінуць Хусэйна будуць разглядацца арабамі як канфрантацыя з ісьлямам і дэстабілізуюць увесь рэгіён. Ваенныя лічаць, што апэрацыя супраць Хусэйна можа ісьці паводле схемы, якая спрацавала ў Афганістане. Паводле гэтай мадэлі, авіяўдары спалучаюцца з выступамі мясцовай апазыцыі – у Іраку гэта курды на поўначы і шыіты на поўдні. Аднак ірацкае войска па-ранейшаму дастаткова моцнае, каб нанесьці паразу любым унутраным выступам бязь зьнешняга ўмяшаньня.

Тым часам іракцы ў нядзелю адзначалі 65-ю гадавіну Садама Хусэйна. Як паведамляюць ірацкія дзяржаўныя мэдыі, дзясяткі тысяч людзей маршыравалі па вуліцах Багдаду. Газэты пішуць, што нараджэньне Хусэйна азначае нараджэньне Іраку як “свабоднай краіны супраць амэрыканска-брытанскага-сіянісцкага каляніялізму”. Як паведамляе ірацкая прэса, людзі на вуліцах танчылі й сьпявалі, праслаўляючы Садама Хусэйна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG