Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПРАВЫ ЧАЛАВЕКА. БЕЛАРУСКІ СУД


Алег Грузьдзіловіч, Менск

(Шыдлоўскі: ) "Працэс быў падобны на нейкае шоў, бо судзьдзя павінен вызначаць нейкія факты, віну падсудных, а замест гэтага ён займаўся тым, што ўвесь час нас дакараў, спрабаваў выхоўваць, што абсалютна не ўваходзіць у абавязкі судзьдзі... Я лічу, яму проста далі загад, таму ніякага аб'ектыўнага разгляду і вызначэньня віны з улікам сацыяльнай бясьпекі не было".

Гэта ўспаміны Аляксея Шыдлоўскага, якога хіба што першым у найноўшай гісторыі Беларусі асудзілі паводле крымінальнага закону за палітычную дзейнасьць. Фармальны бок справы ў выпадку з Шыдлоўскім быў вытрыманы бездакорна. Шыдлоўскага прызналі вінаватым у хуліганстве і пашкоджаньні маёмасьці, бо ён размалёўваў апазыцыйнымі лёзунгамі сьцены дамоў. Але па сутнасьці яго асудзілі за публічна выказаную нязгоду, ды каб іншыя не бралі зь яго прыклад адкрытай апазыцыйнасьці, бо за звычайныя надпісы на плоце ў турму дагэтуль нікога не адпраўлялі.

Пройдзе ўсяго некалькі гадоў, і колькасьць тых, чыю палітычную актыўнасьць спрабавалі стрымаць крымінальным перасьледам, будзе складаць ужо дзясяткі чалавек, і гэта без уліку асуджаных паводле адміністрацыйнага закону.

Пытаньне, ці быў бы рэжым здольны з дамапогай суду распраўляцца са сваімі палітычнымі праціўнікамі пры сапраўды незалежнай судовай сыстэме, падаецца рытарычным. Беларускія і замежныя праваабаронцы лічаць, што абвешчаная ў Канстытуцыі Беларусі незалежнасьць судовай улады ёсьць толькі дэклярацыяй. У якасьці аднаго з доказаў прыводзіцца той факт, што колькасьць апраўдаўчых прысудаў у Беларусі не перавышае 0,5% ад ліку ўсіх прысудаў, а гэта вельмі нізкі паказьнік. Што ж да палітычна матываваных працэсаў, дык іх увогуле ўсе выйграе дзяржаўнае абвінавачаньне. Аднак улады і кіраўнікі судовай сыстэмы з такой высновай ня згодныя. Яны абвяргаюць падазрэньні ў ціску на судзьдзяў ды цьвердзяць, што перад законам усе роўныя.

Днямі ў Берасьці быў зафіксаваны выключны выпадак, калі абласны суд апраўдаў апазыцыянэра, які быў пакараны за ўдзел у вулічнай акцыі. Чаму адбылося гэтак, што перамог не загад, а закон? Распавядае наш берасьцейскі карэспандэнт Алег Супрунюк:

(Супрунюк: ) "Уладзiмер Вялiчкiн, кiраўнiк берасьцейскай фiлii праваабарончага цэнтру "Вясна", ня лiчыць адмену абласным судом вынесенага яму раней пакараньня справай заканамернай. Спадар Вялічкін зьвязвае гэта з тым, што за апошні час Вярхоўны суд Беларусі скасаваў рашэньні судоў ніжэйшага ўзроўню ў дачыненьні да дзьвюх удзельнікаў акцыі "Ланцуг неабыякавых людзей". Але гэта ня сьведчыць, што на мясцовым узроўні суды пачалі працаваць па-іншаму”.

Гаворыць спадар Вялічкін:

(Вялічкін: ) "Я не лiчу, што нешта зьмянiлася. Проста гэтыя справы — адмiнiстратыўныя i палiтычныя — траплялi да розных судзьдзяў. Але, у рэшце рэшт, вызначылася толькi адна асоба. Ня ведаю, цi гэта толькi выпадак, ці гэтая асоба валодае найгоршымi маральнымi якасьцямi. Гэта судьдзя Мiранюк, якi зараз адзiн займаецца гэтымi справамi i, як правiла, ён нiкога не апраўдвае. Прысуды — ня толькi "палiтычным", але ўсiм, хто да яго трапляе, — вельмi жорсткiя".

Ўладзімер Вялічкін згадаў Вярхоўны суд, які спрычыніўся да перагляду справаў апазыцыянэраў. Два гады таму экс-прэм’ер Міхаіл Чыгір таксама апэляваў да Вярхоўнага суду і дамогся адмены ранейшага рашэньня, паводле якога яго абвесьцілі злодзеем. Але цяпер справа адноўленая, і Чыгір чакае новага працэсу, фактычна, з ранейшымі абвінавачаньнямі. Ён лічыць, што новы працэс арганізаваны, каб апраўдаць тыя 8 месяцаў, якія ён правёў у 1999 годзе у сьледчым ізалятары. Перамены ў паводзінах судзьдзяў, якія экс-прэм’ер назірае цягам трох гадоў, ён тлумачыць наступным чынам:

(Чыгір: ) "Цягам часу судзьдзі становяцца ўсё больш залежнымі ад ўладаў. Калі да выбараў у некаторых не было ўпэўненасьці, што Лукашэнка застанецца пры ўладзе, то цяпер судзьдзя разважае інакш. Ён мяркуе, што паколькі Лукашэнка застаецца, то і яму няма чаго сумнявацца ў сваіх несправядлівых прысудах, і выносіць гэтыя прысуды. А асноўнае — усё залежыць ад чалавека, які вядзе судовы працэс. Калі ў яго захавалася сумленьне, то ён можа гэтым сумленьнем карыстацца, калі нічога не засталося, ён выконвае загад, і ня больш за тое. Хаця мне незразумелая такая пазыцыя, бо гэтыя працэсы ўсё роўна будуць пераглядацца. Ня зараз, але будуць пераглядацца".

У наступным выпуску "Каляндара "Свабоды" былы прэм’ер распачне нашую чарговую гутарку аб правох чалавека ў Беларусі — мы абмяркуем эфэктыўнасьць юрыдычнай дапамогі. А гэты выпуск я скончу навіной зь Нямеччыны, ад сям’і зьніклага экс-міністра ўнутраных справаў Юрыя Захаранкі. Сям’я Захаранкаў вырашыла праз суд дамагацца прызнаньня генэрала Захаранкі памерлым. 7 траўня будзе тры гады, як ён зьнік, і закон дазваляе прыняць такое вызначэньне. Паведамляецца, што гэта трэба для вырашэньня праблемаў маёмаснага характару.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG