Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ІРЛЯНДЦЫ СУПРАЦЬ ДРУГОГА ЧАРНОБЫЛЮ – ХІРУРГІ РАТУЮЦЬ ЖЫЦЬЦЁ ТРУСЯНЯЦІ – 6 МІЛЬЁНАЎ ДАЛЯРАЎ ЗА МАНЭТУ ДЫ ІНШЫЯ ГІСТОРЫІ


Сяргей Шупа, Прага

На гэтым тыдні адзначалася гадавіна Чарнобыльскай катастрофы. Прымеркаваныя да трагічнай даты канфэрэнцыі, сходы, мітынгі, шэсьці адбываліся ня толькі ў краінах, якія найбольш пацярпелі ад катастрофы. Чарнобыльская бяда сталася папярэджаньнем усяму сьвету аб небясьпецы, якую нясе ў сабе неабачлівае стаўленьне да навакольнага сьвету, у якім мы жывем.

Сёлета ад чарнобыльскай праблемы не засталася ў баку і Ірляндыя. З гораду Ўіклоў перадае Вольга Хвайніцкая:

(Хвайніцкая: ) “Небывалая дагэтуль акцыя пратэсту, аб’ектамі якой сталі брытанскі прэм’ер Тоні Блэйр і прынц Чарлз, зноў аб’яднала ірляндзкую нацыю ў выступленьні супраць суседзяў-брытанцаў. Гэтым разам ірляндцы патрабуюць закрыць атамную электрастанцыю Сэлафілд (Sellafield), якая месьціцца на захадзе Англіі, якраз на ўзьбярэжжы Ірляндзкага мора, куды кожны дзень выліваюцца мільёны літраў радыяцыйных адкідаў.

Ідэя акцыі належыць Алі Хьюсан, жонцы саліста рок-гурту “U2” Бона і актывістцы ірляндзкага фонду “Дзецям Чарнобылю”. Паводле акцыі, прыкладна месяц таму ў кожны дом Ірляндыі былі разасланыя паштоўкі з тэкстам, адрасаваным Тоні Блэйру. Грамадзянаў заклікалі падпісаць зварот і адправіць па пошце свае пасланьні непасрэдна прэм’ер-міністру Вялікабрытаніі, а таксама набыць ідэнтычныя паштоўкі для арынца Валійскага і міністра паліўнай прамысловасьці Нормана Аск’ю.

Такім чынам, раніцай у пятніцу, якраз у дзень 16-й гадавіны Чарнобыльскай трагедыі, Тоні Блэйр атрымаў больш за мільён паштовак з выявай вока і ляканічным подпісам: “Тоні, зірні мне ў вочы і скажы, што я ў бясьпецы”. У тэксьце на адвароце прэм’ер-міністар мог прачытаць: “Радыяцыя ня ведае межаў. У выпадку выбуху на Сэлафілдзе першай пацерпіць мая краіна. Мы ня хочам другога Чарнобылю. Зачыні Сэлафілд дзеля ўсіх нас”. У той самы дзень адмысловыя “прывітаньні з Ірляндыі” атрымалі Прынц Чарлз і міністар Аск’ю. Атрыманыя ад акцыі сродкі будуць накіраваныя ў ірляндзкі фонд “Дзецям Чарнобылю”. (Вольга Хвайніцкая, Ўіклоў)


Нагадаю і яшчэ пра адзін ірляндзкі акцэнт у чарнобыльскай тэме – вядомы ў сьвеце ірляндзкі рок-гурт “Cranberries” сёлета выпусьціў сынгл зь песьняй “Часу ўсё меней”, усе прыбыткі зь якога таксама пойдуць у ірляндзкі фонд “Дзецям Чарнобылю”. Пра гэта шырэй апавядаецца на гэтым тыдні ў нашай перадачы “Беларускі дыялёг на Інтэрнэце”.

Пра тое, як адрэагаваў брытанскі прэм’ер на ірляндзкую акцыю, пакуль што невядома. Можа ён ніколі й не прачытае тыя дасланыя яму 1 мільён 300 тысяч паштовак. Можа, у яго проста няма на гэта часу – каб пачытаць карэспандэнцыю, пагуляць у парку, або зайсьці па прадукты ў супэрмаркет, як гэта зрабіў пару дзён таму ягоны фінскі калега. Зь фінскай сталіцы перадае Якуб Лапатка:

(Лапатка: ) “Нягледзячы на трагічны лёс швэдзкага прэм’ера Ўлафа Пальмэ, скандынаўскія каралі, прэзыдэнты і прэм’еры працягваюць хадзіць па вуліцах без аховы і снайпэраў. Так, прэм’ер-міністар Фінляндыі Паава Ліпанэн зайшоўся ў супэрмаркет ня ў тым раёне Гельсынкаў, дзе ён жыве. Яго пазналі, і пачалася ажыўленая гутарка “за жыцьцё”. Прэм’ер не сьпяшаючыся адказваў на шматлікія пытаньні наведнікаў супэрмаркету, і толькі адно пытаньне з натоўпу – “Дзе тут можна здаць бутэлькі?” – засталося без адказу. Пасьля гэтага Ліпанэн разьвітаўся зь людзьмі, купіў білет на мэтро і паехаў дадому”. (Якуб Лапатка, Гельсынкі)

У нашай мінулай перадачы распавядалася, як у Брытаніі шырыцца рух за абмежаваньне злачыннай дзейнасьці катоў, якія пагражаюць жыцьцю меншых жывёлінаў – мышэй, пацукоў, птушак. Сёньня наш карэспандэнт у Лёндане Мікола Пачкаеў працягвае гэтую крымінальную тэму:

(Пачкаеў: ) “У Ёрку, на поўначы Англіі, цяпер папраўляецца пасьля складанай хірургічнай апэрацыі на мозгу трус Колін пароды нідэрляндзкі гном, 9 месяцаў веку. Нядаўна трусу гэтаму не пашчасьціла – ён патрапіў у кіпцюры кату-валацугу і атрымаў цяжкія траўмы галавы, ад якіх бы хутка памёр. Але, як растлумачыла газэце “Daily Mail” уладарка труса доктар Ўотсан, выкладчыца Ёркскага ўнівэрсытэту, трус стаўся часткаю іх сям’і, асабліва для дзяцей – 10-гадовай Рэбэкі і 8-гадовай Рэйчэл. У выніку ратаваньне трусінага жыцьця запатрабавала падвойнай трэпанацыі чэрапа. Мэдычныя выдаткі наблізіліся да 2 тысяч даляраў. Але, як кажа доктар Ўотсан, гэта была сытуацыя, калі грошы сапраўды ня браліся ў разьлік”. (Мікола Пачкаеў, Лёндан)

Сапраўды, ці шкада нейкія 2 тысячы даляраў, каб уратаваць жыцьцё дарагой сэрцу жывой істоты? Значна больш дзіўна, калі людзі гатовыя выкласьці 6 мільёнаў даляраў за невялічкі кавалак мэталу. Аўкцыён “Sothbis” у Нью-Ёрку выстаўляе на продаж залатую манэту 20-даляровага наміналу выпуску 1933 году і спадзяецца атрымаць за яе ня менш за 6 мільёнаў. Што ж гэта за манэта, якую нумізматы называюць “Монай Лізай сярод манэтаў”?

Манэта, гэтак званы “Падвойны Арол”, складаецца на 90 працэнтаў з золата і на 10 – зь медзі. У 1933 годзе было адбіта некалькі тысяч манэтаў, аднак неўзабаве пасьля гэтага прэзыдэнт Фрэнклін Рузвэлт зьняў Злучаныя Штаты з залатога стандарту, каб дапамагчы эканоміцы ў часе дэпрэсіі. Усе манэты пайшлі ў пераплаўку, толькі 2 былі пакінутыя для музэю “Smithsonian”. Аднак 10 манэт нейкім чынам трапілі на чорны рынак, і ў 1940-50 гадох 9 зь іх былі знойдзеныя і зьнішчаныя.

Засталася адна, якая спачатку неверагодным чынам трапіла ў калекцыю эгіпэцкага караля Фарука, а ў 1995 годзе была перакупленая брытанскім нумізматам Стывэнам Фэнтанам. Праз год ён паспрабаваў яе перапрадаць, аднак пакупнікі – пераапранутыя агенты амэрыканскіх спэцслужбаў – канфіскавалі манэту. І вось цяпер самая дарагая ў сьвеце манэта чакае свайго новага гаспадара.

Яшчэ адно паведамленьне са сьвету калекцыянэраў прыйшло на гэтым тыдні з Польшчы. Перадае Аляксей Дзікавіцкі:

(Дзікавіцкі: ) “У век Інтэрнэту і мабільных тэлефонаў жыхары польскага гораду Слупск хочуць паставіць помнік свайму земляку Генрыху фон Стэфану, які прыдумаў паштоўкі. Манумэнт у выглядзе вялізнай паштоўкі мусіць паўстаць у сквэры побач з былым будынкам гарадзкой пошты. Аказваецца, што калісьці памяць Генрыха фон Стэфана ўжо была ўшанаваная ў Слупску – некалькі месяцаў таму ў часе дарожных работаў выпадкова была знойдзеная памятная шыльда – яшчэ з даваенных часоў, прысьвечаная вынаходцы цяпер ужо звыклай паштоўкі.

Генрых фон Стэфан нарадзіўся ў 1831 годзе ў Слупску-Паморскім, скончыў тут гімназію і атрымаў першую працу ў якасьці пісара на коннай пошце. Праз год яго перавялі ў Бэрлін, дзе за кароткі час паштовы пісар стаў генэральным дырэктарам усёй нямецкай пошты. Ужо ў 1877 годзе ва ўсім сьвеце атрымалі папулярнасьць прыдуманыя ім паштоўкі. Яшчэ пры жыцьці Генрых фон Стэфан стаў ганаровым грамадзянінам Слупску. Варта адзначыць, што ініцыятараў ушанаваньня памяці земляка акрамя ўласна павагі да ягонай асобы клапоцяць і больш празаічныя рэчы. Паводле разьлікаў гарадзкіх уладаў, незвычайны помнік фон Стэфану мае прыцягнуць у Слупск шмат турыстаў, асабліва з суседняй Нямеччыны”. (Аляксей Дзікавіцкі з Варшавы)


Забаўная навіна прыйшла на гэтым тыдні з Сэулу – дзе сёлета ў чэрвені будуць адбывацца матчы футбольнага чэмпіянату сьвету. Дык вось, кулінары гэтай краіны вырашылі разьвеяць заходнія забабоны наконт некаторых асаблівасьцяў карэйскай кухні. На дзесяці стадыёнах краіны, дзе будуць адбывацца спаборніцтвы, гледачам будзе бясплатна раздавацца суп, канапкі і гамбургеры з сабачым мясам.

У заяве ўладальнікаў рэстаранаў цьвердзіцца, што сабачае мяса – неадлучная частка карэйскай кухні і што есьці сабакаў – ніяк ня горш чым, напрыклад, коней, сьлімакоў або галубоў, як гэта робіцца ў некаторых іншых краінах. У апошні сьпіс сьмела можна дадаць і жабаў... Спрэчкі й пратэсты вакол спажываньня карэйцамі сабачаціны не сьціхаюць ужо шмат месяцаў. Чым усё скончыцца – пабачым у чэрвені.

І яшчэ адна кулінарная навіна. Пра яе распавядае зь Ерусаліму Ігар Рубінштэйн:

(Рубінштэйн: ) “Прафэсар катэдры біяхіміі Тэль-Авіўскага ўнівэрсытэту Нурыт Шыклаі, якая займаецца дасьледаваньнямі функцыяў сардэчнай мышцы чалавека, нечакана зрабіла адкрыцьцё ў зусім іншай галіне. На яе імя зарэгістраваны патэнт на спосаб падаўжэньня тэрміну захаваньня сьвежага мяса. Прадметам апошняга дасьледаваньня прафэсара Шыклаі была шкода з прычыны парушэньня рэжыму забесьпячэньня сардэчнай мышцы кіслародам, напрыклад, у выніку інфаркту міякарда. Залішнее акісьленьне мышцы прыводзіць да ўтварэньня шкодных рэчываў, што парушае працу найважнейшага органа.

Прафэсар Шыклаі знайшла сродак – CO, або проста чадны газ. Калі сардэчную мышцу абвалаквае чадны газ, працэс акісьленьня сардэчнай мышцы істотна запавольваецца. Вынаходлівая прафэсар падумала, што звычайнае мяса, якое мы ўжываем як ежу – гэта тыя самыя мышцы, і замяніла ў сваіх досьледах чалавечае сэрца ялавічнымі стэйкамі.

Тэль-авіўскі прафэсар рэкамэндуе падчас пакаваньня сьвежага мяса прыбраць кісларод, а перад запайваньнем прадукту ў поліэтылен запусьціць туды невялікую колькасьць чаднага газу. Паводле яе, такое мяса ня страціць сьвежасьці два-тры тыдні пры пакаёвай тэмпэратуры, а ў лядоўні – цэлыя паўтара месяца. Адна амэрыканская кампанія ўжо набыла правы на выкарыстаньне гэтай вынаходкі на практыцы”. (Ігар Рубінштэйн, Ерусалім)


А вось студэнт інжынэрыі ва Ўнівэрсытэце штату Флорыда Жан-Філіп Клерк таксама зрабіў вынаходзтва ў нечаканай галіне. Ён сканструяваў робата, які адкаркоўвае бутэлькі зь півам. Робат езьдзіць па стойцы ў бары, знаходзіць бутэльку, заціскае яе, адкаркоўвае і ад’яжджае. Як ні парадаксальна, сам вынаходнік, які паходзіць з востраву Гвадэлюпа, больш любіць віно, аднак падчас распрацоўкі робата яму давялося спажыць 134 бутэлькі піва. Добра, калі было каму дапамагаць...

На гэтым я з вамі разьвітаюся. Да сустрэчы ў наступную нядзелю з новымі незвычайнымі, дзівоснымі й забаўнымі гісторыямі тыдня.
XS
SM
MD
LG