Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СПРАВА АБ ЗЬНІКНЕНЬНІ ЮРАСЯ КОРБАНА ПРЫПЫНЕНАЯ З ПРЫЧЫНЫ "АДСУТНАСЬЦІ ІНФАРМАЦЫІ"


Алег Грузьдзіловіч, Менск

За тры месяцы, што мінулі з часу зьнікненьня кіраўніка віцебскага цэнтру моладзевых ініцыятываў "Контур" і сябра сойму БНФ Юрася Корбана, зьвестак пра ягоны лёс не зьявілася, і міліцыя вырашыла прыпыніць справу пра ягонае зьнікненьне. Пра гэта паведаміла маці Юрася Ніна Корбан са спасылкай на сьледчага Харытановіча з Чыгуначнага райаддзелу віцебскай міліцыі, які займаўся пошукамі юнака. Праўда, на думку Ніны Корбан, словам "пошук" нельга назваць тыя дзеяньні, якія праводзіла міліцыя.

(Ніна Корбан: ) “Нідзе я нават ня бачыла партрэтаў сына з інфармацыяй пра ягонае зьнікненьне, хаця адмыслова цікавілася. Сама даю абвесткі ў нашай газэце, пішу ва ўсе інстанцыі, а на міліцыю спадзяваньняў у мяне ўжо няма".

Нагадаю, Юрась Корбан лічыцца зьніклым з 28 студзеня, калі ён не зьявіўся дамоў у Віцебску. Праз колькі дзён быў зафіксаваны званок Юрася сваякам, зроблены праз мабільны тэлефон зь мікрараёну Серабранка ў Менску. Юрась казаў, што патрэбныя грошы для таго, каб яго адпусьцілі на волю. Па грошы, аднак, ніхто не зьявіўся, і зьвестак пра Юрася ад таго часу няма. Сваякі ды аднадумцы Юрася Корбана лічаць, што гэтае здарэньне варта разглядаць ў палітычным кантэксьце, і скардзяцца на тое, што міліцыя палітычную вэрсію зьнікненьня юнака не правярае. Уласнае расьсьледаваньне сяброў Маладога Фронту таксама вынікаў не прынесла.

Віцебскія міліцыянты між тым тлумачаць, што справа Юрася Корбана не закрытая і будзе адноўленая адразу пасьля зьяўленьня новай інфармацыі пра ягоны лёс.
XS
SM
MD
LG