Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ВІКТАР КАЗЬКО: “МЫ ШТОДНЯ ЧУЕМ ЗАКЛІНАЛЬНІКА ГАДАЎ”


Міхась Скобла, Менск

Пасьля чарнобыльскай трагедыі мінулася ўжо шаснаццаць гадоў. І калі ў першае дзесяцігодзьдзе па ўсім сьвеце ствараліся адмысловыя фонды, то пазьней ручаёк дапамогі паступова перасыхаў. Эўропа стамілася ад Чарнобылю, у сьвеце другія праблемы выйшлі на першы плян. Стаўленьне і саміх беларусаў да чарнобыльскай праблематыкі зьмянілася. Вось і на чарговы Чарнобыльскі шлях сёлета выйшла няшмат людзей. Абываталь мяркуе: ну, калі прэзыдэнт і той у зону езьдзіць — значыць, нічога страшнага там няма. Народ амаль супакоены. Ці добра гэта? — з такім пытаньнем я зьвяртаюся да свайго сёньняшняга суразмоўцы — пісьменьніка Віктара Казько.

(Казько: ) "Я ня ведаю, кім гэта аплачана, але ў многіх СМІ сёньня зьяўляюцца проста абуральныя матэрыялы. Мне гэта нагадвае першыя часы пасьля трагедыі, калі МАГАТЭ нас супакойвала, маўляў, нічога страшнага не адбылося, гэта ня больш як апраменьваньне пры рэнтгене. Так і цяпер, даходзіць ужо ледзь не да развагаў накшталт: а мо й няблага, што здарылася катастрофа. Расьце ў зоне ўсё, і ўраджаі зьбіраюцца. А ў той жа час прафэсар Бандажэўскі, які сур'ёзна вывучаў уплыў радыяцыі на здароўе людзей — сядзіць у турме.

Мне расказвалі такую гісторыю пра чарнобыльскіх звяроў — пра лася і ласіху. Яна — па адзін бок калючага дроту, ён — па другі. Надышоў час гону — і яны абыходзілі гэты дрот, каб сустрэцца ў час звярынага каханьня. І ня здолелі абысьці дрот. І тады лось кінуўся на калючы дрот і загінуў. Дык вось, для мяне сымбалем пасьлячарнобыльскай Беларусі зьяўляецца гэтая зьвярыная прага жыцьця і немагчымасьць яго працягваць".

(Скобла: ) "Прага жыцьця ў нас часам выяўляецца неардынарна. Памятаю, як мяне ў свой час уразілі чарнобыльскія прыпеўкі, што друкаваліся ў газэце "Зьвязда". Жвавыя, вясёлыя прыпеўкі пра сьмерць. Прыкладам: "Да 2000-га году шмат паляжа ў нас народу..." Альбо: "Смутна стала жыць на сьвеце — унукі мруць у лязарэце ад чарнобыльскай бяды, хоць жывуць яшчэ дзяды". Немцы называюць гэта “Galgenhumor” — весялосьць вісельніка. А што вы скажаце пра падобную творчасьць?"

(Казько: ) "Час цяпер пайшоў пазбаўлены этыкі, духоўнасьці, "нравственности", кажучы па-расейску. За савецкім часам на могілках танцпляцоўкі рабілі — дык не заўсёды ведалі пра гэта. І на касьцях памерлых і загінулых скокі ладзіліся. Сёньня нешта падобнае адбываецца ў чарнобыльскай зоне. Ты ведаеш, што там бардэль існуе?"

(Скобла: ) "Дзе, у зоне?"

(Казько: ) "У зоне бардэль зрабілі! Мабыць, для аматараў экзатычнага сэксу. Аўтадром там зрабілі, нешта накшталт "Формулы-1", гонкі там будуць. Там плянуецца на будучыню вялікае шоў, відовішча, каб прыехалі турысты, капітал прывезьлі. Але з патанулых караблёў толькі піраты золата дастаюць. А на могілках, як сёньня кажуць, адмарозкі толькі грошы шукаюць. І ў народзе гэта жыве. І Бог за гэта карае. Як і за тое, калі забягаюць наперад нябожчыку. Калі ты едзеш на аўтамабілі, дык спыняешся й чакаеш, каб не перашкаджаць сьмерці. Не перашкаджаць рабоце вечнасьці. А мы пра гэтую работу вечнасьці і наагул пра вечнасьць забыліся. Гэта ўжо пайшло чаканьне Апакаліпсысу. І толькі слабенькая надзея захоўваецца, што ўсё ж чалавек дасьць рады й чалавецтва ацалее".

(Скобла: ) "Нездарма кажуць у народзе — адна бяда ня ходзіць, а за сабой другую водзіць. І калі Чарнобыль пагражае фізычным зьнішчэньнем, то ўлада ўзяла курс на вынішчэньне духоўнасьці. Які панцыр можа абараніць нас ад гэтай бяды?"

(Казько: ) "Я б не разводзіў гэтыя беды, яны маюць пад сабой адзін грунт. Мае сацыяльна-філязофскі сэнс і Чарнобыль, ён падрыхтаваны цывілізацыяй, і лукашэнкаўскі духоўны чарнобыль, ён таксама падрыхтаваны. Тут вінаватыя мы самі, самі беларусы са сваёй памяркоўнасьцю, бездапаможнасьцю сваёй.

Лукашэнка мае рацыю — моцнай апазыцыі ў нас няма. А тая, што ёсьць — яна ня "вшивая", а савецкая, і лёзунгам яе маглі б быць словы: "Взвейтесь кострами, синие ночи, мы пионеры, дети рабочих". Столькі было шанцаў дадзена вырвацца з лукашэнкаўскіх абдымкаў! Ні адзін ня быў выкарыстаны. Шушкевіч пайшоў з-за скрынкі цьвікоў — ну гэта ж сьмешна.

Сёньня выступае прэзыдэнт на НТВ, у праграме "Свабода слова", а апазыцыя ня можа задаць нават нейкага пытаньня. Лябедзьку слова не далі, а астатнія й сказаць нічога ня могуць! Вячорка прыйшоў на плошчу, каб паведаміць, што ён ня мае да Лукашэнкі пытаньняў! А Хадыка? У адным з інтэрвію гаворыць, што прыход Мясніковіча на Акадэмію навук ён падтрымлівае, гэта, ці бачыце, прыток сьвежых сілаў. Як гэта разумець?! Апазыцыя змагаецца з асобаю Лукашэнкі, але не змагаецца з тым рэжымам, які ім створаны".

(Скобла: ) "На гэтым тыдні кіраўнік краіны выступіў з "пасланьнем да парлямэнту". Быў у тым пасланьні й разьдзел "Аб разьвіцьці навукі, адукацыі й культуры". Якія ўражаньні выклікала ў вас прэзыдэнцкае бачаньне разьвіцьця гэтых сфэраў?"

(Казько: ) "Я не знайшоў у тым пасланьні ніводнай думкі ні пра навуку, ні пра культуру. Лукашэнка здольны ператварыць усё ў калгасны сход: прэзыдэнцкая больніца, вось я займаюся, я запісваю, я выпісваю... Ці гэта справа прэзыдэнта? Уласьцівасьць усіх дэмагогаў, у тым ліку Лукашэнкі, — хлусіць і займацца падтасоўкай. Людзей заварожваюць пасы заклінальніка гадаў — дзе ён клянецца ў шчырасьці, у любові да народу: я плачу, я пацею, калі бачу, як мучыцца мой народ... Гэта імкненьне зачараваць шчырасьцю, зачараваць тым, чаго няма. Мы кожны дзень чуем заклінальніка гадаў.

Што да культуры. Хіба можна лічыць прэзыдэнцкім клопатам пра культуру будаўніцтва Нацыянальнай бібліятэкі? Культура — гэта не будаўніцтва. Культура — гэта клопат пра душу чалавека, пра мову, якую ён, дарэчы, зьневажае на кожным кроку. Далей ў тым пасланьні пайшлі агульныя словы, звычайная пустата і агрэсіўнасьць.

Але сытуацыя ўскладняецца яшчэ й другой праблемай. Прамінулая акцыя "Так жыць нельга" паказала, што ў моладзі няма падтрымкі. Лукашэнка сказаў — чаго захацелі, тое і атрымалі. Білі — дык мужыкі ж былі... Я толькі магу сказаць, што накат роўны адкату. Таму тое, што ты робіш, зробяць і з табой. Прыйдзе гэты час".

(Скобла: ) "Прзыдэнцкі "клопат" пра культуру выявіўся ў другой падзеі гэтага тыдня. Начальнік усіх беларускіх літаратурна-мастацкіх часопісаў С. Касьцян пачаў-такі мяняць рэдактараў, звальняць неляяльных да ўлады й прызначаць "сваіх". У "Полымі" на месца Сяргея Законьнікава сеў Мікола Мятліцкі. Што чакаць ад такіх кадравых ператрусаў?"

(Казько: ) "Улада пайшла на парушэньне ўсяго, і юрыдычных, і чалавечых законаў. Аддалі часопісы невядома каму... Тых людзей, якія прыйшлі пры жывых рэдактарах кіраваць часопісамі, я б назваў штрэйкбрэхерамі нашага часу. Такога культурнага штрэйкбрэхерства яшчэ не было — нават за сталінскім часам. Калісьці мянялі Твардоўскага, дык аднаго мянялі. Але каб адным махам узяць і пазбавіцца ад усіх...

Касьцян у інтэрвію "БДГ" назваў творчасьць Васіля Быкава састарэлай. А таго не разумее, што Быкаў навечна ўпісаны ў сусьветную літаратуру, яго ва ўнівэрсытэтах па ўсім сьвеце вывучаюць. Ён паказаў характар беларуса, душу беларуса ў экстрэмальных умовах. Быкаў вельмі сьціплы чалавек, яму многага ня трэба. Дайце спакойна жыць на Радзіме. Не даюць... Вось як білі падлеткаў на акцыі "Так жыць нельга", так улада думае распраўляцца і зь пісьменьнікамі."

(Скобла: ) "Рада Саюзу пісьменьнікаў прыняла рашэньне аб скліканьні нечарговага зьезду. Але ў Саюзе няма ранейшай еднасьці. Што можна чакаць ад зьезду?"

(Казько: ) "Поўнага разбурэньня, разброду і хістаньняў. Калі б усё, што адбываецца сёньня, адбылося пасьля вайны, калі партызаны ішлі ў літаратуру, то пісьменьнікі проста панабівалі б адзін аднаму морды. Потым выпілі б скрынку гарэлкі й памірыліся. Цяпер міру ня будзе. Саюз пісьменьнікаў амаль распаўся. Ён павінен быў распасьціся раней, але мы ўсё на нешта спадзяваліся, пісалі нейкія лісты, выступалі з артыкуламі. А час лістоў, скаргаў на сваё няшчаснае жыцьцё даўно мінуўся.

Трошкі раней яшчэ можна было паказаць зубы, пазмагацца. Калі пачалі адбіраць Дом літаратара, а Максім Лужанін, хворы, прасіў прывезьці яго ў крэсьле-каталцы да Саюзу, каб пачаць акцыю пратэсту. А не лісты пісаць, а не прасіць нечага, а не скардзіцца на жыцьцё — паказаць, што мы ёсьць. А цяпер нас разлучылі, нас амаль разьбілі. Пройдзе зусім няшмат часу і мы пачнем прадавацца новай уладзе. Гэта пачатак канца літаратуры — прыход гэтых штрэйкбрэхераў".

(Скобла: ) "Ніл Гілевіч у знак пратэсту выйшаў з рэдкалегіі "Полымя". Ці гатовыя пісьменьнікі ў знак нязгоды з такім абыходжаньнем уладаў хоць бы ня несьці свае творы гэтым штрэйкбрэхерам?"

(Казько: ) "Я думаю, маё пакаленьне ўжо можа дазволіць сабе пісаць у стол. Мне шкада маладых — дзе ім падзецца. Людзі, якія прыйшлі кіраваць часопісамі — здраднікі. Я іх разумею — ідзе час, жыцьцё праходзіць, а як літаратара — цябе няма. І што тады застаецца? Лізнуць уладам адное месца, прыслужыць, дзе скажуць. А вакуум літаратурны яны знойдуць чым запоўніць. Я недзе чытаў, што калі заканчваецца культура, жыцьцё народаў страчвае сэнс. Такая страта нас чакае са сконам тае культуры, якое мы доўгі час трымаліся".

(Скобла: ) "З прэзыдэнцкага пасланьня мы даведаліся, што нас чакае новы рэфэрэндум, на які мяркуецца вынесьці пытаньне аб пашырэньні паўнамоцтваў парлямэнту, а таксама іншыя пытаньні, пакуль невядомыя. Як вы думаеце, якія?"

(Казько: ) "Асноўным пытаньнем будзе абраньне прэзыдэнта на трэці тэрмін, як яму застацца пры ўладзе да канца жыцьця ягонага. Гэта адзінае й галоўнае — якія б там пытаньні ні стаялі, як бы яны ні былі сфармуляваныя. Зноў будзе падманны рэфэрэндум, які ўжо быў аднойчы, які мы прайшлі. Зноў пераробяць Канстытуцыю. Яму не ўдалося пралезьці ў палітыку расейскую, дык хоць губэрнатарам паўночна-заходняга краю застацца..."
XS
SM
MD
LG