Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НАВІНЫ ЛІТАРАТУРЫ


Віталь Цыганкоў, Прага

Кніга зьявіцца ў продажы вясной будучага году. Пры гэтым падкрэсьліваецца, што размова ідзе не пра літаратурную адаптацыю сцэнара, а пра самастойны раман на той самы сюжэт – забойства жаніха ў дзень вясельля і помста нявесты-ўдавы. Сцэнар “Крымінальнай чытанкі”, самага вядомага фільму Тарантыны, выдавалі асобнай кнігай, якая разышлася рэкордным для кінасцэнароў накладам 150 тысяч асобнікаў.


* * *
Ляўрэат Нобэлеўскай прэміі кітайскі пісьменьнік Гао Сіньцзянь, які жыве ў выгнаньні ў Парыжы, напісаў сваю першую п’есу. П’еса “Сьнег у жніўні” ўпершыню будзе пастаўленая ў сьнежні ў сталіцы Тайваня Тайбэі. “Мы спрабуем знайсьці шлях злучыць Захад і Усход”, – гаворыць пісьменьнік. У п’есе тайваньскія сьпевакі традыцыйнай пэкінскай опэры будуць выступаць пад заходнюю аркестравую музыку. У 1987 годзе Гао пакінуў Кітай і праз два гады прыняў францускае грамадзянства на знак пратэсту супраць здушэньня дэмакратычных выступаў на плошчы Цяньаньмынь. Многія ягоныя кнігі забароненыя ў Кітаі.


* * *
Пры канцы гэтага месяца ў Даніі выходзіць кніга Ларса Функа Хансэна і Хелен Краг “Паўночны Каўказ. Народ і палітыка ў эўрапейскім памежжы”. Хелен Краг зьяўляецца дырэктарам Цэнтру вывучэньня мяншыняў Капэнгагэнскага ўнівэрсытэту, другі аўтар Ларс Функ – каардынатар Дацкай Рады ў справах уцекачоў. Аўтары пачалі дасьледаваць Каўказ яшчэ за савецкім часам. У кнізе нарысаў паказаныя 47 народаў, якія жывуць у рэгіёне, а таксама 15 адміністрацыйна-тэрытарыяльных утварэньняў, у якіх жывуць гэтыя народы. Аўтары зьвяртаюць увагу на ўнутраную герархію ў каўкаскіх супольнасьцях і на міжэтнічныя сувязі.


* * *
Гішпанская асацыяцыя літаратурных крытыкаў прызнала сёлета найлепшым паэтам на басконскай мове Хасэба Сарыёнаіндыя. Калі гэтае паведамленьне зьявілася ў прэсе, высьветлілася, што ўзнагароджаны зьяўляецца актывістам тэрарыстычнай арганізацыі “ЕТА”. У 1985 годзе ён уцёк з турмы Мартутэне ў Сан-Сэбасьцяне і з тае пары знаходзіцца ў росшуку – таму й не прыехаў на цырымонію ўзнагароджаньня. Паэт-тэрарыст цяпер хаваецца за мяжой, аднак рэгулярна публікуе на радзіме свае творы, якія выдаўцы ахвотна бяруць. У адказ на абвінавачаньні прадстаўнік Гішпанскай асацыяцыі літаратурных крытыкаў заявіў, што журы ацэньвае толькі якасьць літаратурнай працы і “не глядзіць на палітычную альбо ідэалягічную пазыцыю пісьменьніка”.


* * *
У Гары Потэра зьявіўся чарговы зацяты вораг – праваслаўная царква. Айцец Міхаіл Першын, што ўзначальвае дэпартамэнт працы з моладзьдзю, падлічыў, колькі разоў у першым томе згадваліся злыя духі. “Такія словы як “чарадзей” і “чараўнік” паўтараліся тысячы разоў, па тры-чатыры разы на старонцы”, – кажа Першын. Праваслаўная царква бачыць у гэтым несумленнае суперніцтва. Айцец публічна ўхваліў акцыі супраць выхаду кнігаў і фільма пра Гары Потэра, якія адбываліся ў ЗША. “Калі нехта спаліць кнігу пра Гары Потэра, я яго зразумею – чалавек павінен абараняцца”, – кажа праваслаўны сьвятар.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG